Обращение от ОУИРП "Рэдакцыя газеты "Гродзенская прауда"
19.01.2024
18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года якасці зацверджаны ў Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 16 студзеня 2024 года нумар 41, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дакументам прадугледжана 69 мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу Беларусі, забеспячэнне якасных паказчыкаў праз стымуляванне ініцыятывы, фарміраванне асабістай грамадзянскай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця, інфармацыйнае забеспячэнне Года якасці. Вызначаны таксама іх мэты, механізмы і тэрміны рэалізацыі, адказныя выканаўцы.
Плануецца ўдзел у заканадаўчым забеспячэнні Года якасці (падрыхтоўка і прыняцце шэрага законаў), удасканаленне парадку мытнага адміністравання, пашырэнне сеткі цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый і ўдасканаленне іх дзейнасці, у тым ліку шляхам распрацоўкі электроннай платформы для ўзаемадзеяння ўдзельнікаў гэтай сеткі.
Акрамя таго, планам прадугледжана павелічэнне пакрыцця ляснога фонду аўтаматызаванымі сістэмамі "Відэаназіранне" ў мэтах своечасовага выяўлення лясных пажараў, перааснашчэнне і мадэрнізацыя вытворчасцей, падтрыманне высокай якасці аўтамабільных дарог агульнага карыстання, развіццё функцыяналу партала рэйтынгавай ацэнкі арганізацый, якія аказваюць паслугі, забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і (або) ажыццяўляюць адміністрацыйныя працэдуры, і яго папулярызацыя, укараненне і шырокае правядзенне конкурсаў наватараў, рацыяналізатарскіх ідэй, прафесійнага майстэрства, забеспячэнне работы грамадскіх прыёмных па прыняцці ад насельніцтва прапаноў аб паляпшэнні якасці жыцця і аказваемых паслуг. Таксама ў Год якасці плануецца пашырэнне выкарыстання патэнцыяльных прыродных лячэбных рэсурсаў праз укараненне ва ўсіх санаторна-курортных арганізацыях новых відаў медыцынскіх паслуг і праграм санаторна-курортнага лячэння, пашырэнне практыкі выкарыстання праграм дадатковага пенсійнага страхавання.
У гэтым годзе таксама будуць прыняты меры для павышэння якасці жыцця ў сельскай мясцовасці за кошт рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў, арыентаванага на стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці і пражывання грамадзян у сельскай мясцовасці, развіццё сучаснай сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, што забяспечвае ўстаноўленыя нарматывы (стандарты) якасці жыцця.
Таксама планам мерапрыемстваў прадугледжаны распрацоўка канцэпцыі падрыхтоўкі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства.
На сайтах дзяржорганаў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, устаноў адукацыі будуць створаны раздзелы "Год якасці" з далейшым размяшчэннем інфармацыі аб мерапрыемствах, прымеркаваных да Года якасці, а таксама будуць публікавацца тэматычныя агляды ў сацсетках.
Акрамя таго, планам прадугледжаны выраб і продаж у рознічным гандлі тэматычнай калекцыі адзення (мерч), прысвечанай вядомым брэндам айчыннай прамысловасці, а таксама арганізацыя цырымоніі ўручэння Дзяржаўнага знака якасці.
Каардынаваць дзейнасць дзяржорганаў, іншых арганізацый па выкананні плана ўпаўнаважаны Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі.