Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.12.2022

Заяц: падораная дзецям увага адгукнецца ў будучым

28 снежня, Ліда /Кар. БЕЛТА/. Сустрэчы з юным пакаленнем важныя для таго, каб наша грамадства было маналітным, і ўвага, падораная дзецям, адгукнецца ў будучым. Аб гэтым пасля наведвання Лідскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў рамках акцыі "Нашы дзеці" сказаў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нашы дзеці павінны быць ахутаны клопатам і ўвагай з боку дарослых. Менавіта клопату аб сем'ях, аб дзецях у нашай краіне надаецца вялікае значэнне. Прэзідэнт нашай краіны трымае гэта пытанне на кантролі. І вельмі правільна, што напярэдадні Новага года прыязджаюць члены ўрада, арганізацыі віншаваць дзяцей. Няма розніцы, чые дзеці. Трэба з юным пакаленнем размаўляць, трэба, каб наша грамадства было маналітным і жыло ў адзінстве. Паколькі ў гэтым наша сіла", - сказаў Леанід Заяц.

Намеснік прэм'ер-міністра дадаў: "Толькі разам мы можам процістаяць выклікам сённяшняга часу, у тым ліку і знешнім. Тое, што мы дорым увагу нашым дзецям, адгукнецца ў будучым. Гэта пераемнасць будзе жыць вякамі. Таму што мы самі перадаём гэтыя добрыя традыцыі нашым дзецям".

"У Беларусі даўно з'явілася цудоўная традыцыя - напярэдадні навагодніх свят прыязджаць у дзіцячыя калектывы з віншаваннямі з надыходзячымі святамі. Кожнае дзіця чакае цудаў, чараўніцтва, хоча паразмаўляць з Дзедам Марозам, Снягурачкай, пабываць каля навагодняй ёлкі, загадаць жаданні. Усе мы былі дзецьмі і з вялікім задавальненем ішлі на святочную ёлку, чакалі падарункаў, таму мы з вялікім задавальненнем і жаданнем прыехалі да дзетак у Ліду, каб павіншаваць іх і ўручыць падарункі", - адзначыў Леанід Заяц.

У падарунак выхаванцы Лідскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымалі ад Савета Міністраў Беларусі сертыфікат на камплект надворнага дзіцячага абсталявання.