Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.10.2021

Качанава правяла прамую тэлефонную лінію

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сёння прамую тэлефонную лінію, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Тэлефонная лінія павінна была працаваць з 10.00 да 13.00, але традыцыйна званкі паступалі і пасля агаворанага часу. "З якімі пытаннямі людзі звяртаюцца? Вы ведаеце, шмат розных пытанняў. Радуе тое, што менш тых, якія датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі як такой. Гэта значыць, рамонт жылога фонду, добраўпарадкаванне. У большай ступені гэта маёмасныя пытанні, якія звязаны з нейкімі правамі людзей на ўласнасць. Гэта датычыцца і прыватнага жылля, і тых кватэрных пытанняў, з якімі людзі звяртаюцца", - расказала Наталля Качанава. Паводле яе слоў, сярод зваротаў дастаткова і тых, якія хвалююць кожнага грамадзяніна ў нашай краіне. "Гэта мір, спакой, нашы дзяржаўныя сімвалы. Пытанні, якія датычацца адукацыйнай сістэмы і ў большай ступені - чым сёння павінны займацца настаўнікі. Ёсць прапановы, каб свяшчэннаслужыцелі часцей бывалі ў школах. Вось такія пытанні гучаць. І мы для сябе робім высновы кожны раз, на якіх пытаннях нам трэба акцэнтаваць увагу ў сваёй рабоце, у рабоце з законапраектамі. Нават тыя пытанні, якія сёння паступілі па сістэме адукацыі. Вы ведаеце, што мы цяпер працуем над Кодэксам аб адукацыі. Таму мы яшчэ раз паглядзім, наколькі прапісана ў новай рэдакцыі кодэкса ўсё тое, з чым звяртаюцца да нас грамадзяне на прамых тэлефонных лініях", - адзначыла спікер. Наталля Качанава падкрэсліла, што людзі нярэдка звяртаюцца з пытаннямі і па ўдасканаленні заканадаўства. "Апошнім часам такіх зваротаў даволі шмат. Мы бачым, што сёння недзе яшчэ ёсць вузкія месцы. Вельмі шмат пытанняў па зямельных участках. У большай ступені, вядома, гэта датычыцца асабістых пытанняў кожнага чалавека, у якога або ва ўласнасці, або ў арэндзе ёсць зямельны ўчастак. Але гэта даволі балючыя пытанні, таму што яны звязаны не столькі часам з дзеючым заканадаўствам, колькі з міжасобаснымі адносінамі суседзяў, якія пражываюць побач. Але там, дзе гэта датычыцца заканадаўства, паверце, мы сёння вельмі шмат працуем па гэтых пытаннях. І, зразумела, яны знойдуць сваё адлюстраванне ў нарматыўна-прававых актах", - канстатавала яна. Так, у мінчаніна Валянціна Дзмітрыевіча ўзнікла праблема з выплатай кампенсацыі за знос дома. У Сяргея Віктаравіча з пасёлка Копішча Мінскай вобласці ўзнікла жыллёвае пытанне: ён развёўся з жонкай і ў прамым сэнсе аказаўся на вуліцы. Мужчына працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка майстрам па рамонце. Ён расказаў, што кватэру яны будавалі сумесна з жонкай. У іх двое дзяцей. Але кватэра была аформлена на цесця. Разам з тым у Сяргея Віктаравіча ёсць квітанцыі, якія пацвярджаюць факт аплаты. Але яму ўсюды адмаўляюць у разглядзе пытання, таму ён і звярнуўся на прамую лінію да старшыні Савета Рэспублікі. Валянціна Іванаўна з Оршы ініцыявала пытанне ўвядзення дадатковых ільгот для былых ваеннаслужачых. Вольга Зіноўеўна з Мінска дабіваецца аднаўлення на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сяргей Георгіевіч таксама