16.09.2022
        
        Беларусь атрымала аднагалосную падтрымку ад краін ШАС у імкненні стаць членам арганізацыі
 16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь атрымала аднагалосную падтрымку ў пытанні атрымання статусу паўнапраўнага члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у Самаркандзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 
  
 Беларусь з 2010 года з'яўляецца партнёрам ШАС па дыялогу, а з 2015 года - наглядальнікам у арганізацыі. "У нас было дастаткова часу, каб супаставіць мэты і задачы арганізацыі з інтарэсамі сваёй дзяржавы, ацаніць напружаны і канструктыўны характар яе работы, а таксама пераканацца ва ўласных сілах і магчымасцях", - сказаў кіраўнік дзяржавы. 
  
 "Мы вельмі ўдзячныя за аднагалосную падтрымку ў пытанні атрымання статусу паўнапраўнага члена", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 
  
 Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, з улікам стратэгічна важнага геаграфічнага палажэння Беларусь здольна арганічна дапоўніць структуру арганізацыі. "Можам прапанаваць свае транзітны, прамысловы, навуковы патэнцыял, вопыт міратворчай дзейнасці і шматбаковай дыпламатыі", - дадаў ён.