Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.04.2021

Выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі прайшло ў Мінскім аўтамеханічным каледжы

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі "Развіццё сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэнне прэстыжу рабочых прафесій у кантэксце праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі" пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай адбылося сёння на базе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цяпер парламентарыі працуюць над унясеннем змяненняў у Кодэкс аб адукацыі. У першым чытанні законапраект быў прыняты на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў. "Сенатары падключыліся ўжо да гэтай работы. Аднак для таго, каб паглядзець, якая на самай справе складваецца сітуацыя ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны, яшчэ раз зрабіць акцэнт на неабходнасці павышэння прэстыжу рабочых прафесій, мы праводзім у гэтым каледжы выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. Гэта пытанне важнае і актуальнае. Сёння зусім іншы ўзровень рабочых спецыяльнасцей - гэта лічбавізацыя, творчасць, веданне замежных моў. І, вядома, мы павінны добра разумець, якая будзе існаваць патрэбнасць у кадрах у бліжэйшай, сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Мы павінны падлічыць усё гэта, каб наша эканоміка забяспечвалася тымі кадрамі, якія будуць патрэбны ў тых ці іншых галінах", - адзначыла Наталля Качанава. Яшчэ адно актуальнае пытанне - узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з прадпрыемствамі-заказчыкамі, якім патрэбны гэтыя спецыялісты. "Гэта цеснае супрацоўніцтва сёння дае вынікі. Як, напрыклад, узаемадзеянне аўтамеханічнага каледжа з нашым вядучым прадпрыемствам "МАЗ". Іншыя ўстановы адукацыі таксама супрацоўнічаюць з прадпрыемствамі. Там сёння навучаюцца хлопцы, якія заўтра прыйдуць працаваць на прадпрыемствы. Пытанні ёсць, і іх трэба вырашаць аператыўна. Акрамя таго, сродкі масавай інфармацыі таксама павінны ўнесці пэўную лепту, паказваць людзей працы, іх жыццёвы шлях і дасягненні", - адзначыла спікер. Як расказаў старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, у гэтым годзе ў іх рэгіёне запушчаны прафарыентацыйны праект "#Эканоміка. Асоба. Будучыня". Яго сутнасць у тым, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі і вучні старшых класаў наведваюць вядучыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, знаёмяцца з іх работай, укладам у эканоміку рэгіёна, пазнаюць нюансы той ці іншай прафесіі. "Гэты праект быў апрабаваны ў Шчучынскім раёне. У час экскурсій нашым настаўнікам мы паказваем прамысловыя, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы рэгіёна, сацыяльную сферу. Кіраўнікі прадпрыемстваў расказваюць, як сёння ажыццяўляецца працэс вытворчасці, як заваёўваюцца новыя рынкі. Выкладчыкі павінны ўбачыць на практыцы, чаму сёння яны навучаюць нашых дзяцей, каб на ранніх стадыях яны дапамаглі падказаць маладым людзям, як прадумаць далейшае жыццё, якія спецыялісты і напрамкі цяпер актуальныя і перспектыўныя", - растлумачыў ён. Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з выстаўкай тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода на пляцоўцы перад вучэбным корпусам філіяла аўтамеханічнага каледжа, а таксама вывучылі магчымасці прымянення ў працэсе навучання існуючых напрацовак і матэрыяльна-тэхнічнай базы, наведалі майстар-класы па кампетэнцыях WorldSkills Belarus. "За 75 гадоў існавання каледжа падрыхтавана каля 24 тыс. высокакваліфікаваных спецыялістаў. Мы ўдзяляем вялікую ўвагу якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, павышэнню кваліфікацыі выкладчыкаў, - дадаў дырэктар Мінскага аўтамеханічнага каледжа Валерый Кірыленка. - На мой погляд, трэба грунтоўна працаваць з прадпрыемствамі - заказчыкамі кадраў, асабліва з тымі, што ўкараняюць інавацыі ў вытворчасць. Адпаведна, інавацыі неабходна ўносіць і ў адукацыю. Прадпрыемствы павінны не толькі быць спажыўцамі кадраў, але і ўдзельнічаць ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. У нас ёсць выдатны прыклад плённага супрацоўніцтва з прадпрыемствам "МАЗ-Вейчай", якое задоўга да будаўніцтва свайго завода ў Кітайска-беларускім парку "Вялікі камень" ужо думала аб стварэнні вучэбнага цэнтра на базе нашага каледжа, дзе будуць рыхтаваць спецыялістаў. За восем месяцаў гэты цэнтр быў створаны. Сёння гэта дазваляе накіроўваць навучэнцаў па пяці спецыяльнасцях на зборачныя вытворчасці гэтага завода, а таксама на сэрвісныя прадпрыемствы, дзе абслугоўваюцца і рамантуюцца аўтамабілі МАЗ з устаноўленымі рухавікамі Weichai".