Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Праект указа аб сацпадтрымцы асобных катэгорый грамадзян абмеркавалі ў Прэзідэнта Беларусі

12.05.2024

12 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Праект указа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян абмеркавалі ў Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.





На даклад у Палац Незалежнасці былі запрошаны члены ўрада і кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і першы намеснік прэм
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой

"Падтрымліваць будзем тых грамадзян, якія сёння маюць патрэбу ў падтрымцы", - акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, адзначыў ён, калі чалавек страціў работу або ў яго няма на сённяшні дзень адпаведнай работы, то вакансій дастаткова, у тым ліку ў Мінску. "І гэты няпросты час чалавек павінен спакойна пражыць, уладкаваўшыся на іншую работу. Можа, і не зусім любімую ім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў Беларусі быў выбраны такі метад барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, каб пры захаванні жыцця і здароўя людзей прадаўжаць і эканамічную дзейнасць у дзяржаве. "Мы ж не закрывалі ні адну вытворчасць, ні адзін рэстаран, ні адзін кінатэатр - мы наогул нічога не закрывалі і нікога не абмяжоўвалі. Мы проста папярэдзілі людзей: беражыце сябе", - адзначыў Прэзідэнт.

Пры такім падыходзе ў людзей захоўваецца магчымасць працаваць, а пры неабходнасці шукаць новыя месцы для працаўладкавання. "У гэты няпросты час, калі ўвесь свет не працуе, эканоміка не працуе (дзякуй богу, пачалі пакрыху адкрываць вытворчасці і на Захадзе, і ў Расіі, у Кітаі), калі яшчэ не разгарнулася эканоміка, для нас вельмі важна захаваць працоўныя калектывы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Катэгарычна недапушчальна звальненне людзей. Усяляк трэба захаваць працоўныя калектывы. Гэта маё патрабаванне застаецца непахісным".

Як расказала журналістам па выніках абмеркавання дакумента ў кіраўніка дзяржавы міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, у праекце ўказа размова ідзе аб падтрымцы такіх катэгорый, як шматдзетныя сем'і, людзі з інваліднасцю і бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Абмяркоўвалася прыняцце дадатковых мер іх падтрымкі ў частцы пенсійнага забеспячэння, сацыяльнай абароны і медыцынскай дапамогі.

Ірына Касцевіч
Ірына Касцевіч

У прыватнасці, прапануецца ўдасканаліць падыходы па дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе шматдзетным сем'ям. "Сёння дзяржава аказвае адрасную дапамогу людзям, у якіх узровень даходаў ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму, 60 працэнтаў з іх - шматдзетныя сем'і, - растлумачыла міністр. - Аналіз паказаў, што патрабуецца ўдасканаленне гэтага механізма. Мы ўнеслі прапановы Прэзідэнту, і ён падтрымаў гэтыя падыходы".

У частцы пенсійнага забеспячэння прапануецца змяніць падыходы да вылічэння агульнага і страхавога стажу для бацькоў шматдзетных сем'яў, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей, для інвалідаў 1-й і 2-й групы, а таксама для бацькоў, якія доўгі час выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Міністр адзначыла, што змяненні, якія прапісаны ў праекце ўказа, прадыктаваны жыццём, рэальнымі сітуацыямі канкрэтных людзей. "Гэта тыя праблемы, якія нельга было ўбачыць пры падрыхтоўцы нарматыўна-прававых актаў раней, - сказала яна. - Праект указа дасць магчымасць для асобных людзей вырашыць іх".

Паводле слоў Ірыны Касцевіч, у праект указа ўключана і мера дзяржаўнай падтрымкі сямейных пар, якія не маюць дзяцей, для правядзення спробы ЭКА.

blr.belta.by

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.