Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
19.05.2023

За працу, талент і адданасць справе. Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка 18 мая ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы дзякуем вам за працу, талент і адданасць сваёй справе. На гэтай цырымоніі прысутнічаюць самыя лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў нашай краіны. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды ўручаны тым, хто з гонарам рэалізуе значныя інвестыцыйныя праекты, рухаецца наперад і сваёй стараннасцю і працай уносіць значны ўклад у развіццё нашай краіны", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён адзначыў, што ў зале - прадстаўнікі самых розных прафесій. "Ваш працоўны подзвіг прыпаў на асаблівы час - час націску на нашу краіну санкцый, абмежаванняў, іншых рэстрыкцый. Менавіта ў такі няпросты час найбольш рэльефна праяўляецца ўклад кожнага канкрэтнага чалавека ў агульную справу. І няма ніякіх сумненняў у тым, што з такімі людзьмі паспяхова пераадолеем усе выклікі. Залогам развіцця Беларусі з'яўляецца адданасць той справе, якую кожны з нас выбраў у жыцці", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

"Сёння адзначаем сур'ёзны ўклад у развіццё краіны работнікаў прамысловай сферы. Дзякуючы вам паспяхова вырашаюцца пытанні тэхналагічнага суверэнітэту, рэалізацыі задач імпартанезалежнасці. Не магу не сказаць, што ўвесь мінулы год уся галіна дэманстравала высокія рэзультаты і ўпэўненыя тэмпы росту. У 2022 годзе прамысловасць спрацавала з тэмпам росту 123,5 працэнта да 2021 года. Дадатную дынаміку развіцця мы фіксуем і ў бягучым годзе: за першы квартал тэмп росту - 125 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Нягледзячы на няпростыя ўмовы, наша прамысловасць знаходзіцца на траекторыі ўпэўненага і дынамічнага росту. У гэтым заслуга працоўных калектываў", - звярнуў увагу кіраўнік урада.

За значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны медалём Францыска Скарыны адзначаецца праца работнікаў культуры і адукацыі. "Ваша дзейнасць мае вялізнае значэнне для беларускага грамадства. І няхай гэта ўзнагарода стане для вас стымулам для новых творчых поспехаў", - дадаў Раман Галоўчанка.

Узнагароды ўдастоены і прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. "Ад прафесіяналізму кіраўніцкіх кадраў залежыць як рэалізацыя маштабных дзяржаўных праектаў, так і штодзённых задач на месцах. Дзяржаўны служачы - гэта аблічча ўлады. Заўсёды помніце аб гэтым і з гонарам і годнасцю насіце статус дзяржаўнага служачага", - даў наказ прэм'ер-міністр.

Традыцыйна сярод узнагароджаных ёсць і работнікі сферы аховы здароўя. "Вы як ніхто іншы ведаеце сапраўдную каштоўнасць чалавечага жыцця і стаіце на варце здароўя нацыі. Сёння з гонарам можна сцвярджаць, што айчынная медыцына пакарыла самыя перадавыя рубяжы. Дзяржава і ў далейшым прадоўжыць аказваць ёй разнастайную падтрымку", - запэўніў кіраўнік урада.

"Упэўнены, што вы прадоўжыце шлях да поспеху і дасегняце яшчэ большых кар'ерных і прафесійных вышынь. Кожны з вас з'яўляецца рухаючай сілай працавітай і стабільнай Беларусі. Вядома ж, нам патрэбны новыя дасягненні, здзяйсненні, вынікі. Ваша энергія і высокае пачуццё адказнасці дапаможа нам дасягнуць гэтых значных і амбіцыйных мэт", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

Заслугі значнай колькасці работнікаў розных сфер адзначаны медалём "За працоўныя заслугі". Сярод іх - работнікі "СветлагорскХімвалакно", "АМКАДОР", Мінскага завода шасцерняў, БДУ, Беларусбанка і іншых арганізацый. Адзін з узнагароджаных - саветнік генеральнага дырэтара ААТ "АМКАДОР" - кіруючая кампанія холдынга" Мікалай Машкараў. "Гэта перш за ўсё ўзнагарода калектыву "АМКАДОРа". У мінулым годзе ў нас быў значны прырост, у бягучым годзе тэмпы таксама нядрэнныя. Ёсць праблемы з пастаўкай імпартных камплектуючых, але мы іх даволі паспяхова вырашаем, толькі за мінулы год каля сотні адзінак імпартных камплектуючых замянілі на распрацоўкі ўласнай вытворчасці. Інакш кажучы, свая сур'ёзная кампанентная база, і мы стараемся яе развіваць, каб быць фактычна незалежнымі. Гэта ўзнагарода - гэта і ацэнка нашай працы, і аванс: мы разумеем, што нам яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць", - адзначыў ён.

Сёння быў узнагароджаны і дырэктар Лунінецкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Віктар Чэрнік. "Мы забяспечваем якасць адукацыі, але пры гэтым добра разумеем, што павінны сёння займацца выхаваннем падрастаючага пакалення, павінны падрыхтаваць выпускнікоў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якая адпавядае ідэалогіі беларускай дзяржавы", - падкрэсліў ён.

Медаля Францыска Скарыны ўдастоены артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Фінберга, Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, Прэзідэнцкага аркестра, а таксама прадстаўнікі іншых калектываў.

Таксама сёння прадстаўнікам розных сфер былі ўручаны падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства і ўклад у развіццё сваіх напрамкаў. "Гэта вельмі хвалюючы момант. Гэта вялікі гонар, вялікая гордасць атрымаць такую высокую ацэнку працы - Падзяку Прэзідэнта. Вядома, гэта не можа быць заслугай аднаго чалавека, гэта заслуга ўсяго нашага калектыву. І, вядома, гэта ўзнагарода прадугледжвае неабходнасць далейшага развіцця і працы на карысць нашых людзей", - сказала загадчыца аддзялення мікрахірургіі вачэй для дарослых Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Таццяна Чакан.