Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.07.2024

Ці зможа навука ў Беларусі зрабіць "квантавы скачок"? Лукашэнка патрабуе ад вучоных апярэджваць час

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Без рэальнага прарыву ў навуцы падняцца на наступную ступень развіцця эканомікі немагчыма, і таму навука павінна апярэджваць час, а не плесціся ў хвасце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 ліпеня на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Гэта група створана па распараджэнні кіраўніка дзяржавы ў чэрвені бягучага года. Яна працуе на пастаяннай аснове і павінна вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак вучоных НАН Беларусі, укаранення распрацовак у галінах эканомікі і сацыяльнай сферы, распрацоўкі імпартазамяшчальнай прадукцыі і тэхналогій, экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Штогод рабочая група будзе прадстаўляць Прэзідэнту даклад аб выніках работы і прапановы па вырашэнні выяўленых праблемных пытанняў. Як падкрэсліў ва ўступным слове кіраўнік дзяржавы, Беларусь цяпер знаходзіцца на такім этапе развіцця, калі без навукі немагчыма зрабіць ніякага руху наперад. "Таму навука і яшчэ раз навука", - заўважыў ён. І ў Беларусі займаюцца навуковымі даследаваннямі як прыкладнога, так і фундаментальнага характару. Але з чым тады звязана стварэнне рабочай групы, якая павінна вывучыць сітуацыю ў навуковым асяроддзі, перш за ўсё ў Акадэміі навук? Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: "Навуцы мы аддаём усе прыярытэты, без яе развіццё немагчыма. Але апошнім часам я бачу, што Акадэмія навук дапускала сур'ёзныя пралікі. Гэта таксама бывае. Навука такая рэч, калі даводзіцца ісці непраторанымі шляхамі, калі трэба асвойваць сур'ёзныя праблемы, браць вяршыні. Таму, зразумела, памылкі магчымы. Але, што мяне насцярожыла, што памылкі дапускаліся Акадэміяй навук там, дзе іх быць не павінна, дзе мы ўжо нечаму навучыліся: у жывёлагадоўлі, у раслінаводстве". Напрыклад, у НАН створаны і працуюць навукова-практычныя цэнтры, дзейнасць якіх, паводле слоў Прэзідэнта, не лепшая за іншыя аналагічныя структуры, што існуюць па-за Акадэміяй навук. "А павінны быць лепшымі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, да стварэння рабочай групы падштурхнулі звароты некаторых спецыялістаў, членаў урада. "Мяне пераконваюць у тым, што нам трэба сур'ёзна паглядзець на развіццё акадэмічнай навукі і прыняць адпаведныя рашэнні па ўсіх напрамках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пытанняў да дзейнасці навуковай супольнасці, паводле слоў Прэзідэнта, назбіралася шмат: "Ёсць асобныя поспехі, але і незадаволенасць вынікамі таксама сур'ёзная". Пастаянна дзеючая рабочая група на чале са старшынёй Камітэта дзяржкантролю, якому даручана прыцягнуць да дзейнасці групы адказных кампетэнтных спецыялістаў, павінна адказаць на злабадзённыя пытанні развіцця НАН. Паколькі работа гэтай групы пачалася нядаўна, Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад заўчасных вывадаў і арыентаваў на дэталёвае абмеркаванне шырокага кола пытанняў, што стаяць перад групай, яе мэт і задач. "Менавіта ў гэтым ключы павінна ісці размова, - растлумачыў Прэзідэнт. - Не хачу, каб прысутныя тут кіраўнікі НАН і вучоныя падумалі, што мы тут рыхтуем нейкую акцыю супраць Акадэміі навук. Не. Нам трэба вельмі сур'ёзна падысці да вывучэння праблем Акадэміі навук і прыняць адпаведныя рашэнні, таму што без навукі далей нікуды". Першы даклад групы па выніках работы павінен адбыцца ў канцы года, пасля чаго і будуць прымацца рашэнні, аб якіх гаварылася вышэй. Калі ёсць прапановы для неадкладнага прыняцця рашэнняў, то, як адзначыў Прэзідэнт, ён гатовы іх выслухаць. "Не спрабуйце рабіць канчатковыя вывады, не спяшайцеся. Пытанне вельмі сур'ёзнае", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы. Гаворачы ў цэлым аб развіцці навукі і яе значэнні, Прэзідэнт падкрэсліў: "Мы жывём у эпоху беспрэцэдэнтных магчымасцей развіцця нашай краіны. Магчымасці каласальныя. Упусціць нельга. Ёсць устойлівая база і пэўныя вынікі як у традыцыйных галінах, так і ў новых напрамках