пражывае ў Мінску. Цяпер ён пенсіянер, але раней працаваў у сферы адукацыі. Мужчына ўзняў тэму ўвядзення абавязковай школьнай формы і абмежавання выкарыстання мабільных тэлефонаў у школах. Пенсіянер выступае за ўзмацненне адказнасці за распаўсюджванне наркотыкаў, а таксама прапануе разгледзець больш актыўнае прыцягненне свяшчэннаслужыцеляў да пытанняў выхавання школьнікаў. Наталля Качанава лічыць, што прамая тэлефонная лінія - добрая форма ўзаемадзеяння з людзьмі. Галоўны вынік - магчымасць дапамагчы чалавеку ў вырашэнні яго праблемы. І такіх прыкладаў шмат. Прычым многія пытанні часам вырашаюцца на працягу прамой тэлефоннай лініі і асабістага прыёму. У прыватнасці, жыхарка вёскі Каралёў Стан Мінскага раёна Ірына Георгіеўна расказала, што ў іх рэгіёне ўзніклі праблемы з пітной вадой. "У нас з лютага ўзнікла праблема: паведамілі аб'явай, што ў вадзе выяўлены нітраты і яна непрыдатная для выкарыстання ў ежу. Мы звярталіся ў "Водаканал Мінскага раёна" з пытаннямі, нас прасілі пацярпець. Спачатку не маглі даставіць сістэму ачысткі, потым рэагенты. Ваду нам падвозілі ў цыстэрнах. Але яе часта прывозілі ў рабочы час. У чэрвені, калі даведаліся, што адбудзецца сустрэча жыхароў з Наталляй Качанавай, вырашылі звярнуцца да яе. Пасля звароту пытанне было вырашана дастаткова хутка. Таму жыхары Каралёў Стана ўдзячны Наталлі Іванаўне, - падкрэсліла яна. - Асабістыя звароты, вядома, працуюць. Але хацелася б, каб і мясцовыя кіраўнікі гэтак жа аператыўна рэагавалі на звароты грамадзян. Мы задалі ў час прыёму грамадзян пытанне па адной з дарог, якая пакуль не асфальтавана. Адказы прыйшлі ўжо ад адказных арганізацый, што пытанне будзе разгледжана". Ілона Мікалаеўна - шматдзетная маці з Мінска. Яе сям'я чакае дня ўезду ў новую кватэру ў Смалявічах. "Размеркаванне жылля было для маючых патрэбу шматдзетных сем'яў у лістападзе 2020 года, а ў снежні нам прапанавалі ўжо будаўніцтва. Былі названы тэрміны, што да канца першага квартала 2021 года павінна выйсці праектная дэкларацыя і дом павінен быць здадзены 1 ліпеня. Але паколькі дэкларацыі не было і дом не здаваўся, мы звярнуліся да Наталлі Іванаўны. Яна давала ўказанні, што да 25 жніўня павінна выйсці дэкларацыя. Яна выйшла 24 жніўня. Паводле дагавора з УКБ павінны былі здаць дом у эксплуатацыю 21 лістапада, але ўжо ў суботу мы атрымалі паведамленне, што тэрмін зноў пераносіцца. Дом павінен быць здадзены 31 снежня, а засяленне - як будуць гатовы інжынерныя сеткі. У нас дом эксперыментальны, ён поўнасцю завязаны на электрычнасці, і таму за кошт гэтай усёй нагрузкі пакуль не могуць да канца разлічыць усе інжынерныя сеткі, - удакладніла жанчына. - Мы вельмі ўдзячны Наталлі Іванаўне за дапамогу. Калі б не яна, то мы да гэтага часу чакалі б выхаду дэкларацыі і не змаглі б заключаць дагаворы на субсідыю на сямейны капітал". І гэта толькі некалькі прыкладаў той вялікай работы, якую праводзяць сенатары са зваротамі грамадзян. Наталля Качанава нагадала, што заўтра адбудзецца сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. З дакладам аб выніках работы прамысловага, нафтахімічнага, энергетычнага комплексаў і перспектывах развіцця гэтых сегментаў эканомікі ў рамках існуючых