Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.12.2023

"Важна стварыць адчуванне цуду і казкі". Петрышэнка аб навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці"

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка расказаў журналістам аб мерапрыемствах навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

14 снежня ва ўрадзе прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да акцыі, якая стартуе ўжо заўтра, 15 снежня. "Акцыя "Нашы дзеці" ўжо больш за 25 гадоў ідзе ў нашай краіне па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кожны год мы стараемся, каб яна ахапіла максімальную колькасць дзяцей. Каб яны адчулі цуд, казку, а дарослыя абавязкова рэалізавалі іх запаветныя мары, пра якія дзеці пішуць у пасланнях Дзеду Марозу. У гэтым годзе мы абнаўляем фармат: урачысты старт акцыі дадзім у рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы - гэта наш нацыянальны брэнд. Да акцыі падключацца ўсе рэгіёны, і яна пойдзе крочыць па краіне з 15 снежня да 15 студзеня", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, сёння ў час пасяджэння абмяркоўваліся пытанні дастаўкі дзяцей, іх бяспечнага знаходжання на мерапрыемствах, харчавання, напаўнення праграм мерапрыемстваў. "У час акцыі "Нашы дзеці" пройдзе навагодні баль у Палацы Незалежнасці. Ён праводзіцца ўжо больш за пяць гадоў. Ёсць пэўныя бальныя традыцыі нашай краіны, якія мы далей развіваем, удасканальваем. Думаю, тыя юнакі і дзяўчаты, якія трапяць на гэты баль, а гэта самыя дастойныя ў нашай краіне - студэнты, навучэнцы каледжаў і старшых класаў школ, - цяпер актыўна рыхтуюцца, каб прадэманстраваць свае магчымасці і таленты. Уражанні, якія яны атрымаюць ад гэтага мерапрыемства, застануцца ў памяці на ўсё жыццё", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Акрамя таго, у Палацы Незалежнасці запланаваны мерапрыемствы для дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў. "Яны адбудуцца ў палацы, які сімвалізуе незалежнасць нашай краіны. Гэта таксама ініцыятыва Прэзідэнта, каб дзеці маглі дакрануцца да цуду ў асноўным будынку Беларусі", - звярнуў увагу Ігар Петрышэнка.

Традыцыйна галоўная ёлка краіны пройдзе ў Палацы Рэспублікі. "Там таксама плануецца вельмі цікавае дзейства. Нашы артысты падрыхтавалі вельмі цікавую праграму, не хачу раскрываць усе падрабязнасці. Скажу толькі, што будзе жывы гук, жывая музыка і жывая ігра артыстаў. Запросім на паказ не толькі дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Чакаем гасцей з суседніх краін - Латвіі, Літвы, Расіі", - дадаў віцэ-прэм'ер.

Таксама ён згадаў аб акцыі "Ад усёй душы", якая стартуе пазней. "Моладзь будзе віншаваць нашых паважаных людзей пажылога ўзросту, ветэранаў. Мы павінны дайсці да кожнага чалавека, каб уручыць падарунак, дапамагчы падрыхтаваць святочны стол, падарыць часцінку творчасці і натхнення. Пажылыя людзі вельмі пазітыўна ўспрынялі гэту ініцыятыву. Сувязь пакаленняў - ключавы элемент для далейшага развіцця нашай краіны. Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання разам з моладдзю падрыхтуем да святочных мерапрыемстваў. Вядома, будзем віншаваць са святам адзінока пражываючых людзей, інвалідаў, тых, хто дасягнуў 100-гадовага юбілею", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.