Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
25.02.2021

Прыстанак для адзіноты

Аграгародок Дабраволя, вуліца Кастрычніцкая, дом 22. Гэта адрас дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, дзе знаходзяць свой жыццёвы прыстанак дзясяткі людзей. Трапляюць у гэтую сацыяльную ўстанову па розных абставінах. Часцей жа сюды прыводзіць адзінота. Вядома, пакуль ты малады і здаровы, у паўсядзённай працы і клопатах аб уласнай гаспадарцы не заўважаеш, што вечарамі няма да каго аказацца. А калі няўмольная старасць прывязвае да хаты ці, яшчэ горш, да ложка, калі сапраўдным выпрабаваннем робяцца бытавыя цяжкасці, тады жыццёва важнай становіцца ўвага неабыякавых добрых людзей. І яе можна знайсці тут, у доме-інтэрнаце, для супрацоўнікаў якога клопат аб прадстаўніках старэйшага пакалення – гэта не проста праца, а місія. Усе, хто жыве ў доме-інтэрнаце, у адзін голас кажуць, што гэтае месца стала для іх другім домам. Ахвотна верыцца, бо нельга не заўважыць таго ўзроўню камфорту і абслугоўвання, сапраўднай хатняй абстаноўкі, якімі кваліфікаваны персанал імкнецца ахутаць пастаяльцаў установы. Усё тут робіцца з разумення патрэбаў людзей сталага ўзросту.  – Чым старэйшым чалавек становіцца, тым больш увагі і клопату яму патрабуецца , – гаворыць  старэйшая медсястра Галіна Ляшчук.  –  На жаль, неабходны догляд могуць атрымаць у сябе дома не ўсе. Па той банальнай прычыне, што проста не маюць родзічаў. У такім выпадку час і сілы для клопату аб іх знаходзяцца ў нашых работнікаў. Лічу, што не сорамна ў цяжкіх жыццёвых абставінах звярнуцца да паслуг нашага дома-інтэрната. Тут табе, як кажуць, і дах над галавой, і стол. У сталоўку запрашаюць чатыры разы на дзень (плюс – у дадатак пад вечар прапануюць сок ці кефір). Рацыён разнастайны, вітамінны. Летам, вядома, змяшчае больш зеляніны. Гатуюць павары з душой, значыць, смачна. Аб гэтым красамоўна сведчаць пустыя талеркі, што вяртаюцца са сталоўкі на кухню. Цёплыя, даверлівыя, амаль сваяцкія адносіны складваюцца ў пенсіянераў з санітарачкамі. Гэта іх рукі клапатліва мыюць іх, дапамагаюць пераапрануцца, мяняюць бялізну, падтрымліваюць чысціню ў пакоях. Асаблівая ўвага надаецца ў доме-інтэрнаце і медыцынскаму абслугоўванню. Па першаму поклічу спяшаюцца да сваіх падапечных дзве Галіны, старэйшая медсястра і фельчар. Акрамя таго, тут прадугледжаны рэгулярны абход пакояў. Пры неабходнасці раздаюцца лекі. Меддапамогу, якую не могуць аказаць на месцы, пастаяльцы дома-інтэрната атрымліваюць у райцэнтры ў дактароў патрэбнага профілю. Так сказаць, строга, але ненадакучліва кантралюецца стан фізічнага здароўя і душэўнага спакою пажылых людзей. Цалкам ад санітарак і медработнікаў залежаць тыя, хто ўжо не ў стане ўстаць з ложка. Тут дарэчы прышліся проціпролежневыя матрацы, атрыманыя год таму ад благачыннай арганізацыі “ Сафія ”. Але і да іх з’яўлення ва ўстанове не дапускалі пролежняў, адказна ставячыся да ўсіх неабходных у такім выпадку працэдур. Вось ён – прафесіяналізм у звязцы з чалавечнасцю. Не ва ўсіх родных так атрымаецца. Не ўсім блізкім хопіць цярпення і сіл. А тут – хапае. Атрымаўшы “пуцёўку” ў Дабраволю, бабулькі і дзядулькі трапляюць у атмасферу ветлівасці і добразычлівасці. А што самае галоўнае – ніхто тут не адчувае сябе адзінокім. Кругласутачны догляд, зносіны ў коле равеснікаў выключаюць негатыў і сумныя думкі з жыцця пастаяльцаў. Добрая атмасфера не мяжуецца сценамі ўстановы. Колькі пазітыву і бадзёрасці