Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Брыло: у Беларусі завершана сяўба ранніх яравых культур

04.05.2024
Брыло: у Беларусі завершана сяўба ранніх яравых культур

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі завершана сяўба ранніх яравых культур. Аб гэтым журналістам паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На сёння ў Беларусі завершана сяўба ранніх яравых культур, у прыватнасці збожжавых, зернебабовых і цукровых буракоў. Нам засталіся літаральна лічаныя дні да завяршэння сяўбы льну-даўгунцу і яравога рапсу. Што датычыцца астатніх культур, то тэрмін канчатковай сяўбы вызначаны і ўзгоднены з кіраўніком дзяржавы - гэта 20 мая. Тэхнічна чатыры вобласці з гэтай задачай справяцца. У нас можа ўзнікнуць неабходнасць павелічэння тэрмінаў на 1-2 дні па Магілёўскай і Віцебскай абласцях, але тэхнічна яны таксама гатовы завяршыць усе работы ў тэрмін. Цяпер абласцям трэба больш старанна працаваць, каб выканаць гэта прамое даручэнне. Асабліва гэта датычыцца сяўбы агародніны, кукурузы на зерне і на сілас, грэчкі, проса, а таксама пасадкі бульбы", - сказаў Ігар Брыло.

Паводле яго слоў, па кукурузе ў гэтым годзе было дабаўлена каля 1 тыс. га да ўзроўню мінулага года. "У асноўным яна пойдзе на сілас, таму што нам трэба забяспечыць травяністымі кармамі нашу жывёлагадоўлю", - растлумачыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.

Акрамя гэтых работ, у полі цяпер узмоцнена вядзецца падкормка азімых культур. "Першую падкормку азоцістымі ўгнаеннямі мы правялі ўжо і цяпер актыўна вядзём другую, якую ў бліжэйшы час завершым. Таксама праводзім апрацоўчыя работы, у прыватнасці працуем з азімымі культурамі па шкодніках і па пустазеллі", - адзначыў міністр.

Гаворачы аб праблемах вымачак і стыхійных дарог, Ігар Брыло падкрэсліў, што яны пераважаюць у трох абласцях Беларусі - Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай, дзе праведзены ўжо нарады на гэту тэму.

"З актывам абласцей мы абмеркавалі тыя даручэнні, якія даў кіраўнік дзяржавы. Так, у бягучым годзе мы абавязаны ўстараніць пасля адыходу вады ўсе вымачкі, павінны разабрацца са стыхійнымі дарогамі і контурнасцю палёў. Акрамя таго, мы павінны вырашыць пытанні з цюкамі саломы. Гэтыя задачы пастаўлены, і Міністэрства сельскай гаспадаркі будзе інспектаваць іх выкананне", - рэзюмаваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання.

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.