З мэтай папярэджання дзіцячага траўматызму і няшчасных выпадкаў у летні
перыяд у Свіслацкай раённай бібліятэцы для наведвальнікаў аздараўленчага лагера
“Брыганціна” СШ №2 імя М.П.Масонава прайшла пазнавальная гутарка “Школа бяспечнага
лета”.
Бібліятэкар расказала дзецям, што такое бяспека і як засцерагчы ад
небяспекі свае летнія канікулы. Рабяты даведаліся аб сонечнай актыўнасці, якую
карысць прыносіць чалавеку вада і чым небяспечныя вадаёмы. Затым усе разам
паўтарылі правілы паводзін на дарозе, пагутарылі аб бяспечным харчаванні, аб
прадуктах, якія хутка псуюцца, аб правілах гігіены. Дзецям былі растлумачаны
правілы паводзін з незнаёмымі людзьмі на вуліцы і калі яны застаюцца дома адны.
Падчас мерапрыемства прысутныя з цікавасцю адгадвалі загадкі і адказвалі на
пытанні інтэрактыўнай віктарыны “Бяспечныя летнія канікулы”, атрымалі карысную
інфармацыю з відэароліка “Азбука бяспекі”, уважліва сачылі за героямі
мультфільмаў серыі “Чароўная кніга МНС”: “Правілы паводзін на вадаёмах”,
“Правілы бяспекі дома”, “Правілы паводзін на прыродзе”, “Небяспечныя насякомыя”.
Бібліятэкар пазнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з кнігамі, якія даюць простыя
парады, як пазбегнуць непрыемнасцей і правесці канікулы бяспечна і з карысцю
для свайго здароўя.
У выніку ўсе разам прыйшлі да высновы аб тым, што бяспека залежыць ад выконвання
правіл паводзін, якія трэба ведаць кожнаму.