30.07.2024
"Ніякага турызму. Павінен быць вынік". Лукашэнка запатрабаваў узмацніць работу па рэалізацыі замежных дамоўленасцей
29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ураду неабходна павысіць эфектыўнасць работы па рэалізацыі дамоўленасцей з замежнымі партнёрамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 ліпеня на нарадзе па міжнародных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У пачатку мерапрыемства кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што міжнародны парадак дня застаецца вельмі напружаным. Графік міжнародных сустрэч апошнім часам даволі насычаны. "Усё гэта патрабуе значнай канцэнтрацыі ўвагі на праведзеных і будучых мерапрыемствах", - растлумачыў Прэзідэнт неабходнасць правядзення нарады.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі прымаюцца правільныя рашэнні па наладжванні супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, выбудоўваюцца адносіны на доўгатэрміновую перспектыву. У той жа час Прэзідэнт раскрытыкаваў урад за недастатковую эфектыўнасць, настойлівасць пры рэалізацыі тых або іншых дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні.
"Давайце дамовімся, што роля Прэзідэнта, як вобразна кажуць, - адкрыць акно ў тым ці іншым напрамку, стварыць агульную аснову, фундамент для будучых дамоўленасцей членаў урада і прэм'ер-міністра. А ўжо ўрад (кіруемы Міністэрствам замежных спраў пад кантролем Адміністрацыі Прэзідэнта) павінен рэалізоўваць тыя ці іншыя дамоўленасці. Не гаворачы ўжо аб вашых дамоўленасцях - членаў урада, - якіх вы дасягаеце ў працэсе сваіх паездак", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.
"Турыстычных паездак быць не павінна. Ніякага турызму. Павінен быць вынік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Мэта гэтай нарады, паводле слоў Прэзідэнта, - зверыць гадзіннікі, прадумаць крокі на бліжэйшую перспектыву і дзеянні па выкананні тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты ў выніку візітаў у асобныя краіны.-0-