Галоўная / Навiны / Навiны раёна
14.03.2024

Канстытуцыя – вышэйшая каштоўнасць грамадства

Да Дня Канстытуцыі 12 сакавіка ў Свіслацкай раённай бібліятэцы для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Юны патрыёт” прайшоў урок грамадзянскасці “Канстытуцыя – вышэйшая каштоўнасць грамадства”. Бібліятэкар расказала рабятам, што такое Канстытуцыя і чаму яе называюць асноўным Законам, разам разгледзелі раздзелы і артыкулы Канстытуцыі. Электронная прэзентацыя “Гісторыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” пазнаёміла старшакласнікаў з гісторыяй стварэння асноўнага закона беларускай дзяржавы.

Запрошаны на сустрэчу адвакат юрыдычнай кансультацыі Свіслацкага раёна Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Раман Іванавіч Гушчын падрабязна расказаў, якія правы і свабоды мае чалавек, у тым ліку дзіця, гарантаваныя Канстытуцыяй, а таксама аб адказнасці і абавязках грамадзян нашай краіны.

Кансультант натарыяльнай канторы Свіслацкага раёна Алена Аляксандраўна Заяц падкрэсліла важнасць увасаблення на практыцы закладзеных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь каштоўнасцей, нацыянальнага адзінства і беражлівых адносін да гістарычнай і культурнай спадчыны.

Бібліятэкар пазнаёміла школьнікаў з тэматычнай выставай “Я – грамадзянін сваёй краіны”, больш падрабязна спынілася на прынятых зменах і дапаўненнях па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года. Увазе прысутных было прадстаўлена відэа “Падпісанне Прэзідэнтам рашэння Рэферэндуму аб зацвярджэнні змяненняў у галоўны закон краіны”. Для замацавання атрыманых ведаў старшакласнікі адказалі на пытанні віктарыны “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”, прынялі актыўны ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Свет права”.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе прысутныя прынялі ўдзел у фотачэленджы «Я – Беларус!» у рамках Усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”, прысвечанай Дню Канстытуцыі.