Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.11.2021

"З намі цяжарныя і дзеці, а вады і ежы няма": аб чым гавораць бежанцы на граніцы

8 лістапада, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Канчатковай мэтай для мігрантаў, якія аказаліся цяпер каля беларуска-польскай граніцы, застаецца Германія, а не Польшча. У многіх з іх няма ежы і вады. Аб гэтым яны расказалі карэспандэнту БЕЛТА.

Сёння раніцай вялікая група мігрантаў была заўважана непадалёку ад пункта пропуску "Брузгі". Рухаліся яны ў бок беларуска-польскай граніцы.

Адзін з маладых людзей расказаў, што ў групе каля 1,5 тыс. чалавек. "Усе мы практычна курды", - падкрэсліў ён. Канчатковая мэта маршруту для многіх - Германія.

"З намі дзеці, цяжарныя жанчыны, некаторыя на восьмым-дзявятым месяцы, няма вады, ежы, цёплых рэчаў. Але нас не прапускаюць праз польскую граніцу", - расказалі яны. Некаторыя рабілі па некалькі спроб, але іх вярталі назад польскія ваенныя.

У некаторых сем'ях - ад некалькіх чалавек да некалькіх дзясяткаў членаў. Напрыклад, у адной, паводле слоў мужчыны, - 50 чалавек, у тым ліку дзеці і старыя.

"Пакажыце нас у Германіі, у Францыі, раскажыце пра нас у Еўропе", - просяць мігранты на граніцы.

Як раней паведамлялася са спасылкай на ДПК, шматлікая група бежанцаў з рэчамі ішла ўздоўж трасы да граніцы з Польшчай. "Пагранічная варта Польшчы неаднаразова рапартавала аб тым, як тысячамі выцясняе мігрантаў да граніцы з Беларуссю. На такі крок адчаю бежанцаў прымусіла абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх улад", - расказалі ў ведамстве. Беларускі бок прыняў усе неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага функцыянавання каналаў міжнародных зносін, а таксама бяспекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі.-0-