25 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Голас кожнага ўдзельніка Усебеларускага народнага сходу будзе пачуты. Такое меркаванне сёння на сходзе ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу ад Гродзенскай вобласці выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час сустрэчы падвялі вынікі работы рэгіёна ў мінулую пяцігодку, а таксама абмеркавалі планы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на бліжэйшыя пяць гадоў. Яшчэ адной тэмай сталі прапановы ад рэгіёна на VI Усебеларускі народны сход.
"Прэзідэнт чакае ад вас шчырай, адкрытай размовы па любых пытаннях, канструктыўнай работы. Будзьце ўпэўнены: ад удзелу, ад голасу кожнага з вас шмат што залежыць. Прычым не толькі на Усебеларускім сходзе, але і ў штодзённым жыцці. Свой аўтарытэт вы павінны выкарыстоўваць і ў тым, каб адкрываць людзям вочы на тое, што адбываецца", - звярнуўся да ўдзельнікаў Максім Рыжанкоў.
У рабоце сходу таксама прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін, міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, а таксама прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, выканаўчай улады рэгіёна.
VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек. Гродзенскую вобласць прадставяць 310 чалавек.-0-