Галоўная / Навiны / Навiны раёна
19.02.2021

18 лютага ў Свіслацкую раённую бібліятэку былі запрошаны вучні 11 класа СШ №2 імя М.П.Масонава на моўны турнір “Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова!”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы

Бібліятэкары ў вобразе беларусачак з прывітаннямі на сакавітай роднай мове сустракалі старшакласнікаў. Ва ўступным слове яны расказалі аб заснаванні Міжнароднага дня роднай мовы і менавіта чаму ён адзначаецца 21 лютага, прадэкламавалі вершы вядомых паэтаў, якія раскрываюць шматграннасць беларускай мовы.

Рабятам была прапанавана гульня, у ходзе якой яны змаглі ўзбагаціць свае веды пра мову, прадэманстраваць, што ім ужо вядома. Спаборнічалі  дзве каманды, за кожнае правільна выкананае заданне каманда атрымоўвала кветку васілёк – сімвал Беларусі. Каб сабраць вялікі букет для нашай мовы ў дзень яе свята, рабяты пачалі турнір з размінкі “Веру не веру”, потым спаборнічалі ў конкурсах “Перакладчыкі”, “Знаўцы”, “Складзі фразеалагізмы”, “Расшыфруй прыказку”, “Конкурс паэтаў” і інш. Вельмі напружаным і цікавым атрымаўся конкурс капітанаў “Эрудыты-мовазнаўцы”, у якім спаборнічалі найлепшыя знаўцы роднай мовы. Вельмі спадабаліся ўдзельнікам “Загадкі з вясёлай хаткі”, з якімі яны паспяхова справіліся.

Старшакласнікі склалі цудоўны букет з васількоў для нашай мілагучнай роднай мовы. Спадзяёмся, што рабяты даведаліся шмат цікавага і новага на нашай сустрэчы, разам з тым і праверылі свае веды. А  шчырыя, сардэчныя і цёплыя словы беларускай мовы будуць заўжды гучаць з іх вуснаў і ўпрыгожваць іх жыццё. Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя выказалі сваю павагу да роднага  слова, разам зачыталі радкі  В.Шведа “10 запаведзяў”, склалі эмблему нашай сустрэчы “Я  люблю родную мову!”.