29 кастрычніка, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчасцю кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля прыезду кіраўнік дзяржавы традыцыйна пацікавіўся станам спраў у сельскай гаспадарцы - уборка кукурузы, зяблевае ворыва, стан азімых. Па гэтых і іншых пытаннях Прэзідэнта падрабязна праінфармаваў губернатар Гомельскай вобласці Генадзь Салавей. Ён запэўніў, што работы па шэрагу напрамкаў актывізаваны, на палях задзейнічана неабходная колькасць тэхнікі.
У сувязі з гэтым абмяркоўваецца стварэнне вытворчасці беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы на пляцоўцы "Магілёўхімвалакно". Гэта фактычна паўфабрыкат для вытворчасці кардону ў Добрушы.
Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Назарава, такое прадпрыемства можа каштаваць $200-250 млн. Вядуцца перагаворы з інвестарам. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць пытанне, ці можна стварыць гэта прадпрыемства за кошт дзяржаўных сродкаў.
fff5
Старшыня "Беллеспаперапрама" Міхаіл Касько далажыў кіраўніку дзяржавы аб рабоце канцэрна і выніках мадэрнізацыі цэлюлозна-папяровай галіны.
Арганізацыі "Беллеспаперапрама", нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з пандэміяй каранавіруса, працуюць устойліва. Прадпрыемствы выконваюць усе планавыя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця, чакаецца выкананне ўсіх даведзеных канцэрну паказчыкаў па выніках работы года. "У нас гістарычна самыя нізкія астаткі на складах. Попыт вельмі добры", - заявіў Міхаіл Касько.
Забяспечаны рост аб'ёмаў вытворчасці і экспарту тавараў, рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі і іншых устаноўленых паказчыкаў. Чакаецца, што па выніках года аб'ём вытворчасці прадукцыі перасягне Br3 млрд. Экспарт наблізіцца да $900 млн.
Напрыклад, таварны выпуск мэблі па канцэрне павялічыўся на 43,6 працэнта, драўнянавалакністых пліт - амаль на 25 працэнтаў, драўнянастружкавых - на 6 працэнтаў, фанеры - на 3,4 працэнта. У цэлым асартымент прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна цяпер налічвае каля 75 відаў тавараў.
"81 працэнт ад таго, што мы вырабляем, мы адпраўляем на экспарт. У гэтым годзе мы дабавім больш як $250 млн у экспарце", - адзначыў старшыня "Беллеспаперапрама".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы ў праблемных прадпрыемстваў канцэрна. У прыватнасці, ён заявіў аб намеры наведаць дрэваапрацоўчы завод "ФанДАК" у Бабруйску. Падрабязна кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб стане спраў на "Віцебскдрэве" і "Барысаўдрэве".
Добрушская папяровая фабрыка - адзін з філіялаў холдынга "Беларускія шпалеры". Генеральны дырэктар холдынга Аляксандр Каляда расказаў аб выніках інвестыцыйнага праекта па тэхнічным перааснашчэнні фабрыкі і арганізацыі тут вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону.
Паводле слоў гендырэктара, увод у эксплуатацыю вытворчасці мелаванага і немелаванага кардону даў магчымасць нават на пачатковым этапе дасягнуць станоўчых фінансавых паказчыкаў фабрыкі. За студзень-верасень аб'ём вытворчасці прадукцыі (у фактычных цэнах) вырас да аналагічнага перыяду мінулага года ў 2 разы, рэнтабельнасць продажаў склала 5,5 працэнта.
Аляксандр Лукашэнка праехаў па тэрыторыі прадпрыемства і азнаёміўся з прынцыпамі работы асноўнага тэхналагічнага абсталявання па вытворчасці кардону.
Як паведамлялася, Добрушскую папяровую фабрыку "Герой працы" кіраўнік дзяржавы наведваў у лютым 2020 года. Тады ў фокусе ўвагі Прэзідэнта якраз было будаўніцтва завода па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону, які павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але аб'ект быў закансерваваны. Патрабавалася вырашэнне шэрага пытанняў, у тым ліку фінансавага характару.
Аб сваім намеры зноў наведаць прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 чэрвеня бягучага года, прымаючы з дакладам намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Назарава, свайго памочніка Аляксандра Косінца і міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча.
"Кардон - гэта прарыў. Нас таксама там сцябалі ў перадвыбарную кампанію: "Ах, на вуліцы пратэстуны, а Лукашэнка кардонам займаецца". Я ўсімі пытаннямі тады займаўся, але гэта быў вялікі інвестыцыйны праект", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер Беларусь можа сама атрымліваць вырабы з кардону, а не экспартаваць сыравіну, каб потым купляць за мяжой матэрыялы з яго. "Попыт вялікі ж на гэта. Таму гэта добры момант з Добрушам. Але мы там пабудзем і паглядзім, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Не трэба спыняцца: кардон атрымалі - далей станок трэба ставіць і рабіць упакоўку. Гэта вельмі важны напрамак".-0-