можна атрымаць на вуліцы, выйшаўшы на прагулку! Дом-інтэрнат стаіць у жывапісным месцы. Прыветліва шуміць наўкола лес, па вясне і ўлетку не змаўкаюць птушыныя спевы. Ці не ў такім куточку марыў жыць вядомы француз-філосаф Жан-Жак Русо? Якраз у такім, бо меў намер, як кажа гісторыя, купіць сабе кавалак зямлі паблізу, у Жаркаўшчыне. Гэта зараз зіма снегам зацерушыла, а так тут – раздолле і любата! Што ні кажы, а добра пасядзець на лавачцы, пагрэцца на сонейцы ці схавацца ў цень пад навесам новенькай бяседкі. Яна ўпрыгожыла тэрыторыю год таму. Адчуваецца гаспадарская рука дырэктара ўстановы Эдварда Астравуха. Нядаўна паклапаціўся аб уладкаванні навеса для захоўвання цвёрдага паліва. Цяпер у брыкета і дроў ёсць свой дах. І практычна, і воку прыемна глянуць. Усё паступова абнаўляецца, прырастае. Па вясне вось плануюць распачаць капітальны рамонт харчаблока. Гэтыя важкія крокі робяцца для таго, каб і працаваць, і жыць у доме-інтэрнаце было камфортна, каб не было тут адчування шэрага і панурага казённага дома. Паслухалі мы і саміх пастаяльцаў. Як жывецца? –  Ну, нічога. Добра , – ахвотна ўступае ў размову  Разалія Карлаўна Машчанкова.  –  Шкада толькі, што цяпер праз вірус брама закрыта, нікога не пускаюць. Ніхто не можа прыехаць, пагаварыць. А так нічога. Дні хутка ідуць, так хутка… Здаецца, толькі нядзеля была… Заняцца мне ёсць чым: то пашыю што, то пачытаю, то паляжу. Якось памаленьку. Я тут ужо дзевяць гадоў. 91 мне будзе 24 сакавіка. Раней кожны год ездзіла дадому на тры месяцы ў “водпуск”. Пабуду. Там у мяне работа ёсць, не пасяджу без справы і пяць хвілін. Жанчын там многа знаёмых, добрых сябровак, папрыходзяць да мяне, пасядзім, пагутарым… Зёлкі розныя люблю збіраць. Сушыла і сюды таксама прывозіла. Прыхарошвае жыццё Разаліі Карлаўны і Уладзімір Уладзіміравіч Сухадолаў. Сустрэліся два адзіноцтвы тут, у доме-інтэрнаце. І як толькі пазнаёміліся, сталі – вадой не разліеш. Разам праводзяць час. Удваіх – яно лягчэй і весялей. Ганна Паўлаўна Шчолак  жыве ў Дабраволі нядаўна, з кастрычніка. Пераехала сюды з Грынок. – Добра тут,  – кажа. –  Навараць, накормяць, спаць паложаць, прыбяруць за табой. А ты ведай ляжы. А ў хаце я што б рабіла? Няма ў мяне нікога. Адзінокая я. У мяне ўсё баліць па старасці. А тут лечаць, таблеткі даюць. Не так далягае. А сама па сабе не дам рады. – І раптам пацікавілася: – У газету пра нас пісаць будзеце? Тады перадайце прывітанне ад мяне майму сацыяльнаму работніку з Грынок Святлане Гінч і загадчыку ФАПа Марыне Трахімік. Яны мне вельмі дапамагалі раней. І зараз не забываюць, наведваюць. Дзякуй за клопат і работнікам дома-інтэрната. З усмешкай пра сваё цяперашняе жыццё-быццё расказвае  Марыя Фёдараўна Арол: – Я сама з Лідзян. Зімую тут пятую зіму. Дадому? Не-не, не хачу. Таму што няма нікога там. І вёска пустая, і дом пусты. Я рада, што сюды трапіла. Тут людзі, тут мне добра. Вось бачыце, як у нас весела... І праўда. У калідоры палілася песня. Ёсць тут дзве знатныя пявунні – Марыя Міхайлаўна Гетманчук і Ядвіга Гаўрылаўна Радзецкая. Дзве сяброўкі. Спяваюць пра рознае, як гаворыцца, пад настрой. – Вітаем вас, госцікі ,  – сустрэлі мяне. –  Дзякуй, што прыехалі да нас. Мы заўсёды рады гасцям. І заспявалі: – Ой спасибо тебе, мамка,  что веселу родила, Хоть и горе, хоть беда –  я веселая всегда. Хоть и горе, хоть беда –  не скучаю никогда... Хораша! Здаецца, чаго не хапае? Можа, толькі здароўя... Наталля ТУРКО Фота аўтара