эканомікі. Але без рэальнага прарыву ў навуцы падняцца на наступную ступень будзе не проста цяжка - немагчыма. Навука павінна апярэджваць час, але ні ў якім разе не плесціся ў хвасце", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з першых дзён прэзідэнцтва ставіў працу вучоных у аснову ўсіх пераўтварэнняў у жыцці грамадства. "Развіццё айчыннай навукі - важнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі, - заявіў беларускі лідар. - У свой час мы не далі знішчыць навуковыя школы і шматгадовыя напрацоўкі. Зрабілі ўсё магчымае для іх захавання". Настаў час запатрабаваць з вучоных за канкрэтны рэзультат, канстатаваў Прэзідэнт: "З якімі фундаментальнымі, стратэгічнымі распрацоўкамі мы ўвойдзем у новыя сярэдне- і доўгатэрміновую праграмы развіцця рэспублікі? Ці гатовы забяспечыць свой тэхналагічны суверэнітэт у цяперашніх рэаліях?" Пры гэтым гаворка, паводле слоў Прэзідэнта, не толькі і не столькі аб санкцыях. "Мы да гэтага прывыклі ўжо (да наяўнасці санкцый. - Заўвага БЕЛТА). Яны - праходзячае. Я гавару пра вельмі інтэнсіўнае развіццё свету, асабліва ў Азіі, на Усходзе, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Але і Захад не спіць у шапку. На апошнім саміце НАТА заяўлены чацвёрты прыярытэт (аж да стварэння цэнтральных органаў на ўзроўні Альянсу) - "тэхналагічны рывок". "А гэта - квантавыя тэхналогіі, штучны інтэлект, біялогія і лічбавая трансфармацыя, - прадоўжыў ён. - Мы не павінны і не маем права адстаць". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўлада і грамадства адзіныя ў меркаванні аб важнасці гэтых задач, і гэта паказалі нядаўнія сацыялагічныя даследаванні. "У прыярытэтах развіцця краіны беларусы на першае месца паставілі навукаёмістыя галіны прамысловасці, якія забяспечваюць тэхналагічны прарыў і выхад на знешнія рынкі, а таксама высокатэхналагічныя галіны аграпрамысловага комплексу, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта стратэгічна правільны падыход. Дарогі, жыллё, адукацыя, культура, спартыўныя аб'екты - усё гэта будзе развівацца, калі забяспечым у краіне навукаёмістую канкурэнтаздольную вытворчасць. Адсюль - экспарт, дастойныя зарплаты, падаткі і бюджэт". Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што поспех на новых рынках залежыць ад таго, з якім прадуктам туды зайсці і наколькі ён будзе запатрабаваны. І вузаўскі, і галіновы, і акадэмічны сектары навукі павінны працаваць на гэту мэту ў цесным узаемадзеянні. Наколькі яно наладжана, яшчэ трэба будзе прааналізаваць, вывучыўшы таксама ці не занадта распыляюцца намаганні і сродкі з улікам кампактнасці Беларусі, адзначыў Прэзідэнт. "Галоўнае - айчынная навука павінна рухаць эканоміку краіны. Гэта значыць, павінен быць канкрэтны рэзультат, адчувальны для дзяржавы і для людзей. Асабліва ў цяперашні час", - запатрабаваў беларускі лідар. Прэзідэнт звярнуў увагу, што зусім не адмаўляе развіццё фундаментальнай навукі. Яна дазваляе зазірнуць за гарызонт, што важна, і яна будзе развівацца ў Беларусі. "Але сённяшні дзень робяць рэзультаты прыкладных даследаванняў. Менавіта яны ўзнімаюць краіну на новы ўзровень", - зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. Як у пачатку сустрэчы, так і ў ходзе далейшай дыскусіі Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што на дадзены момант не стаіць задача прыйсці да канкрэтных вывадаў і рашэнняў. Гэта мерапрыемства праводзіцца для таго, каб заслухаць розныя меркаванні, у тым ліку крытычнага характару, актуалізаваць існуючыя праблемы і ў першым прыбліжэнні аб'ектыўна абмеркаваць стан айчыннай навукі. Дзейнасць рабочай групы будзе прадоўжана. Як і прадугледжана падпісаным раней распараджэннем Прэзідэнта, да 1 лістапада бягучага года (а ў далейшым - штогод да 15 ліпеня) рабочая група павінна прадставіць кіраўніку дзяржавы даклад аб выніках работы і прапановы па вырашэнні выяўленых праблемных пытанняў. Гэтыя матэрыялы плануецца таксама разгледзець на ўзроўні парламента і ўрада, пасля чаго павінна адбыцца вялікая прадметная размова Прэзідэнта з усімі зацікаўленымі, па выніках якой кіраўнік дзяржавы будзе прымаць канкрэтныя рашэнні.