Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.12.2023

Зарплаты бюджэтнікаў, мінімалка, пенсіі. Касцевіч аб новаўвядзеннях 2024 года

У 2024 годзе органы па працы і сацыяльнай абароне адсвяткуюць сваё 105-годдзе з дня ўтварэння (5 студзеня). Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч расказала для БЕЛТА аб новаўвядзеннях, якія чакаюць беларусаў у юбілейны для сферы сацабароны год. Так, з наступнага года вырастуць зарплаты бюджэтнікаў, мінімалка, пенсіі, будзе новы памер сямейнага капіталу. Са студзеня новага года таксама ўступаюць у сілу новаўвядзенні Працоўнага кодэкса, з ліпеня - змяненні з уступленнем у сілу закона па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат, а таксама па так званых бальнічных.

Страхавы стаж, пенсійныя выплаты

Штогод страхавы стаж (стаж работы з выплатай страхавых узносаў у ФСАН) павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення ў 2025 годзе 20 гадоў. З 1 студзеня 2024 года ён складзе 19,5 года. Наяўнасць такога страхавога стажу абавязкова для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў. Жанчыны выходзяць на пенсію ва ўзросце 58 гадоў, мужчыны - 63 гады.

Усяго на выплату пенсій у 2024 годзе плануецца накіраваць Br22 млрд, што на 3 млрд больш, чым у 2023-м.

Мінімалка

З 1 студзеня 2024 года мінімальная зарплата ў Беларусі складзе Br626. У параўнанні са студзенем 2023 года мінімальная заработная плата павялічана на Br72, або на 13 працэнтаў.

Мінімальная заработная плата прымяняецца ў якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы ў адносінах да ўсіх работнікаў, якія заключылі працоўны дагавор.

Пры гэтым калектыўным дагаворам (пагадненнем) можа быць устаноўлены больш высокі памер месячнай мінімальнай заработнай платы.

Зарплата бюджэтнікаў

З новага года вырасце заработная плата ў бюджэтных арганізацыях. Рост зарплат будзе забяспечаны павышэннем базавай стаўкі, якая з 1 студзеня складзе Br250 (у параўнанні з 1 верасня 2023 года (Br235) - на 6,4 працэнта, з 1 студзеня 2023 года (Br228) - на 9,6 працэнта). Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты, то іх памеры з 1 студзеня таксама павялічацца.

Як і ў 2023-м, базавая стаўка ў 2024 годзе будзе павялічвацца ў некалькі этапаў.

Акрамя таго, павялічваюцца памеры галіновых стымулюючых выплат асобным катэгорыям работнікаў. На гэтыя мэты з бюджэту будзе накіравана больш за Br1,6 млрд, з іх больш за Br500 млн - гэта дадатковыя расходы ў адносінах да 2023 года.

Асноўныя змяненні Працоўнага кодэкса

З 1 студзеня 2024 года ўступаюць у сілу змяненні Працоўнага кодэкса.

Вызваленне ад работы пры дыспансерызацыі. У ПК з'яўляецца новы артыкул, які гаворыць аб вызваленні работнікаў пры дыспансерызацыі.

Як работнік будзе вызваляцца ад работы, залежыць ад яго ўзросту. Чым работнік старэйшы, тым рызыка захворванняў вышэйшая, таму людзі да 40 гадоў будуць вызваляцца ад работы раз у тры гады на адзін дзень з захаваннем сярэдняга заработку. Работнікам, якім больш за 40 гадоў, але яны не дасягнулі пенсійнага ўзросту, будзе штогод прадастаўляцца 1 дзень з захаваннем сярэдняга заработку. Работнікі-пенсіянеры будуць атрымліваць два дні штогод.

У Працоўным кодэксе работнікам прадастаўляецца права вызвалення ад работы з захаваннем сярэдняга заработку.

Пашыраны магчымасці прымянення дыстанцыйнай работы. З улікам змяненняў дыстанцыйная работа можа выконвацца: пастаянна, часова (бесперапынна на працягу пэўнага тэрміну, які не перавышае шасці месяцаў на працягу каляндарнага года), камбінавана (выконвацца пастаянна або часова з чаргаваннем на працягу рабочага часу дыстанцыйнай работы і работы па месцы знаходжання наймальніка).

Камбінаваная дыстанцыйная работа дае магчымасць работніку выконваць работу на рабочым месцы і дыстанцыйна, у тым ліку дома (напрыклад, 4 дні - у офісе, 1 дзень - дыстанцыйна альбо частка рабочага дня - у офісе, а частка - дыстанцыйна).

Умова аб выкананні камбінаванай дыстанцыйнай работы можа ўстанаўлівацца па дамоўленасці паміж наймальнікам і работнікам як пры прыёме на работу, так і ў далейшым.

Калі дыстанцыйная работа ўстанаўліваецца работніку на пастаяннай аснове (у тым ліку і камбінаваная яе форма), такая ўмова абавязкова павінна быць адлюстравана ў працоўным дагаворы.

Альтэрнатыва дадатковаму выхадному ў тыдзень - скарачэнне работы (змены) на адну гадзіну. Устанаўліваецца альтэрнатыва прадастаўлення дадатковага аплатнага свабоднага ад работы дня ў тыдзень, які прадугледжаны аднаму з бацькоў, апекуну (папячыцелю), якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў або траіх і больш дзяцей ва ўзросце да шаснаццаці гадоў.

Па ўзгадненні з наймальнікам, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі, замест свабоднага дня ў тыдзень можна скарыстацца штодзённым скарачэннем работы (змены) на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.

