Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.12.2022

Хто стане дэлегатам УНС і якія пытанні будзе вырашаць сход. Дэпутат падрабязна расказала пра законапраект

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая пасля нарады ў Прэзідэнта па пытаннях прывядзення асобных законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй падрабязна расказала журналістам аб падрыхтоўцы законапраекта аб УНС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Орган грамадскай згоды з выключнымі паўнамоцтвамі

Дэпутат нагадала, што законапраект аб УНС прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне: "Вопыт правядзення грамадскіх абмеркаванняў на сённяшні дзень дае даволі важную глебу для роздумаў, паступала вельмі цікавая інфармацыя. Частка прапаноў відавочна выходзіла за межы Канстытуцыі або супярэчыла ёй, таму яны былі адхілены. Частка прапаноў (і іх вельмі шмат) будзе рэалізавана на ўзроўні рэгламенту УНС".

Прапановы, якія былі абгрунтаваны і змяшчалі канструктыўныя ідэі, прычым канцэптуальнага характару, былі ўлічаны. У прыватнасці, гэта датычыцца асноўнай ідэі, фармату УНС. "Гэта орган, які надзелены выключнымі паўнамоцтвамі. Рашэнні, якія будзе прымаць УНС, - гэта таксама рашэнні выключнага характару. Іх не павінна быць шмат і масавых, па дробных пытаннях. Якраз абмеркаванні, якія былі ў рамках дыскусійных пляцовак і гэтак далей, зводзіліся да таго, каб правільна разумець функцыі органа і разумець, як яго фарміраваць, кім павінны быць тыя дэлегаты, якія будуць прымаць рашэнні, што ўваходзяць у кампетэнцыю УНС", - сказала Святлана Любецкая.

Яна падкрэсліла, што галоўная задача Усебеларускага народнага сходу - вызначаць стратэгічныя напрамкі сацыяльнага развіцця. "У выключных выпадках ён павінен уключыцца як страховачны механізм, як орган грамадскай згоды. Калі нейкае спрэчнае пытанне або канфлікт па той ці іншай сітуацыі, хто павінен выслухаць усіх, абмеркаваць і прапанаваць разумнае кансэнсуснае рашэнне? Сёння дзяржава прапануе інстытут у асобе УНС", - заявіла парламентарый.

Паводле яе слоў, пасля грамадскага абмеркавання праект закона быў дапоўнены удакладненнем ролі і месца УНС, а таксама яго рашэнняў.

Якая сувязь паміж дэлегатамі і канчатковымі рашэннямі УНС

Асобны блок заўваг і прапаноў датычыўся парадку фарміравання УНС. Цікава, што ідэі і падыходы былі сугучныя ў розных катэгорый грамадзян: прадстаўнікоў юрыдычнай супольнасці, прафесійнай, навуковай, маладзёжнай, у грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. "Лейтматывам служыла думка аб тым, што мы хочам бачыць у складзе УНС прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў і груп грамадства. Каб гэта былі не толькі кіраўнікі, але і настаўнікі, і рабочыя, прадстаўнікі навуковай супольнасці, рознаўзроставыя людзі. Гэты падыход улічаны, успрыняты і на ўзроўні закона замацаваны для таго, каб гэта была аксіёма", - сказала дэпутат.

Шырокаму колу грамадзян пры грамадскім абмеркаванні таксама быў не зусім зразумелы парадак работы УНС па пэўных працэдурах. Як будуць вызначацца пытанні, якія падлягаюць разгляду на сходзе, напрыклад, аб легітымнасці выбараў, аб рэферэндуме, аб змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю? Якая сувязь паміж самімі дэлегатамі і канечным органам - сходам - у вырашэнні гэтых пытанняў?

"Быў удакладнены механізм і ўказана, што асобныя пытанні будуць ініцыявацца або прэзідыумам, або самімі дэлегатамі ў колькасці не меншай за адну трэць ад агульнага сходу", - растлумачыла па гэтым пытанні Святлана Любецкая.

Дэпутат расказала пра агучаныя прапановы ўдакладніць патрабаванні да тых людзей, якія могуць стаць дэлегатамі УНС: яны павінны адпавядаць высокаму статусу, быць здольнымі прымаць рашэнні, мець дастаткова кампетэнцый, не прыцягвацца да крымінальнай адказнасці. "Гэтыя падыходы таксама ўлічаны", - адзначыла яна.

