Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

"Сумленна служыць народу і дзяржаве". Ратавальнікі-навабранцы прынеслі прысягу ў Мінску

26.07.2024
25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня пажарнай службы Беларусі, прайшло на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У дзень аднаго з галоўных прафесійных свят для ратавальнікаў - Дня пажарнай службы, лепшыя з работнікаў МНС былі ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Таксама супрацоўнікі выратавальнага ведамства атрымалі ўзнагароды ад Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Савета Міністраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Асабліва ў шэрагу ўзнагароджаных можна адзначыць уладальніка медаля "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый", што прысуджаецца па ўказу Прэзідэнта, - старшага інструктара выратавальнай часці нумар 2 Магілёва Арцёма Зябкіна. На пытанне аб тым, за што яму ўручылі ўзнагароду, ратавальнік сціпла адказвае, што ён у складзе дзяжурнай змены ратаваў траіх дзяцей. І дадае, што медаль гэты не канкрэтна яго, а ўсяго падраздзялення, якое ў той дзень выратавала юных грамадзян ад пажару.
"3 жніўня 2023 года мы выехалі на паведамленне аб пажары. На шостым паверсе жылога дома гарэла кухня ў адной з кватэр. Паводле існуючай інфармацыі, у кватэры знаходзіліся трое дзяцей. Мы падняліся наверх і звяном увайшлі ў кватэру. Мы спрабавалі клікаць дзяцей. Спачатку ніхто не адказваў. Я з калегамі падумаў, што ў летні дзень дзеці гуляюць на вуліцы і ў кватэры нікога няма. Але ў хуткім часе пачулі крыкі аб дапамозе. Я падзяліў звяно на дзве часткі. Адна частка пайшла па правым баку кватэры, а я з калегам пайшоў па левым баку. Пошукі ўскладняліся з-за моцнага задымлення і складанай планіроўкі ў новабудоўлі. На кліч дзяцей знайшлі патрэбны пакой. У ім было трое дзяцей, старэйшаму было дзевяць гадоў. Іх усіх наша падраздзяленне эвакуіравала з памяшкання", - расказаў Арцём Зябкін.

Урачыстае мерапрыемства прадоўжылася рытуалам прынясення прысягі на вернасць краіне і народу, у якім прынялі ўдзел 164 ратавальнікі, якія ў хуткім часе паступяць на службу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Адной з тых, хто сёння прынёс прысягу, стала старшы інспектар цэнтра культурна-выхаваўчай работы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Настасся Купрыянцава. "Прыносіць прысягу Беларусі і яе народу вельмі важна, хвалююча і адказна. Для мяне вялікі гонар быць часткай такога прэстыжнага ведамства, дэвізам якога з'яўляюцца словы "Прафесіяналізм, адвага, гонар". У гэты дзень хочацца павіншаваць калег са святам. Пажадаць ім моцнага здароўя і дабрабыту. Беражыце сябе, сваіх блізкіх і нашу родную Беларусь", - сказала Настасся Купрыянцава.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі таксама павіншаваў работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія прыносілі прысягу. "Хачу павіншаваць прысутных тут ратавальнікаў, якія сёння прынясуць прысягу на вернасць народу Беларусі. Паважаныя сябры, я хачу, каб вы гэту прысягу пранеслі на працягу ўсяго свайго жыцця. У кожнага па-рознаму складваецца службовая кар'ера, службовыя справы, але вернасць Айчыне, вера у справядлівасць і ідэалы, словы ўрачыстай прысягі, павінны вас суправаджаць на працягу ўсяго вашага жыцця", - сказаў ён.

У гутарцы з журналістамі Вадзім Сіняўскі адзначыў важнасць рытуалу прысягі. "У гэтыя кароткія чатырохрадкоўі тэксту прысягі маладыя ратавальнікі закладваюць патаемны сэнс - сумленна служыць народу сваёй Айчыны і сваёй дзяржаве. Яны гатовы беззапаветна іх любіць і абараняць", - адзначыў кіраўнік выратавальнага ведамства.

Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што з гадамі задачы беларускіх ратавальнікаў не будуць мяняцца, а будуць толькі ўдакладняцца. "Кампетэнцыя і паўнамоцтвы нашага ведамства накіраваны на пераадоленне розных катаклізмаў, з якімі сутыкаецца наша дзяржава. Яны прыносяць урон, а часам і забіраюць чалавечыя жыцці. Таму задачы ў МНС усё тыя ж - забяспечыць бяспеку дзяржавы, належнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, пастарацца ў максімальна кароткі тэрмін прыбыць да месца надзвычайнай сітуацыі і аказаць тым, хто трапіў у бяду, эфектыўную дапамогу. Важнейшай задачай таксама з'яўляецца папярэджанне розных здарэнняў, гібелі людзей і на вадзе, і ад пажараў, і ад іншых знешніх прычын", - рэзюмаваў міністр па надзвычайных сітуацыях.-0-

Фота Сяргея Шэлега
© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.