Электронная форма ўзаемадзеяння наймальніка і работніка. З новага года наймальнікі змогуць ажыццяўляць прававыя дзеянні ў адносінах да работнікаў (азнаямленне з дакументамі, накіраванне паведамленняў, атрыманне згоды ад работніка і іншае) не толькі ў пісьмовай форме, але і ў электронным выглядзе.

Новаўвядзенні па бальнічных

З 1 ліпеня 2024 года ўступіць у сілу новы парадак адносна дапамогі па непрацаздольнасці і цяжарнасці і родах, або прасцей - бальнічных.

Мінімальны памер бальнічных будзе разлічвацца з памеру мінімальнай заработнай платы. У дзеючым парадку разліку - 50 працэнтаў БПМ у сярэднім на душу насельніцтва.

Таксама для грамадзян, якія маюць стаж работы з выплатай узносаў у бюджэт фонду 10 гадоў і больш, бальнічны з першага дня хваробы будзе аплачвацца ў памеры 100 працэнтаў страчанага заработку.

Для грамадзян са стажам меншым за 10 гадоў бальнічны з першага дня хваробы будзе аплачвацца ў памеры 80 працэнтаў страчанага заработку.

Дадаткова з 1 студзеня 2024 года будзе магчымасць у перыяд правядзення кантрольных мерапрыемстваў даафармлення ва ўстановах аховы здароўя лісткоў непрацаздольнасці, аформленых у парушэнне патрабаванняў заканадаўства.

Сямейны капітал

На выплату сямейнага капіталу ў наступным годзе плануецца накіраваць больш за Br380 млн, а ў 2023 годзе гэта сума арыенціровачна складзе Br350 млн.

Памер сямейнага капіталу падлягае штогадовай індэксацыі з нарастаючым падрахункам на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год. Новы памер сямейнага капіталу, які дзейнічае з 1 студзеня 2024 года, будзе размешчаны на афіцыйным сайце Мінпрацы і сацабароны да 31 студзеня 2024 года.

У Беларусі налічваецца ўжо больш за 123,6 тыс. шматдзетных сем'яў.

Дзіцячыя дапамогі

У 2024 годзе на выплату дапамог па мацярынстве і сямейных дапамог плануецца накіраваць Br3,4 млрд, з іх Br1,8 млрд - на выплату дапамог па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.

Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў пераразлічваецца два разы ў год (з 1 лютага і 1 жніўня) у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне.

Штоквартальна (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) падлягаюць пераразліку і дапамогі, якія вылічваюцца ад бюджэту пражытачнага мінімуму: аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзяцей (10 БПМ і 14 БПМ); аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці (100 працэнтаў БПМ); дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (50 працэнтаў БПМ); дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў (70 працэнтаў БПМ і 50 працэнтаў БПМ); дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (100 працэнтаў БПМ, 120 працэнтаў БПМ) і інш.

У студзені 2024 года аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складзе амаль Br3,7 тыс., другога і наступных - больш за Br5,1 тыс.

Дапамогі выплачваюцца на 380 тыс. дзяцей, або кожнае чацвёртае дзіця краіны.

Матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі

З 2022 года штогод выплачваецца матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. У 2024 годзе на гэтыя мэты запланавана каля Br9 млн.

Сацыяльнае абслугоўванне

Кіраўнік дзяржавы 13 снежня падпісаў закон "Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат".

Закон "Аб сацыяльным абслугоўванні" выкладзены ў новай рэдакцыі. Акрамя таго, уносяцца змяненні ў 11 заканадаўчых актаў. У цэлым закон уступае ў сілу з 1 ліпеня 2024 года, за выключэннем асобных норм, якія ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Сярод навацый - увядзенне адраснага падыходу для вызначэння аптымальнага набору сацпаслуг, сістэмы доўгачасовага догляду, замена дамоў-інтэрнатаў на сацыяльныя пансіянаты, ліцэнзаванне для прыватнікаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі з пражываннем пажылым і інвалідам.

Змяненні ў парадку выплаты пенсій і іншых сацыяльных выплат

З улікам пашырэння выкарыстання ў штодзённых разліках банкаўскіх картак у Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах пенсіі, дапамогі і іншыя сацыяльныя выплаты большасці грамадзян будуць выплачвацца праз банкі. Калі гаварыць аб выплаце пенсій, то новаўвядзенне закране "маладых" гарадскіх пенсіянераў да 70 гадоў.

Права па жаданні атрымліваць пенсію праз пошту або банк па-ранейшаму захаваецца для людзей старэйшых за 70 гадоў, інвалідаў I і II групы. Такое ж права выбару застаецца і па дзіцячых дапамогах у інвалідаў I і II групы, у сем'яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.

Акрамя таго, змяненні не закранаюць грамадзян, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Па-ранейшаму можна атрымліваць пенсію, дапамогу праз пошту або банк - на выбар атрымальніка.

Сродкі сацыяльнай рэабілітацыі

У новым годзе на забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі будзе накіравана каля Br47 млн. Такія сродкі штогод атрымліваюць каля 60 тыс. чалавек.

Даступнае асяроддзе

Колькасць даступных аб'ектаў для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб у наступным годзе плануецца павялічыць на 1,6 тыс. аб'ектаў. Такім чынам, у 2024 годзе даступнымі стануць каля 29 тыс. аб'ектаў.

У 2024 годзе прадоўжыцца работа па стварэнні аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па ўліку даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Звесткі аб даступных аб'ектах з сістэмы будуць размяшчацца анлайн на публічнай кадастравай карце, якая будзе даступна грамадзянам у інтэрнэце (map.nca.by). Сістэма пачне працаваць з 1 студзеня 2025 года.

БЕЛТА.