Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
26.10.2023

Вальфовіч: ДТСААФ вырашае дзяржаўна значныя задачы

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ДТСААФ на працягу многіх гадоў вырашае дзяржаўна значныя задачы, адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь, звяртаючыся да ўдзельнікаў XVI з'езда Добраахвотнага таварыства і акцэнтуючы ўвагу на асноўных відах дзейнасці арганізацыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"ДТСААФ сёння ёсць чым ганарыцца, і за гэтым стаіць праца вашых калектываў. У таварыстве нямала людзей, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі абароне Айчыны, і ў мірнай суверэннай Беларусі вы робіце ўсё магчымае, каб мір быў непарушны, а наша краіна была такая прыгожая, як яна сёння ёсць. Сёння вы працуеце на іншай ніве, удасканальваючы і развіваючы аб'яднанне", - адзначыў Аляксандр Вальфовіч.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што нават у эканамічна няпросты час ДТСААФ не толькі не страціў свой патэнцыял, а захаваў станоўчую дынаміку развіцця і змог павялічыць колькасць - больш як на 21 тыс. чалавек. Вырасла колькасць пярвічак таварыства, а гэта значыць, што ў яго радах яшчэ больш юнакоў і дзяўчат будуць выхаваны сапраўднымі патрыётамі краіны.

"Нямала зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый ДТСААФ. Так, уведзены ў строй Рэспубліканскі спартыўна-тэхнічны цэнтр у вёсцы Прылессе Мінскага раёна, які з'яўляецца лепшым і самым вялікім у Еўропе, пачата будаўніцтва новага стадыёна для тэхнічных відаў спорту ў Слуцку, пасля капрамонту з мадэрнізацый адкрыты мотабольныя стадыёны ў Лунінцы і Пінску, завершана будаўніцтва вучэбна-спартыўнай базы Брэсцкага гарадскога аэраклуба. Таксама зроблены істотны крок па аснашчэнні арганізацый новай тэхнікай: набыта звыш 600 транспартных сродкаў, праведзены комплекс работ па паэтапным абнаўленні авіяцыйнай тэхнікі, праведзены капрамонт 25 паветраных суднаў", - адзначыў Аляксандр Вальфовіч.

Не менш важным напрамкам работы ДТСААФ, на якім акцэнтаваў увагу Аляксандр Вальфовіч, - гэта работа з прызыўной моладдзю. Для сілавых ведамстваў краіны ў радах ДТСААФ падрыхтавана больш за 15,5 тыс. чалавек, для Узброеных Сіл і ваенных арганізацый дзяржавы - 13,5 тыс. чалавек.

"У вучэбных падраздзяленнях ДТСААФ пашыраны катэгорыі навучэнцаў па спецыяльнасцях. Зусім новым напрамкам дзейнасці стала лётная падрыхтоўка курсантаў грамадзянскай авіяцыі, якая пачалася ў 2023 годзе на базе Мінскага аэраклуба. ДТСААФ мае дастатковую базу і авіяцыйную тэхніку, якая дазваляе праводзіць падрыхтоўку лётнага складу не толькі нашай краіны, але і іншых дзяржаў", - расказаў дзяржсакратар.

Ён таксама адзначыў высокія дасягненні членаў ДТСААФ на спартыўных стартах, дзе яны за пяць апошніх гадоў заваявалі больш за 700 медалёў, у тым ліку 400 залатых.

"У больш як 1,5 тыс. спартыўных секцый займаюцца звыш 30 тыс. чалавек. І нават пры адмове краін Захаду ў допуску беларускіх каманд да ўдзелу ў спаборніцтвах прыняты меры па недапушчэнні зніжэння спартыўнай формы спартсменаў праз узаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй", - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Яшчэ адзін важны напрамак работы ДТСААФ - патрыятычнае выхаванне моладзі.

"Штогод таварыства праводзіла больш за 2 тыс. мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, у якіх прынялі ўдзел звыш 200 тыс. чалавек", - адзначыў Аляксандр Вальфовіч.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі звярнуў увагу на тое, што пры планаванні работы на наступны пяцігадовы перыяд акцэнт трэба зрабіць на пошуку новых форм і спосабаў дзейнасці для пашырэння ўплыву ДТСААФ сярод моладзі, у тым ліку пашырэнні магчымасцей выкарыстання глабальнай сеткі, фарміраванні рэзерву кадраў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы для павелічэння колькасці дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца ў гуртках і секцыях ДТСААФ.

Улічваючы асаблівыя заслугі таварыства ў падрыхтоўцы насельніцтва да абароны рэспублікі, развіцці ў краіне авіяцыйных, ваенна-прыкладных і тэхнічных відаў спорту, а таксама за важкі ўклад у вырашэнне дзяржаўна значных і грамадскіх задач указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 2023 года нумар 317 старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ Беларусі генерал-маёр Іван Дырман узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы.