Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.07.2022

"Збожжа, бульба, буякі - усяго хопіць". У Мінсельгасхарчы расказалі аб харчовай бяспецы

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як ідуць справы з харчовай бяспекай, карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Мікалай Лешык.

"У бягучым годзе зроблена ўсё, каб атрымаць не менш за 8 млн 700 тыс. т збожжа. Для гэтага забяспечана вялікая пасяўная плошча збожжавай групы, якая склала амаль 2,5 млн га. Паводле слоў экспертаў, цяперашні ўраджай у Беларусі павінен быць прыкладна на 1,5 млн т большы, чым у мінулым годзе. Таму харчовая бяспека нашага насельніцтва поўнасцю забяспечана і няма ніякіх апасенняў, што ў нас можа нечага не хапіць", - заявіў спецыяліст.

Гаворачы пра бульбу, ён адзначыў, што патрэбнасць беларусаў у ёй таксама поўнасцю забяспечваецца. Ад аб'ёмаў вытворчасці на патрэбы насельніцтва ідзе 15-20 працэнтаў, астатняе ж адпраўляецца на збыт. Такім чынам, штогод каля 300 тыс. т беларускай бульбы экспартуецца. Плошчы пасадкі іншай агародніны да ўзроўню мінулага года таксама практычна не змяніліся, што дае магчымасць гаварыць аб забяспечанасці агародніннай групай насельніцтва ў поўным аб'ёме.

"Зыходзячы з даных за папярэднія перыяды, у Беларусі ўзнікалі складанасці з вырошчваннем грэчкі. Таму для забеспячэння сябе грэцкімі крупамі ў бягучым годзе засеяна больш за 30 тыс. га. Пасевы знаходзяцца ў добрым стане, а ўмовы надвор'я на гэты момант не прадвяшчаюць ніякіх праблем з іх ростам. Па выніках плануем пакінуць для перапрацоўкі 25-28 тыс. т грэчкі, а ў насенны фонд засыпаць каля 3 тыс. т, каб у наступным годзе працаваць над далейшай вытворчасцю гэтай культуры", - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Паводле яго слоў, у Беларусі збіраюць каля 170 тыс. т яблыкаў, а таксама вядзецца актыўная работа па развіцці сартоў і смакавых якасцей гэтай садавіны. "Паводле нашых разлікаў, трэба пасадзіць як мінімум яшчэ 2 тыс. інтэнсіўных садоў, каб поўнасцю забяспечыць насельніцтвамі яблыкамі. Акрамя таго, неабходна правесці мадэрнізацыю сховішчаў, каб павялічыць тэрміны захоўвання садавіны", - адзначыў ён.

Спецыяліст дадаў, што застаецца адкрытай ніша ў вырошчванні костачкавых (абрыкоса, персіка і г.д). Пры гэтым апошнія два гады актыўна вядзецца работа па нарошчванні плошчаў і аб'ёмаў збору буякоў. Гэта ягада запатрабавана ў сумежных з Беларуссю дзяржавах, але таксама плануецца закрыць патрэбнасць і нашага насельніцтва. Паралельна вядзецца работа па вырошчванні сланечніка, соі, арэхаплодных культур.