Галоўная / Навiны / Навiны раёна
19.03.2021

Да Сусветнага дня паэзіі 18 сакавіка ў Свіслацкай раённай бібліятэцы быў арганізаваны вечар паэтычнага настрою “Малая радзіма натхняе”

Вучні СШ №2 імя М.П.Масонава даведаліся пра гісторыю ўзнікнення свята, пра тое, што галоўнай мэтай Сусветнага дня паэзіі было падкрэсліць тое найвялікшае значэнне, якое мае літаратура ў культурным жыцці сучаснага грамадства, аб’яднаць паэтаў усяго свету і даць ім права і магчымасць заявіць пра сябе.

Рабяты з задавальненнем акунуліся ў свет паэзіі нашага краю, слухалі паэтычныя галасы Свіслаччыны. На сустрэчу былі запрошаны свіслацкія паэты Ламашкевіч Іван Канстанцінавіч, Мысліцкая Ганна Іосіфаўна, Карпук Зоя Сцяпанаўна – людзі таленавітыя,  улюбёныя ў жыццё і ў сваю малую радзіму.

Адлюстроўваць свае пачуцці ў вершах, захоўваць у рытме сваё светаадчуванне, марыць пра будучыню і ўспамінаць мінулае, гаворачы да мільёнаў і застаючыся пры гэтым сам-насам з сабой, –  на гэта здольная толькі паэзія. Пацвярджэнне гэтых слоў мы пачулі ў вершах нашых паэтаў, кожны радок якіх нашы яны чыталі з вялікім пранікненнем, з  непаддзельнымі пачуццямі.

Цікава было даведацца ў нашых аўтараў аб тым, што заахвоціла іх узяць ручку і лісток паперы і пачаць тварыць, якім быў іх першы верш, які з напісаных вершаў з’яўляецца любімым і чаму.

З вялікім задавальненнем і гонарам нашы госці ўспомнілі паэтычныя радкі аб нашай Беларусі. А якія душэўныя і кранальныя вершы былі прысвечаны роднай Свіслачы ў яе юбілейны год. Адна з самых любімых тэм у паэзіі – каханне. Гэтае светлае пачуццё апета і нашымі паэтамі. Яны з радасцю падзяліліся сваімі радкамі пра каханне. Кожны аўтар па-свойму цікавы, у кожнага свой паэтычны стыль.

Многія вершы засталіся яшчэ не прачытанымі, але мы ўпэўнены, што з кожнай нашай сустрэчайпрыхільнікаў паэзіі будзе больш, а малая радзіма і надалей будзе ганарыцца талентамі, віртуозамі слова.

На заканчэнне сустрэчы, усе ўдзельнікі прачыталі па радках верш, прысвечаны Сусветнаму дню паэзіі. Гасцям былі ўручаны фота на памяць аб сённяшняй літаратурнай сустрэчы.