22.09.2022
Выстаўка «Святло ікон» працуе ў Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі
Убачыць, а хутчэй, адчуць святло ікон можна на аднайменнай выстаўцы, што працуе ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Прымеркавана экспазіцыя да 1030-годдзя прыходу Праваслаўя на беларускую зямлю.
Аўтар прадстаўленых тут неверагоднай прыгажосці абразоў, вышытых бісерам, – матушка Святлана Семашкевіч. Пра гэтую неардынарную і творчую асобу даўно ведае ўся Гродзеншчына, і не толькі. За сваю працу на славу праваслаўнай царквы жанчына мае дзясяткі грамат і дыпломаў, сярод якіх узнагароды ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Міністэрства культуры Беларусі. У 2013 годзе Святлана Зянонаўна стала «Жанчынай года» ў намінацыі «За духоўнае адраджэнне», у 2014-м атрымала абласную прэмію «Чалавек года Гродзеншчыны».
![](https://svisgaz.by/upload/medialibrary/05e/05e4be05904bceac56f4437a4a9a46fe.jpg)
![](https://svisgaz.by/upload/medialibrary/dd0/dd0f1190afcb2f4afa2c9a67b47ba78c.jpg)
Вышыўкай абразоў Святлана Семашкевіч займаецца ўжо на працягу трох дзясяткаў гадоў. А свет, які сёння з яе душы праліваецца на рукатворныя рэчы, майстрыха беражліва нясе ў сабе з самага дзяцінства. Бацькі яе былі шчырымі вернікамі, сем’я часта ездзіла ў паломніцтвы, наведвала храмы. «Будучы дзесяцігадовай дзяўчынкай, – успамінае Святлана Зянонаўна, – у адным з манастыроў Латвіі ўбачыла ікону з пацерак, яна запала мне ў душу. Мінуў час, і аднойчы Гасподзь спадобіў і мяне стварыць такую прыгажосць».
![](https://svisgaz.by/upload/medialibrary/c38/c38a798109bba0b5e6b5babdfe62e419.jpg)
![](https://svisgaz.by/upload/medialibrary/a27/a27b9fd92fc870696cc3e31bf18cf91d.jpg)
З той пары Святлана Семашкевіч вышыла бісерам не адну сотню ікон. Праца тонкая, скрупулёзная, дэталёвая, патрабуе плёну і часу. Бо для аўтара важна не толькі зрабіць акуратны шывок залатой ніткай, жэмчугам і бісерам па аксаміту і парчы, але і прытрымлівацца праваслаўных канонаў, царкоўных традыцый. З аднолькавай адказнасцю падыходзіць рукадзельніца да выканання кожнай іконы – і самай маленькай, і самай вялікай. А рамы да іх робіць муж – айцец Мікалай, настаяцель храма ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла в. Гарнастаевічы. З Божай дапамогай усё атрымоўваецца. Ды яшчэ як! Паспяшайцеся ўбачыць!
![](https://svisgaz.by/upload/medialibrary/223/223b3e4a76a80c80adb13ded873f1a54.jpg)
Наталля ТУРКО
Фото аўтара