Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Галоўчанка праінспектаваў сістэму аховы здароўя Барысава

14.06.2024
Галоўчанка праінспектаваў сістэму аховы здароўя Барысава

13 чэрвеня, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка правёў інспекцыю ўстаноў сістэмы аховы здароўя Барысава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раман Галоўчанка наведаў медыцынскія ўстановы Барысава, каб асабіста пераканацца, як на месцах арганізавана работа па выкананні даручэнняў Прэзідэнта. Першапачаткова ён прыехаў у Барысаўскую цэнтральную раённую бальніцу. Аднак затым змяніў маршрут і адправіўся на праблемныя ўчасткі, адзначаныя маніторынгавай групай.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, у цэлым работа праводзіцца, але ёсць тэндэнцыя да навядзення "марафету" замест адкрыцця і ўстаранення глыбінных прычын асабліва вострых недахопаў. "Так, дасягненні ёсць, іх шмат. Сапраўды, ёсць што паказаць і ў дзіцячай паліклініцы, і ў цэнтральнай бальніцы, дзе мадэрнізаваны і добра аснашчаны ўчасткі. І наша паездка была спланавана так, каб мы маглі на гэта паглядзець. Аднак ёсць і шмат сістэмных праблем. Таму трэба адыходзіць ад практыкі пускання пылу ў вочы", - падкрэсліў ён.

Сярод праблем кіраўнік урада назваў цякучасць кадраў. "Хачу пераканацца, што кіраўніцтва на месцах ведае, што трэба рабіць, у першую чаргу ў адносінах да людзей - як іх рыхтаваць, як арганізаваць з імі работу. Нельга да названых пытанняў падыходзіць фармальна. Не хапае спецыялістаў - трэба высветліць прычыну, унікнуць глыбей, даведацца, чаму гэта адбываецца. Барысаў - не нейкі аддалены раён, ён знаходзіцца побач з Мінскам. Тут ёсць уся інфраструктура, прадастаўляецца арэнднае жыллё, зарплата вышэйшая за сярэднюю. Аднак пытанне з замацаваннем кадраў не вырашана", - заявіў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, Раман Галоўчанка звярнуў увагу на недастатковую падрыхтоўку спецыялістаў, невыкананне патрабаванняў нарматыўных дакументаў. "Мяне больш за ўсё непакоіць стаўленне людзей да сваёй прафесіі. Да ўрачоў у грамадстве асаблівыя адносіны. Мы апрыёры ўсе лічым, што, калі прыходзім да доктара, ён ведае, што рабіць, як лячыць. І тут брак недапушчальны, - сказаў ён. - Пры наяўнасці добрай матэрыяльнай базы спектр выконваемых аперацыйных умяшанняў абмежаваны па прычыне недахопу прафесійных ведаў і навыкаў. Падрыхтоўка людзей, матывацыя, увязка кваліфікацыі з абсталяваннем - усё павінна ісці разам. Грошы можна выдзеліць, гэта не пытанне. Ці будуць лячыць лепш?"

Таксама кіраўнік урада крытыкаваў Мінскі аблвыканкам і Міністэрства аховы здароўя за непрыняцце мер у дачыненні да матэрыяльна-тэхнічнай базы Барысаўскай інфекцыйнай бальніцы. "Пытанні, якія датычацца матэрыяльна-тэхнічнай базы, няпростыя. Аднак даводзіць да такога стану ўстанову і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, гэта, мякка кажучы, няправільна, - падкрэсліў Раман Галоўчанка. - Сітуацыя з забяспечанасцю даходаў бюджэту Мінскай вобласці ў гэтым годзе добрая. Практычна без датацый. Таму, што важней (куды накіроўваць рэсурсы. - Заўвага БЕЛТА), - вам выбіраць. Але такога быць не павінна. На працягу месяца рашэнне па гэтай установе павінна быць у мяне на стале".

На думку прэм'ер-міністра, такія пытанні ёсць практычна ў кожным раёне - недзе больш, недзе менш. "Імі павінны займацца абласныя ўпраўленні аховы здароўя, райвыканкамы. Усё, што датычыцца выканання задач, - урачы і сістэма кіраўніцтва на месцах. Не трэба проста сядзець і чакаць камісію з Міністэрства аховы здароўя, - рэзюмаваў кіраўнік урада. - Па вырашэнні існуючых пытанняў павінны быць жывыя планы, павінна быць дарожная карта па ўсіх праблемных пунктах - што і як рабіць. Не на ўсё патрэбны грошы. Фінансавую частку трэба асобна адпрацоўваць".

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.