Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Ці хопіць беларусам яблыкаў і агародніны з "баршчовага набору" да новага ўраджаю?

31.08.2024
Ці хопіць беларусам яблыкаў і агародніны з

У Беларусі ідзе ўборка агародніны і садавіны. Ці хопіць вітаміннай прадукцыі да новага ўраджаю? Ці гатовы да яе прыёму і захоўвання нашы агародніна- і садавінасховішчы? Запыталі аб гэтым намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства - начальніка ўпраўлення бульбаводства, плодаагародніцтва, аграхіміі і аховы раслін Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяну Карбановіч.

Зберагчы з запасам

"Мінсельгасхарч сумесна з аблвыканкамамі, НАН Беларусі штогод праводзяць мэтанакіраваную работу па забеспячэнні вытворчасці бульбы і плодаагародніннай прадукцыі ў аб'ёмах, неабходных для задавальнення патрэб унутранага рынку і рэалізацыі на экспарт", - адзначыла Таццяна Карбановіч.

У бягучым годзе ў сельгасарганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках плануецца атрымаць: бульбы - 1091 тыс.т (101 працэнт да ўзроўню 2022 г.), агародніны - 610 тыс.т (101 працэнт), з іх агародніны адкрытага грунту - 501 тыс.т (капусты - 136 тыс.т, буракоў - 89 тыс.т, морквы - 220 тыс.т, цыбулі рэпчатай - 30,8 тыс.т), пладоў і ягад - 228,4 тыс.т (100 працэнтаў), з іх яблыкаў - 216 тыс.т.

Бульба, капуста, буракі сталовыя, морква, цыбуля рэпчатая і яблыкі закладваюцца ў стабілізацыйныя фонды. Асноўная мэта іх фарміравання - забеспячэнне ўнутранага рынку ў міжсезонны перыяд плодаагародніннай прадукцыяй айчыннай вытворчасці. У гэтым годзе плануецца закласці 122,8 тыс.т прадукцыі, у тым ліку бульбы - 47,6 тыс.т, капусты - 20,4 тыс.т, морквы - 11,6 тыс.т, буракоў - 6,3 тыс.т, цыбулі рэпчатай - 12,6 тыс.т, яблыкаў - 24,3 тыс.т.

"З улікам пагодна-кліматычных умоў бягучага года, сельскагаспадарчыя арганізацыі яшчэ не пачалі масавую ўборку ўраджаю, - звярнула ўвагу Таццяна Карбановіч. - Па стане на 28 жніўня, убрана 0,47 тыс.га бульбы (2 працэнты да плана), накапана 17,7 тыс.т бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 376 ц/га. Убрана 1,3 тыс.га агародніны ў адкрытым грунце. Сабрана 6,6 тыс.т агародніны пры сярэдняй ураджайнасці 50 ц/га (з улікам агародніннага гарошку). Сабрана 5,9 тыс.т пладоў і ягад, у тым ліку пладоў 2,9 тыс.т".

"Для закладкі стабілізацыйных фондаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання накіроўвае ў МАРГ, Мінгарвыканкам, "Белкаапсаюз" пералік найбольш значных вытворцаў плодаагародніннай прадукцыі. Такое ўзаемадзеянне дае магчымасць штогод забяспечваць у поўным аб'ёме закладку стабілізацыйных фондаў", - падкрэслівае субяседніца.

Каму давераць захоўванне?

Аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам праведзена інвентарызацыя спецыялізаваных сховішчаў. Іх агульная ёмістасць - больш за 1 млн т. У прыватнасці, бульбасховішчы - 720 тыс.т, агароднінасховішчы - 181 тыс.т, плодасховішчы - 105 тыс.т.

Ужо сфарміраваны папярэдні пералік сховішчаў бульбы і плодаагародніннай прадукцыі стабілізацыйных фондаў у міжсезонны перыяд 2023/2024 года. Напярэдадні новага нарыхтоўчага сезона праводзіцца іх абследаванне, ацэньваецца гатоўнасць да захоўвання і прыёмкі агародніны і пладоў з улікам асаблівасці кожнай культуры. Правяраецца, як працуе абсталяванне для актыўнага вентыліравання, мікраклімату, прыборы вымярэння тэмпературы, вільготнасці, як выканана дэзынфекцыя, рамонт (пры неабходнасці), як забяспечаны асвятленне, цеплаізаляцыя і інш.

Згодна з заканадаўствам, да 1 кастрычніка будуць устаноўлены аб'ёмы стабфондаў па наменклатуры тавараў, а таксама канчатковы пералік суб'ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць захоўванне, зацверджаны графікі штомесячнага выкарыстання аб'ёмаў тавараў. Іх закладка ў стабілізацыйныя фонды будзе праведзена да 1 снежня.

Стаўка на познія зімовыя сарты

Хутчэй за ўсё ў стабфондах заканчваюцца айчынныя яблыкі. Якія меры прымаюцца для ўстаранення гэтай сітуацыі?

"Дэфіцыт айчынных яблыкаў адзначаецца ў красавіку - маі. Гэта адбываецца з-за недахопу яблыкаў лёжказдольных сартоў і абмежаванай колькасці сховішчаў з рэгулюемым газавым асяроддзем, якія даюць магчымасць падоўжыць тэрмін захоўвання садавіны, - адзначыла Таццяна Карбановіч. - У адпаведнасці з дзяржпраграмай "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады прадугледжана штогадовая закладка інтэнсіўных садоў на плошчы 500 га, вызначаны мэтавыя задачы і прыярытэтныя напрамкі развіцця садоўніцтва ў рэспубліцы. Прадугледжваецца павелічэнне плошчаў пладовых пасадак за кошт закладкі садоў сартамі зімовага і позназімовага тэрмінаў спажывання, на слабарослых прышчэпах, па шчыльнай схеме пасадкі, у тым ліку з прымяненнем апорных канструкцый і ўладкаваннем паліву".

Найбольш эфектыўна пладаводства развіта ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Там атрымліваецца 80 працэнтаў садавіны ад агульнага аб'ёму вырашчанага ў рэспубліцы.

"Аб'ёмы вытворчасці пладова-ягаднай прадукцыі ў краіне дазваляюць штогод забяспечваць закладку стабфондаў на міжсезонны перыяд, прамысловую іх перапрацоўку, рэалізацыю прадукцыі на кірмашах, рынках і ў гандлі. Акрамя таго, Беларусь штогод экспартуе каля 70 тыс.т яблыкаў. Адрасы паставак - Маскоўская, Калінінградская, Ліпецкая, Арлоўская і іншыя вобласці Расійскай Федэрацыі", - расказала прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Стане больш нашых яблыкаў на прылаўках і сёння.

"Каб хутчэй запоўніць айчынныя прылаўкі беларускім яблыкамі, у адрас МАРГ і "Белкаапсаюза" накіравана аператыўная інфармацыя асацыяцыі "Белсадгадавальнік". У ёй пазначаны вытворцы яблыкаў, у тым ліку летне-асенніх тэрмінаў спажывання, а таксама чаканыя аб'ёмы іх вытворчасці ў бягучым годзе. Упэўнены, цеснае ўзаемадзеянне вытворцаў яблыкаў і гандлю не дадуць падставы гаварыць пра дэфіцыт айчынных яблыкаў на прылаўках магазінаў краіны", - адзначыла Таццяна Карбановіч.

Тамара МАРКІНА,

БЕЛТА.

© Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт, 2024.