Ідэі, якія закладваюцца ў парадак фарміравання УНС, на яе думку, павінны паслужыць фарміраванню прафесійнага, адказнага складу УНС з людзей, якім выказалі давер вялікія народныя масы. "Самавылучэнне - гэта, вядома, добра. Можна сябе ацэньваць вельмі высока. Але ці адпавядае гэта суб'ектыўная ацэнка аб'ектыўнаму меркаванню - гэта пытанне", - заўважыла Святлана Любецкая.

У законапраекце прапануецца выразны механізм: вылучыць дэлегатаў на УНС павінны вялікія групы людзей. "Калі мы гаворым пра грамадзянскую супольнасць, то кандыдата павінны падтрымаць не адзін, два або тры чалавекі. Гэта вялікія грамадскія аб'яднанні, масавыя, дзе гэтыя людзі сябе паказалі, зарэкамендавалі, ёсць уяўленне аб іх прафесійных, чалавечых якасцях, аб здольнасці прымаць рашэнні", - растлумачыла парламентарый.

Калі гаварыць пра дэпутатаў, якія будуць дэлегатамі УНС, то яны таксама праходзяць грамадскую ацэнку выбаршчыкаў у перыяд выбараў. "Будзе адзіны дзень галасавання ў 2024 годзе. І гэта вельмі знакавы перыяд, калі момант ісціны і настане", - дадала дэпутат.

Яна нагадала, што ў складзе УНС будуць прадстаўнікі розных сфер дзяржаўнага кіравання і сфер жыццядзейнасці. Гэта ў тым ліку і суддзі, і члены ўрада, якія добра ведаюць стан спраў у розных галінах і могуць даць ацэнку, наколькі магчыма рэалізаваць прапановы УНС. "Такі комплексны інстытут, які спалучае ў сабе як прафесійныя якасці, так і грамадскія падыходы і пазіцыі, у тым ліку прадстаўляе інтарэсы грамадзян на месцах, ён і прызначаны прывесці да найбольш вывераных, разумных, задавольваючых большасць людзей рашэнняў", - падкрэсліла парламентарый.

Інакш кажучы, у склад УНС увойдуць прадстаўнікі па пасадзе, дэпутаты ад мясцовых Саветаў і Палаты прадстаўнікоў, ад грамадзянскай супольнасці. Такі механізм, паводле слоў Святланы Любецкай, падтрыманы і застаўся без змяненняў. "Што датычыцца дэталей - якім чынам будзе праходзіць вылучэнне на ўзроўні мясцовых Саветаў, то гэтыя пытанні будуць вырашаны ў ходзе саміх кампаній па вылучэнні дэлегатаў. Каардынаваць гэту работу будуць абласныя Саветы дэпутатаў. Мінскі гарсавет будзе прысутнічаць у поўным складзе, - растлумачыла яна. - Вышэйшыя органы суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ў выглядзе з'ездаў, напрыклад, будуць вызначаць тых людзей, каго яны жадаюць уключыць ва УНС. Гэта значыць гэтыя кандыдаты ў дэлегаты будуць абмяркоўвацца і ацэньвацца самім з'ездам той ці іншай грамадскай арганізацыі".

Што датычыцца працэдуры фарміравання рабочых органаў УНС, выбрання прэзідыума, старшыні, сакратарыята, то тут людзі звярталі ўвагу на неабходнасць выключыць суб'ектыўныя, ведамасныя падыходы. "Гэтыя працэдуры дэталёва прапісаны ў законе", - сказала дэпутат.

Паводле яе слоў, тыя пытанні, якія не знайшлі адлюстраванне ў законапраекце, будуць прапісаны ў рэгламенце работы УНС.

Калі будзе прыняты законапраект аб УНС

"Дапрацоўка законапраекта да гэтага часу з улікам канцэптуальных ідэй, падыходаў, палажэнняў, праведзена. Законапраект падрыхтаваны да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў і далей ён таксама будзе праходзіць прапрацоўку і падрыхтоўку да першага і другога чытання, што ўстаноўлена нашым заканадаўствам адносна нарматворчасці", - праінфармавала дэпутат.

Паводле яе слоў, дакумент у бліжэйшы час унясуць на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, хоць канчатковы тэрмін для гэтага, абазначаны ў час канстытуцыйнай рэформы, - да сакавіка 2023 года. "Але зразумела, што мы будзем старацца максімальна ў бліжэйшы час падрыхтаваць яго, унесці і працаваць з ім далей", - сказала Святлана Любецкая.