Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
13.12.2021

Бальніцы пачалі атрымліваць атэстаты ад Міністэрства аховы здароўя. Што гэта мяняе для пацыентаў?

У Беларусі акрэдытавалі першыя бальніцы. Сярод атрымаўшых пасведчанні - Стаўбцоўская, Іванаўская, Кобрынская, Нясвіжская і Валожынская ЦРБ. Даведаліся, для чаго патрэбна медыцынская акрэдытацыя і што яна зменіць для пацыентаў. Стаўбцоўская ЦРБ прымала спецыяльную камісію Міністэрства аховы здароўя першай. - Усе пункты, якія неабходна было выканаць для атрымання акрэдытацыі, апрабаваны менавіта ў нас. Можна сказаць, што па прынцыпе нашай работы ацэньваліся і іншыя бальніцы, - адзначае галоўны ўрач Стаўбцоўскай ЦРБ Святлана Глебка. - Дакумент дае нам права аказваць спецыялізаваную хірургічную, акушэрска-гінекалагічную і рэанімацыйную дапамогу. Згодна з новым законам "Аб ахове здароўя" без пацвярджэння акрэдытацыі мы не маглі б займацца гэтым. Паводле слоў галоўнага ўрача, для калектыву ЦРБ атрыманы дакумент - прызнанне высокакваліфікаванай работы і медыцынскай дапамогі, якую яны кожны дзень аказваюць пацыентам. - Камісія дала ацэнку арганізацыі работы ўстановы, прымала пад увагу кадравую структуру, катэгарыйнасць урачоў і сярэдняга медперсаналу, наяўнасць і працаздольнасць абсталявання, матэрыяльна-тэхнічную базу, - пералічвае Святлана Здзіславаўна. - Праверылі пажарную бяспеку, ахову працы і санітарна-эпідэміялагічны рэжым. Адным словам, усе тыя напрамкі, якія датычацца непасрэдна аказання якаснай і бяспечнай меддапамогі насельніцтву. Улічваючы, што Стаўбцоўская ЦРБ атрымала акрэдытацыю з першага раза, можна зрабіць адназначны вывад: работа тут арганізавана ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі, якія прад'яўляліся для атрымання гэтага дакумента. - У асноўным мы абслугоўваем жыхароў Стаўбцоўскага раёна. Але ў структуры нашай установы таксама працуюць міжраённая лабараторыя і скурвенаддзяленне, - тлумачыць Святлана Глебка. - У бліжэйшы час плануецца адкрыццё міжраённага траўматалагічнага аддзялення. Аб гэтым гаварылася падчас наведвання нашай ЦРБ кіраўніком дзяржавы. На думку галоўнага ўрача Нясвіжскай ЦРБ Вікторыі Пражэнік, працэдура акрэдытацыі дае магчымасць ацаніць работу ўстановы аховы здароўя з усіх бакоў. - Мы атрымалі акрэдытацыю па чатырох напрамках: анестэзіялогія і рэанімацыя, акушэрства і гінекалогія, родадапамога, а таксама хірургія, - удакладняе Вікторыя Вікенцьеўна. - Ацэньвалася работа гэтых структурных падраздзяленняў, пачынаючы ад службовых інструкцый, наяўнасці падрыхтаваных кадраў і заканчваючы мерапрыемствамі па пажарнай бяспецы, вядзенні медыцынскай дакументацыі. Важнымі былі не толькі наяўнасць і працаздольнасць абсталявання, але і ступень ведаў супрацоўнікаў ЦРБ. Пацвярджаць медыцынскую акрэдытацыю неабходна кожныя тры гады. Выключэнне - сітуацыя, якая прадугледжвае пазачарговую атэстацыю. - Што яна дае пацыентам? У першую чаргу акрэдытацыя сведчыць аб тым, што чалавек можа атрымаць кваліфікаваную і бяспечную меддапамогу, якая адпавядае ўзроўню раённай бальніцы, - адзначае галоўны ўрач. - Ёсць неабходнае абсталяванне, персанал валодае тэхнікамі выканання розных аперацыйных умяшанняў, якія ўрачы іншай раённай бальніцы, магчыма, яшчэ не засвоілі. Напрыклад, мы праводзім розныя траўматалагічныя і лапараскапічныя аперацыі. У Беларусі з 23 ліпеня 2021 года з уступленнем у сілу новай рэдакцыі закона "Аб ахове здароўя" ўведзена медыцынская акрэдытацыя арганізацый аховы здароўя, якая з'яўляецца найважнейшым механізмам сістэмы кіравання якасцю меддапамогі. Марына МАНУЙЛІК, газета "7 дней".-0-