Ёсць у Ханявіцкім сельскім савеце адна вёсачка – Лаўрынавічы. Калісьці яна была вялікай, цягнулася аж на паўтара кіламетра, і было ў ёй больш за 70 двароў. Яшчэ ў пачатку 80-х мінулага стагоддзя тут жыло больш за 200 чалавек. У кожным доме па вечарах свяціліся вокны, раніцай спявалі пеўні, людзі спяшаліся да працы, дзеці – у школу. Вёска жыла! Жыве яна і зараз, але двароў засталося толькі дванаццаць. Тыя паўтара кіламетра, вядома ж, засталіся, але, калі ісці па вуліцы, з абодвух бакоў можна пабачыць толькі пакінутыя дамы з забітымі дошкамі вокнамі, а некаторыя зусім у паўразваленым выглядзе Сумна!Сядзець без працы не цікава
Але не хачу пра сумнае. Лепш раскажу, у якой цудоўнай сям’і мне пашчасціла пабываць. Жыве сям’я Дзінгілеўскіх ў Лаўрынавічах ужо амаль 45 гадоў, з таго дня, калі малады Леанід прывёз сюды, у бацькоўскі дом, сваю суджаную Алену. Са свякрухай нявестка пражыла шмат гадоў, і ніколі не было ў іх ніякіх спрэчак. Бацькі ўжо памерлі. Дзеці вылецелі з роднага гнязда, звілі свае. Але родны дом для іх – тое святое месца, куды рвецца душа і куды яны спяшаюцца, як толькі надараецца такая аказія.
– Для мяне нічога на свеце няма важнейшага за дзяцей і ўнукаў, – кажа Алена Іванаўна. – Я ганаруся імі, яны мая радасць і шчасце. Унукі летам прыязджаюць. Тут ім воля: лес побач, паветра свежае.
Больш за 30 гадоў Алена працавала ў Ханявіцкай амбулаторыі фельчарам. Зараз на пенсіі. Але без справы сядзець не можа. Гэта ж не цікава!
Ваўняныя тапачкі…
– Вось купілі з мужам авечак, – расказвае Алена. – Прыйшла пара стрыгчы – пастрыглі. А куды воўну падзець? Даведаліся, што ў Зэльву можна завезці, каб пачасалі. Завезлі. Воўну пачасалі і нават нітак напралі. А што з імі рабіць? Ну звяжаш тое-сёе – і ўсё. І тут задумала я рабіць з той воўны што-небудзь цікавейшае, чым вязаныя свэтры ці рукавіцы. Але – што? І тут на дапамогу прыйшоў інтэрнэт. Ён мне ў адзін момант столькі інфармацыі выдаў! Вырашыла я тапачкі валяць з воўны. Праўду сказаць, першы мой “блін” трохі “комам” выйшаў. Але толькі першы! Я ўжо ўсю радню нашу (а яна вялікая) двойчы ў свае тапачкі абула. Раблю падарункі сябрам, знаёмым, проста добрым людзям. Для сябе і мужа таксама валяю. Каляровую воўну, каб упрыгожыць вырабы, заказваю ў Слоніме на камвольна-прадзільнай фабрыцы.
Алена дастае з шафы свае скарбы, раскладвае іх на канапе. Я не магу стрымаць сваё “Ах!” – Такіх прыгожых тапачак я ніколі ў жыцці не бачыла. А яшчэ шлёпанцы, рукавіцы і пальчаткі, берэтка і шапка з шалікам. Адным словам – цуды.
Колькі ж часу трэба, каб зваляць такія тапачкі? – пытаюся ў гаспадынькі.
Дні з тры, – адказвае Алена.
“Усяго? Божачка, – падумалася мне, – я і за месяц мо не зрабіла б. Гэта ж якія рукі трэба мець!”
… і зёлкавыя зборы
Але на гэтым здзіўленне маё на скончылася. Аказалася, што Алена з мужам займаюцца і зёлкамі. Збіраюць іх на лугах, у лясах, на палях, а часткова вырошчваюць самі. На іх участку растуць мята, лаванда, эхінацэя, ісоп, шалфей і іншыя зёлкі. Кожная расліна збіраецца ў адпаведны час, высушваецца і захоўваецца ў папяровых мяшочках. Па меры неабходнасці Алена робіць з іх зёлкавыя зборы – такую травяную гарбату, ад якой пах стаіць на ўсю хату.
– Мы з мужам п’ём толькі такую гарбату, – расказвае гаспадыня. – Ну і ўсю радню, сяброў, знаёмых частуем. Яна самая карысная.
Хто будзе спрачацца? Я, зразумела, не буду. Ахвотна прыняла ад гасціннай гаспадынькі ў падарунак маленькі папяровы пакецік са скрыпенем і кітайскім лімоннікам. Прыехаўшы дадому, адразу заварыла. Смачна!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара