Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.11.2023

«Восеньскі кірмаш» у садку

У дзiцячым садзе № 2 г. Свіслачы адбыўся «Восеньскі кірмаш».

У прыбранай па-святочнаму зале адчынілі свае лаўкі гандляры. Чаго тут толькі не было – стужачкі, хустачкі,  рэчы, зробленыя з гліны, дрэва, саломы, лазы, кнігі на беларускай мове. Не абышлося без лаўкі музычных інструментаў і лаўкі з агароднінай ды рознымі прысмакамі.

На свята прыехалі на кані Лявон з Лявоніхай. Яны весялілі дзяцей, гулялі з імі ў народныя гульні, танцавалі. Гучалі беларускія народныя песні, радавалі сваёй гульнёй на народных інструментах музыкі, падымала настрой і гандлярам, і пакупнікам беларуская «Трасуха».

Завітаў на кірмаш цыган Раман з вялікім мехам. Нечакана для ўсіх з меха выскачыў Чорт, што вельмі развесяліла ўсіх прысутных.


Лявон заказаў сабе партрэт у маленькіх мастакоў і купіў сваёй каханай чаравікі. На радасцях Лявоніха кінулася ў пляс, а за ёй – увесь народ. На развітанне госці пачаставалі дзяцей смачнымі яблыкамі. Вось так весела і гучна прайшоў наш кірмаш.


Наталля БАРЭЛЬ, выхавацель дзіцячага сада № 2 г. Свіслачы