18.07.2024
Вызваленне Беларусі. Люблінска-Брэсцкая наступальная аперацыя
18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 18 ліпеня 1944 года пачалася Люблінска-Брэсцкая наступальная аперацыя войскаў 1-га Беларускага фронту як састаўная частка стратэгічнай Беларускай аперацыі. Задума савецкага камандавання заключалася ў тым, каб ударамі ў абход Брэсцкага ўмацаванага раёна з поўначы і поўдня разграміць брэсцкую і люблінскую групоўкі праціўніка і, развіваючы наступленне на варшаўскім напрамку, выйсці на шырокім фронце да ракі Віслы. 18 ліпеня савецкія войскі перайшлі ў наступленне. У першы ж дзень на напрамку галоўнага ўдару абарона праціўніка была прарвана, і 20 ліпеня злучэнні першага эшалона выйшлі на шырокім фронце да ракі Заходні Буг, фарсіравалі яе з ходу і ступілі на тэрыторыю Польшчы. Поспеху левага крыла 1-га Беларускага фронту садзейнічала пачатае 13 ліпеня наступленне войскаў 1-га Украінскага фронту.
70-я армія, фарсіраваўшы Заходні Буг, абышла Брэст з паўднёвага захаду, а 28-я армія выйшла да Заходняга Буга на паўночны захад ад Брэста. Шляхі адыходу брэсцкай групоўкі праціўніка на Захад былі адрэзаны.
18 ліпеня 1944 года ўрад БССР пераехаў з Гомеля ў Мінск.-0-