Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.01.2023

Вальфовіч на сустрэчы з сувораўцамі: неабходна заўсёды заставацца патрыётам сваёй краіны

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч наведаў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Азнаёміўшыся з вучэбна-матэрыяльнай базай Мінскага СВВ, арганізацыяй вучэбнага працэсу, Аляксандр Вальфовіч выступіў перад выхаванцамі вучылішча. Ён удзяліў асаблівую ўвагу неабходнасці захавання гістарычнай памяці, фарміраванню аб'ектыўнага стаўлення грамадства да свайго мінулага, умацаванню адзінства беларускага народа.

"Цалкам заканамерна, што аб'яўлены Прэзідэнтам Беларусі Год міру і стварэння надышоў за Годам гістарычнай памяці, які прайшоў пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа. Паколькі без ведання мінулага немагчыма паспяховая будучыня, - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. - Сёння вельмі важна, каб гістарычная памяць назаўсёды засталася ў нашых душах і сэрцах".

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі перасцярог аб небяспецы скажэння і фальсіфікацыі гісторыі, якія цяпер набываюць выключнае значэнне ў сферы інфармацыйна-псіхалагічнага знешняга ўздзеяння на беларускае грамадства, і асабліва моладзь. Часта мы маем справу з адкрытай хлуснёй і фэйкамі. Таму навелы адносна абароны гістарычнай памяці, традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа ўключаны ў абноўленую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

"Недапушчальна каму б там ні было маніпуляваць нашай свядомасцю, неабходна заўсёды заставацца патрыётам сваёй краіны, - заявіў Аляксандр Вальфовіч. - Але патрыятызму нельга навучыць. Можна толькі паказаць прыклад сваёй шчырай любоўю да роднай зямлі, беражлівым стаўленнем да гістарычнай спадчыны, павагай традыцый і каштоўнасцей многіх пакаленняў беларусаў, канкрэтнымі справамі на карысць краіны".

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі выказаў упэўненасць, што сярод сувораўцаў падрастаюць разумныя, моцныя і смелыя людзі, якія стануць надзейнымі абаронцамі сваёй Айчыны.

"Беларусь - краіна вашай будучыні. Забяспечанай, бяспечнай, камфортнай будучыні для ўсіх і для кожнага. І запомніце: мы яе павінны берагчы і нікому не аддаваць. І ўсё гэта ў нашых сілах", - адзначыў Аляксандр Вальфовіч.