сусветных тэндэнцый перад парламентарыямі выступіць намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў. У тым ліку для парламентарыяў гэта магчымасць абмеркаваць пытанні, якія сёння хвалююць людзей. "Думаю, тыя пытанні, якія назбіраліся ў нас у час сустрэч з людзьмі, заўтра будуць агучаны намесніку прэм'ер-міністра, каб мы атрымалі на іх адказы. Гэта добрая форма работы. У першай палавіне дня мы працуем сумесна з Палатай прадстаўнікоў, а ў другой палавіне будзем разглядаць законапраекты, якія паступілі на разгляд у Савет Рэспублікі", - рэзюмавала спікер. "Грамадзяне паказалі вялікую зацікаўленасць да прамой лініі са спікерам Савета Рэспублікі. Толькі за першую гадзіну работы зафіксавана амаль 64 тыс. спроб дазваніцца, з 10.00 да 14.00 - 208 944. Да гэтага часу званкі прадаўжаюцца - людзі не пакідаюць спроб звязацца з Наталляй Качанавай. Гэта сведчыць аб тым, што верхняя палата парламента і старшыня Савета Рэспублікі карыстаюцца вялікім аўтарытэтам і даверам у беларускім грамадстве. Больш таго, многія грамадзяне гаварылі, што для іх размова з Наталляй Качанавай - апошняя надзея і спроба адшукаць праўду ў вырашэнні пытання", - расказала журналістам загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела сакратарыята Савета Рэспублікі Кацярына Рэчыц. Паводле яе слоў, пытанні ўзнімаліся самыя розныя. "Гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, работа ЖКГ, капітальны рамонт жылых памяшканняў, падвядзенне камунікацый, электразабеспячэнне, работа дзіцячых садоў, школ, пунктаў грамадскага харчавання. Многія звароты былі прысвечаны пытанням адукацыі, выхавання моладзі, патрыятызму. Па многіх зваротах ужо вядзецца актыўная прапрацоўка і ў бліжэйшы час будуць прыняты рашэнні, - дадала загадчык аддзела. - Сёння спікер правяла размову з 37 заяўнікамі, з астатнімі грамадзянамі работа прадоўжыцца ў іншых фарматах". Кацярына Рэчыц падкрэсліла, што ў многіх зваротах гучала падзяка. "Грамадзяне выказвалі ўдзячнасць спікеру за прафесійны падыход, суперажыванне і ўважлівае стаўленне да кожнага. Многія таксама выказвалі падзяку ў адрас палітычнага кіраўніцтва краіны за мудрасць, дальнабачнасць і прынцыповую пазіцыю, якія даюць магчымасць краіне процістаяць знешнім выклікам і захоўваць уласны суверэнітэт. Асабліва мяне кранула, што некаторыя нават чыталі па тэлефоне вершы і малітвы за Беларусь, жадаючы працвітання, міру і спакою нашай краіне", - дадала яна. Такі фармат работы з улікам высокай эфектыўнасці будзе прадоўжаны. У будучым прамыя тэлефонныя лініі з Наталляй Качанавай будуць праводзіцца часцей, чым адзін раз у месяц. "Нагадаю: прамыя лініі не адзіная форма ўзаемадзеяння з грамадзянамі. Паралельна ідуць асабістыя прыёмы, выезды ў рэгіёны. Работа ў такім фармаце з улікам яго высокай эфектыўнасці будзе прадоўжана. Пытанні, якія сёння прагучалі ў ходзе прамой лініі, узяты на асабісты кантроль Наталляй Качанавай і па іх ужо дадзены даручэнні сенатарам, работнікам сакратарыята Савета Рэспублікі і адказным службовым асобам, у чыю кампетэнцыю гэтыя пытанні ўваходзяць. Кожнае пытанне заўсёды знаходзіцца пад кантролем і даводзіцца да лагічнага завяршэння", - канстатавала загадчыца аддзела.-0-