20.10.2023
        
        Лукашэнка прапануе Экватарыяльнай Гвінеі стварыць сумесную вытворчую базу
 19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе Экватарыяльнай Гвінеі стварыць сумесную вытворчую базу для выхаду на рынкі суседніх афрыканскіх дзяржаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў, міжнароднага супрацоўніцтва і дыяспары Экватарыяльнай Гвінеі Сімяонам Аёна Эсона Ангуэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 
  
 "Я ўжо гаварыў Прэзідэнту Экватарыяльнай Гвінеі і яшчэ раз хачу падкрэсліць, што ў Беларусі ёсць усе тэхналогіі, каб узняць вашу краіну на больш высокі ўзровень. Вы ў гэтым вельмі зацікаўлены таксама. Сутнасць нашых прапаноў у тым (і я таксама гаварыў у час візіту вашага Прэзідэнта), што мы гатовы не толькі прадаваць вам прадукцыю, у якой вы маеце патрэбу, мы гатовы не толькі перадаваць вам тэхналогіі, але мы гатовы навучыць вашых людзей працаваць ва ўмовах гэтых тэхналогій. І добра было б (гэта другі напрамак), калі б у нас з вамі атрымалася стварыць такую вытворчую базу ў Экватарыяльнай Гвінеі, якая змагла б працаваць хаця б на суседнія дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт. 
  
 Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што гэты візіт міністра замежных спраў, міжнароднага супрацоўніцтва і дыяспары Экватарыяльнай Гвінеі стане галоўным этапам у падрыхтоўцы маючай адбыцца сустрэчы двух лідараў. 
  
 Сімяон Аёна Эсона Ангуэ ў сваю чаргу падзякаваў беларускаму лідару за сустрэчу і перадаў яму пасланне ад Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі. 
  
 
 Як паведамлялася, у пачатку верасня Беларусь з афіцыйным візітам наведаў Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгема Мбасога. Праграма візіту была вельмі насычанай і ўключала афіцыйныя перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці, падпісанне двухбаковых дакументаў, наведванне прадпрыемстваў, азнаямленне з магчымасцямі беларускіх вытворцаў. 
  
 Наведаць Экватарыяльную Гвінею з візітам у адказ плануе і Прэзідэнт Беларусі. 
  
 Міністр замежных спраў, міжнароднага супрацоўніцтва і дыяспары Экватарыяльнай Гвінеі прыбыў у Беларусь на чале вялікай дэлегацыі. У яе склад увайшлі міністры сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі і зямельнага развіцця, аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння, лясоў і навакольнага асяроддзя, сацыяльнага і жыллёвага будаўніцтва і гарадскога планавання, намеснікі міністраў гандлю, прамысловасці і развіцця бізнесу, культуры, турызму і развіцця рамёстваў, фінансаў і бюджэту. 
  
 У Мінску 18-19 кастрычніка ўрады Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі правялі першае пасяджэнне сумеснай пастаяннай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве. Паралельна адбылося завяршэнне міждзяржаўнай працэдуры па ўступленні ў сілу рамачнага пагаднення аб супрацоўніцтве. 
  
 У якасці прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва бакі разглядаюць сельскую гаспадарку і харчовую бяспеку (пастаўкі тэхнікі, абсталявання і прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчыя тэхналогіі, угнаенні, прафесійная падрыхтоўка кадраў), інфармацыйныя тэхналогіі, ахову здароўя, адукацыю, турызм, будаўніцтва, развіццё сферы паслуг, малога і сярэдняга бізнесу, стварэнне вытворчых магутнасцей у галіне дрэваапрацоўкі. 
  
 Беларусь разглядае Экватарыяльную Гвінею як вароты ў Заходнюю і Цэнтральную Афрыку. Прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні там вытворча-лагістычнага хаба беларускай прадукцыі, які будзе выкарыстаны ў тым ліку для паставак тавараў у суседнія краіны.