Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.04.2024

25 красавіка ў Свіслацкай раённай бібліятэцы для навучэнцаў 10-х класаў СШ №2 імя М.П.Масонава прайшоў урок прафарыентацыі “Знайдзі сваё прызванне”

Ва ўступнай гутарцы  прысутныя абмеркавалі пытанне Як знайсці сваё прызванне?, высветлілі, што абазначае слова прызванне, ці ёсць яно ў кожнага чалавека. Вучні пазнаёміліся з разнастайным светам новых прафесій і спецыяльнасцей, даведаліся, як з'явіліся першыя прафесіі, і былі здзіўлены тым, якія з іх будуць запатрабаваны ўжо зусім хутка.

Разам высветлілі, ці супадаюць прызванне і прафесія ў жыцці, якія крокі трэба зрабіць, каб даведацца і выявіць, у чым тваё прызванне, і як гэта суаднесці з будучай прафесіяй. Юнакі і дзяўчаты пачулі меркаванне псіхолага і сфармуліравалі тыя якасці, якія адпавядаюць той ці іншай прафесіі, што яна павінна адлюстроўваць.

Запрошаныя на сустрэчу інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Свіслацкага РАНС Д.З.Зайко і інструктар-валеолаг Свіслацкай ЦРБ Л.Ч.Саўко зацікавілі рабят аповедам пра свае прафесіі і дзе іх можна атрымаць. З творчай прафесіяй прысутных пазнаёміла П.С.Верабей, мастак-афарміцель Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Рабяты актыўна ўдзельнічалі ў гульнях “Назад у мінулае” і “Самая падыходзячая”, з дапамогай тэста “Выбар зрабі сам” праверылі сваю гатоўнасць да самавызначэння.

Увазе прысутных была прапанавана тэматычная выстава “Адрас тваёй прафесіі”, дзе былі прадстаўлены кнігі аб прафесіях, памяткі “Усе прафесіі патрэбныя – усе прафесіі важныя”, “Якія памылкі здзяйсняюць навучэнцы пры выбары прафесіі”, “Класіфікацыя прафесій”, “Сайты для тых,  хто хоча вучыцца” і інфармацыйныя буклеты “Самыя запатрабаваныя прафесіі Рэспублікі Беларусь”, “10 запатрабаваных прафесій Беларусі ў 2024 годзе”, распрацаваныя і выдадзеныя супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі.