Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.11.2023

Незабыўнае падарожжа лунненскіх школьнікаў у Свіслач

Восеньскія канікулы праляцелі як адзін дзень, але ўспаміны аб іх засталіся ў нас самыя найлепшыя.

Падчас канікул наш клас здзейсніў цікавае двухдзённае падарожжа. Наша вандроўка пачалася ў аграгарадку Лунна і пралягала праз Рось, Ваўкавыск. Горад Свіслач быў канчатковым пунктам нашага падарожжа. Менавіта пра адпачынак на турбазе  Свіслацкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі хочацца сказаць асобна. Мы нават не маглі ўявіць, што наша знаходжанне тут можа быць такім прыемным і цікавым. Цёплы ўтульны будынак, прыгожая тэрыторыя, прасторныя пакоі спадабаліся нам адразу. А яшчэ гасціннасць гаспадароў турбазы – намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце І. П. Шыманюк, метадыста А. Д. Сагана, педагога дадатковай адукацыі І. В. Баяркіна.


Цікава і камфортна было нам у Свіслачы. Гульня ў тэніс і шахматы, скаладром, катанне на веласіпедах-тандэмах, выступленне мясцовых бардаў, наведванне гісторыка-краязнаўчага музея і гарадскога парка, экскурсія па гораду – усё гэта было прапанавана нам на турбазе. І гэтыя цікавыя прапановы мы з задавальненнем прынялі. І не пашкадавалі аб гэтым. А касцёр, смачная бульба з тушонкай, духмяны чай на травах толькі дабавілі пазітыўных уражанняў.

Мы  адкрылі для сябе яшчэ адзін цудоўны куточак Беларусі і гэта – горад Свіслач.

Вучні і класны кіраўнік 7 класа Лунненскай СШ імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна, бацькі.