Вельмі прыгожа, калі святочны стол убраны льняным абрусам. Ільняным рушніком з вышытымі нацыянальнымі арнаментамі здаўна ўпрыгожваюць абразы. Адвар з ільнянога семя ўжываюць пры розных захворваннях. З яго робяць карыснае масла, якое надае стравам своеасаблівы смак і водар. Ільняная вопратка трымае шырокую пашану далёка за межамі Беларусі, а лепшы падарунак для іншаземнага госця – выраб з лёну.
Прыемна адзначыць, што ў Грынкаўскай базавай школе створаны музей ільну. Ініцыятарам і стваральнікам яго быў былы завуч школы Іван Барэль. З таго часу прайшло 17 гадоў. Сёння музей налічвае 188 экспанатаў. Гэта беларускія ручнікі, абрусы, сурвэткі, вышытыя ру-камі грынкаўскіх майстрых, посцілкі, дарожкі, дыванкі, лялькі, розныя сувеніры. Пачэснае месца ў музеі займаюць кросны і калаўрот. Без гэтай “мэблі” калісь не ўяўлялася ні адна вясковая хата. І не было такой жанчыны ці дзяўчыны на сяле, якая не ўмела б прасці ці ткаць.
Ды і не толькі. Пакуль дойдзе чарга да тых кроснаў, лён трэба было вырасціць, вырваць, паслаць у пакосы, затым зняць, высушыць, пацерці на церніцы, спрасці і ўжо з гатовых ільняных нітак ткаць палатно. Жанчыны, дзяўчаты выносілі палатно рана-раненька на расу, каб яно стала бялейшым. І тады ўжо шыліся кашулі, сарочкі, вышываліся абрусы і ручнікі. Якая ж гэта была нялёгкая праца ў нашых бабуль і прабабуль! Вось пра гэта ўсё і вядуць гаворку ў школьным музеі, якім кіруе настаўніца гісторыі Надзея Мацюк. Тут праводзяцца цікавыя экскурсіі, расповеды пра мясцовых ільнаводаў, пра тое, наколькі важнай з’яўляецца для нас усіх беларуская расліна з блакітнымі кветачкамі – лён. Колькі карысці ён прыносіць людзям, колькі каштоўных якасцей схавана ў ім!
Вучням школы, а таксама ўсім наведвальнікам музея распавядаецца гісторыя лёну ад самых вытокаў.