Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Абноўлены баскетбольны корт з'явіцца на "Палова-Арэне" да II Гульняў краін СНД

21.07.2024
Абноўлены баскетбольны корт з'явіцца на

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абноўлены баскетбольны корт з'явіцца на "Палова-Арэне" да II Гульняў краін СНД. Аб гэтым у размове з журналістамі заявіла генеральны сакратар - выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў сумесна з кіраўнікамі профільных упраўленняў правёў аб'езд спартыўных пляцовак, задзейнічаных на ІІ Гульнях краін СНД. Сярод праінспектаваных аб'ектаў САК "Алімпійскі", "Палова-Арэна" і Палац мастацкай гімнастыкі.

Пляцоўку "Палова-Арэна" пасля заканчэння другога этапу чэмпіянату Беларусі мадэрнізуюць. Замест шасці трэніровачных кортаў да Гульняў тут абсталююць адзін спаборніцкі і адзін разміначны. "Гэта пляцоўка культавая. Спаборніцтвы па баскетболе 3х3 яна прымае з 2015 года. Менавіта тут прайшоў першы чэмпіянат Еўропы сярод ігракоў да 18 гадоў. У 2019 годзе на гэтай пляцоўцы мы прымалі II Еўрапейскія гульні, спаборніцтвы па баскетболе 3х3. Да Гульняў СНД на "Палова-Арэне" таксама будзе абсталявана прома-зона беларускіх прадпрыемстваў, дзе госці змогуць азнаёміцца з выпускаемай прадукцыяй. Падрыхтавана забаўляльная праграма", - расказала Настасся Марыніна. Сюрпрызам для нашых спартсменаў і гасцей з-за мяжы стануць абноўлены баскетбольны корт і абноўленыя баскетбольныя стойкі, якія закупілі Міністэрства спорту і турызму і РЦАП па гульнявых відах спорту. Паводле слоў Настассі Марынінай, гэта самае сучаснае абсталяванне па баскетболе 3х3, што ёсць сёння ў свеце.

"Усе спартсмены, якія да нас прыязджаюць ужо на працягу дзевяці гадоў, адзначаюць, што тут лепшыя ўмовы. Па-першае, лакацыя размешчана ў цэнтры беларускай сталіцы, што дае магчымасць не толькі паспаборнічаць, але і азнаёміцца са славутымі мясцінамі горада. Па-другое, тут працуюць пункты грамадскага харчавання, таму можна добра правесці вечар за сталом са стравамі беларускай кухні. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб не толькі спаборнічаць, але і культурна правесці вольны час", - заўважыла прадстаўнік федэрацыі.

У спаборніцтвах па баскетболе 3х3 на II Гульнях краін СНД прымуць удзел восем мужчынскіх і шэсць жаночых каманд, якія прадстаўляюць сем і пяць краін адпаведна. Сярод мужчын медальныя камплекты разыграюць зборныя Беларусі, Расіі, Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Туркменістана. У жаночым турніры за медалі будуць змагацца каманды Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана. "У нас рыхтуюцца два склады: 12 жанчын, 10 мужчын. Толькі па восем ігракоў увойдуць у канчатковыя склады каманд. Былі выкліканы лепшыя ігракі з усёй рэспублікі ў гэтай узроставай катэгорыі - да 20 гадоў. Нашы хлопцы - бронзавыя прызёры Кубка свету, дзяўчаты - бронзавыя прызёры Кубка Еўропы. Яны спартыўная будучыня краіны. У 2015 годзе каманды, якія выступалі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, выйгралі бронзавыя медалі Еўрапейскіх гульняў праз чатыры гады дарослымі складамі", - звярнула ўвагу Настасся Марыніна.

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.