Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.05.2023

Заяц: да 20 мая неабходна завяршыць сяўбу і падрыхтаваць кормаўборачную тэхніку

 2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перад аграрыямі пастаўлена задача да 20 мая бягучага года завяршыць усе работы па сяўбе і падрыхтаваць кормаўборачную тэхніку, заявіў віцэ-прэм'ер Леанід Заяц на рабочай нарадзе па сельскай гаспадарцы ў Мінаблвыканкаме, дзе разглядаўся ход веснавых палявых работ і навядзенне парадку на зямлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Леанід Заяц давёў да абласной вертыкалі даручэнні, якія даў у час нядаўняга наведвання Гродзенскай і Гомельскай абласцей Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Хацеў бы, каб усе выслухалі тое, што датычыцца кожнага. І зрабілі адпаведныя высновы. Азадачылі кадры, сваіх падначаленых, каб аператыўна, хутка можна было паўплываць на ўстараненне недахопаў", - сказаў ён.

Калі даваліся даручэнні, гаспадаркі адставалі ад графіка прыкладна на 15 працэнтаў. "Да 20 мая бягучага года неабходна завяршыць усе работы па сяўбе, інакш кажучы апошні гектар культуры павінен быць пасеяны", - падкрэсліў Леанід Заяц.

Таксама да гэтай даты трэба будзе падрыхтаваць кормаўборачную тэхніку, каб усе райны, усе вобласці своечасова пачалі нарыхтоўку кармоў.

Яшчэ адзін важны напрамак - "рамонт" палёў з азімымі. "Улічваючы, што зіма была своеасаблівая ў бягучым годзе, мае месца вымачка на азімых збожжавых культурах, рапсе. Як толькі падсохне, трэба акуратна, каб не траўміраваць пасевы, "заехаць" у поле і прывесці яго ў парадак", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Акрамя таго, увагу трэба ўдзяліць пытанням устаранення стыхійных дарог на палях. "З парушальнікаў трэба спагнаць належным чынам і больш такога не дапускаць", - сказаў Леанід Заяц.

Як паведамілі ў прэс-службе Мінаблвыканкама, удзел у нарадзе пад старшынствам губернатара Аляксандра Турчына таксама прынялі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, прадстаўнікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, кіраўнікі раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў.