4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыні Мілі Меджліса Азербайджана Сахібе Гафаравай накіравана запрашэнне Савета Рэспублікі Беларусі наведаць дружалюбную краіну з афіцыйным візітам. Аб гэтым паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ульві Бахшаліевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Качанава заўважыла, што Азербайджан для Беларусі не проста дружалюбная краіна. Паводле яе слоў, народы дзвюх краін падтрымліваюць адзін аднаго. "Трэба зрабіць усё, каб гэтыя добрыя адносіны, якія звязваюць нашы народы, захаваліся, а пастаўленыя задачы вырашаліся эфектыўна на карысць нашых народаў і нашых краін", - сказала спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што добрыя, дружалюбныя адносіны складваюцца і паміж парламентарыямі дзвюх краін. "Сёння мы падпісалі запрашэнне нашай калезе (старшыні Нацыянальнага сходу Азербайджана. - Заўвага БЕЛТА) прыехаць сюды, у Беларусь, з афіцыйным візітам. Ведаю, што Сахіба Гафарава была тут і па-добраму ставіцца да нашай краіны. Разам з тым з афіцыйным візітам яна яшчэ не прыязджала. Будзем вельмі рады сустрэць дэлегацыю калег, парламентарыяў Азербаджайна ў нашай краіне", - адзначыла Наталля Качанава.
Спікер звярнула ўвагу, што парламентарыі Азербайджана гэтак жа, як і Беларусі, нацэлены на стварэнне і канструктыўнае супрацоўніцтва. Як і ў Беларусі, у гэтай краіне цэняць гісторыю, сваё мінулае, і гэта дае магчымасць разлічваць на новыя сумесныя праекты, накіраваныя ў тым ліку на рост тавараабароту, дадала яна.
"Важна, каб мы прынялі рашэнні, якія ў далейшым будуць садзейнічаць эфектыўнай рабоце нашых парламентаў, а па-другое, будуць накіраваны на ўмацаванне эканомік нашых краін. Для нас, як і для Азербайджана, эканамічны складнік вельмі важны, - адзначыла спікер. - Будзем прырастаць новымі цікавымі праектамі і па лініі імпартазамяшчэння, і ў плане стварэння сумесных вытворчасцей і прадпрыемстваў. Увогуле, мы гатовы і спадзяёмся, што гэты візіт адбудзецца ў бліжэйшы час".
Наталля Качанава падкрэсліла, што Савет Рэспублікі гатовы ўключыцца ў работу па ўсіх напрамках. Тым больш у парламенце працуе група дружбы. Перспектывы, як мяркуецца, бакі абмяркуюць у ходзе афіцыйнага візіту. "Для нас гэта вельмі важна. Мы лічым, што Азербайджан - стратэгічны партнёр. У гэты няпросты час мы падтрымліваем адзін аднаго на міжнародных пляцоўках, і гэта падтрымка дарагога варта", - упэўнена яна.
Старшыня Савета Рэспублікі выказала задавальненне ад таго, што ў гэтым годзе Азербайджан падтрымаў маладзёжны праект "Поезд Памяці". Спікер падкрэсліла, што за два гады праект сябе зарэкамендаваў. У мінулым годзе да Беларусі і Расіі далучыліся ўдзельнікі з Арменіі і Кыргызстана. Наталля Качанава ўпэўнена, што такое ўзаемадзеянне вельмі важнае, паколькі "мы не маем права забываць нашу агульную гісторыю".
Асобна спікер спынілася на ўдзеле прадстаўнікоў дэлегацыі спартсменаў Азербайджана ў ІІ Гульнях краін СНД, якія праходзілі ў гэтым годзе ў Беларусі. "Цяпер у 2025 годзе вам трэба будзе прымаць гэта важнае спартыўнае мерапрыемства. Наша каманда будзе абавязкова. Для спартсменаў гэта сапраўднае свята, дзе можна паказаць свае дасягненні", - дадала яна.
Між тым вядома, што Ульві Бахшаліеў завяршае місію пасла Азербайджана ў Беларусі. "Я думаю, за час работы ў нашай краіне вы палюбілі яе так, як любім яе мы, - адзначыла Наталля Качанава. - Я ўпэўнена: дзе б вы ні працавалі, вы заўсёды будзеце па-добраму ставіцца да нашай краіны. А мы ў сваю чаргу заўсёды рады бачыць вас у Беларусі. Заўсёды рады любым ініцыятывам, прапановам, якія будуць ісці ад азербайджанскага боку".