17 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Гомелі азнаёміўся з работай 1868-й артылерыйскай базы ўзбраення, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На тэрыторыі ваеннага аб'екта захоўваюцца і рамантуюцца розныя віды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб прызначэнні артылерыйскай базы і яе структуры.
Начальнік базы Яўген Маслюкоў расказаў, што база ўзбраення сфарміравана ў 1941 годзе і прайшла па дарогах Другой сусветнай вайны. З 1945 года дыслацыруецца ў Гомелі. На яе тэрыторыі ёсць зона захоўвання стралковай зброі, цэхі па рамонце ўзбраення і тэхнікі, пляцоўкі адкрытага захоўвання ўзбраення. "База прызначана для рамонту і тэхабслугоўвання ракетна-артылерыйскага ўзбраення, утрымання яго запасаў, забеспячэння Узброеных Сіл і тэрытарыяльных войскаў", - далажыў ён.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ўсё стралковае ўзбраенне адрамантавана, захоўваецца належным чынам і гатова да бою.
"Так точна", - адказаў Яўген Маслюкоў.
Як далажыў Прэзідэнту міністр абароны Віктар Хрэнін, ва Узброеных Сілах уся стралковая зброя, якая захоўваецца на складах, інвентарызавана належным чынам і знаходзіцца ў поўным парадку.
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з умовамі захоўвання. "Гэта вялікая справа. Малайцы! Так павінна быць, - ацаніў ён убачанае. - Калі вы гэта зрабілі, проста малайцы, што перабралі па-гаспадарску".
Напрыклад, Аляксандру Лукашэнку ў ліку іншай зброі прадэманстравалі аўтамат. Ён пацікавіўся, новы ён ці ўжо выкарыстоўваўся і адноўлены. Начальнік базы адказаў, што ў дадзеным выпадку складана меркаваць выключна па знешнім выглядзе, паколькі на базе выкарыстаныя аўтаматы прыводзяць у стан новых, і візуальна адрозніць іх немагчыма.
Потым кіраўнік дзяржавы агледзеў цэх па рамонце артылерыйскага ўзбраення. Тут, напрыклад, прыводзяць у парадак самаходныя гаўбіцы "Гваздзік", "Акацыя", гармату "Гіяцынт" або аўтаматычны мінамёт "Васілёк".
"Трэба займацца жалезабетонна імпартазамяшчэннем. Вельмі дарагая штука - гэта закупляць. Напружвайце прамысловасць!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Далей на прэзідэнцкім маршруце былі цэхі, дзе займаюцца рамонтам ваеннай оптыкі і стралковай зброі.-0-