Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.07.2024

Расстраляныя лёсы, або Памяць на генным узроўні

12 ліпеня споўніцца 82 гады з таго дня, калі ў кар’еры каля вёскі Гаркаўшчына немцы расстралялі мірных жыхароў з Нязбодзічаў і Качкоў. Незадоўга да гэтага партызаны ў двух кіламетрах ад Нязбодзіч пусцілі пад адхон фашысцкі цягнік, а яшчэ праз некалькі дзён падпалілі нямецкую камендатуру. Немцы былі раз’юшаны, шукалі вінаватых, але не маглі знайсці. А потым наступіла тая страшная раніца…  Людзі яшчэ спалі, калі карнікі акружылі вёску. Немцы з аўтаматамі, з сабакамі грукаталі ботамі ў дзверы, урываліся ў хаты і выганялі на вуліцу мужчын. Яшчэ сонных, у ніжняй бялізне заганялі на машыны, а затым везлі да кар’ера. На самым досвітку, калі першыя сонечныя прамяні аблашчвалі зямлю, у тым кар’еры былі расстраляны 44 чалавекі: маладыя мужчыны, юнакі і яўрэйка з маленькім дзіцяткам. Нямымі сведкамі той страшэннай расправы былі маленькія хвойкі, якія толькі набіралі моц. А над зямлёй узыходзіла сонца, дорачы сваё святло аднолькава і ахвярам, і катам… Агульнае гора Вяскоўцаў, чые мужы, бацькі, сыны, браты, паляглі пад тымі маладымі хвойкамі восемдзесят гадоў таму, ужо амаль не засталося. Але засталася памяць. Яна перадалася нашчадкам у спадчыну і не толькі ім. Гэта старашэнная падзея, якая адабрала жыццё 44-х вяскоўцаў, стала невыказаным горам для ўсіх жыхароў Нязбодзіч, Качкоў, Зарэчанаў, Гаркаўшчыны. Варта зайсці ў любую хату, і можна пачуць тую жудасную гісторыю. Бо гэта было агульнае гора, агульная трагедыя.   …Дзве дзяўчынкі – Любка Кандратовіч і Марыйка Ківачыцкая  – той раніцай кароў каля дарогі пасвілі, недалёка ад кар’ера. Убачылі, што машыны едуць, і ў іх поўна людзей. З боку Нязбодзіч крыкі чуліся, дзеці плакалі. Дзяўчаткі схаваліся, паляглі за дарогай у высокую траву і паглядалі. Машыны пад’ехалі, спыніліся. Немцы з аўтаматамі пачалі людзей зганяць з машыны і павялі ў кар’ер. Паставілі там і пачалі страляць. Потым дзяўчаткі бачылі, як яўрэйка ў каноплі ўцякала,  а немец дагнаў і забіў. Яшчэ адзін чалавек спрабаваў уцячы. Але ж яго сабакі дагналі, пачалі рваць зубамі і пацягнулі назад...   З адной сям’і адразу чатырох чалавек прывезлі: Данілу Бажка і яго траіх сыноў. Малодшаму Васілю толькі сямнаццаць гадкоў было. Здзекваліся доўга над старэйшым сынам: сабакі яму ногі рвалі, а немцы перад тым, як застрэліць, білі прыкладамі.   Яўрэйку маладую забілі, а ў яе на руках дзіцятка было, маленькае, усяго пару месяцаў. Калі яна ўпала, накрыла яго сабою.  І з-пад яе было відаць дзіцячыя ножкі. Дык немец вывалак тое дзіцятка за ножку, паглядзеў, што жывое яшчэ, і прыкладам  па галоўцы дабіў. Яно толькі піснуць паспела...   Адзін чалавек, Андрэй Качко, паранены быў і прасіўся, каб дабілі яго, але ж не дабівалі. Ён сам потым памёр...   Няма ўжо тых дзяўчынак на свеце – выраслі, пастарэлі, памерлі, але з пакалення ў пакаленне перадаецца іх страшны аповед. Як і ўспаміны іншых сведкаў, якія таксама адышлі ў нябыт.   Валодзя Нехайчук, тады яшчэ васьмігадовы хлапчук, бачыў, як забіралі бацьку. Той ужо прачнуўся, калі немцы хату акружылі. Хацеў на гарышчы схавацца, але не паспеў, немцы схапілі, выпіхнулі з хаты, загадалі лезці на машыну і павезлі разам з другімі мужчынамі.   Хлопчык пабег следам, а за ім і маці. Прыбеглі, калі ўжо паўсюль целы ляжалі. Маці адварочвала целы, шукала бацьку. А Валодзя адразу знайшоў. Бацьку ў галаву стралялі…   Чатырнаццацігадовы Лёня Турак у тую ноч не дома начаваў, быў на гарышчы ў хляве. Прачнуўся, калі пачуў грукат, брэх сабачы.  У вакенца ў шчытку ўбачыў, што з хаты выводзяць бацьку. Бачыў, як здзекваліся над Данілам Бажком, яго сынамі і старым Раманчуком. Таго доўга мучылі і проста на месцы расстралялі. Бацьку з другімі вяскоўцамі павезлі, а Лёня злез з гарышча і пабег да кар’ера. Немцы ўжо паспелі зрабіць крывавую справу і паехалі. Сярод акрываўленых целаў хлопчык пачаў шукаць свайго бацьку. Думаў, а раптам, жывы яшчэ. Ды не, мёртвы быў…  Неба чула той крык Людзі бясконца беглі да кар’ера. Жанчыны так крычалі, так плакалі, што, здавалася, той крык па ўсёй зямлі стаяў. Шукалі кожная свайго, адцягвалі, заварочвалі ў посцілкі і хавалі аднаго за адным у рад. Немцы забаранілі забіраць і хаваць на могілках. Толькі на другі год у сакавіку дазволілі перезахаваць.   У той дзень толькі адзін чалавек выратаваўся. Калі ён падаў паранены, на яго другі упаў. І немцы падумалі, што ён мёртвы. А калі сціхла ўсё, ён вылез з-пад забітага і ўцёк. Доўга, казалі, хаваўся, ссівеў адразу ўвесь...    Спяшаліся да таго кар’ера не толькі тыя, у каго забралі родных на расправу, беглі ўсе, каб пабачыць, што там нарабілася. І перад імі паўстала жахлівая карціна...     Людзі ляжалі забітыя. Хто дагары, хто закрыўшы рукамі галаву, хто тварам да зямлі. Яўрэйка маладая пад хвойкай ляжала, а каля яе дзіцятка маленькае.    Вольга Бажок, у якой расстралялі мужа і траіх сыноў, амаль не звар’яцела. Кідалася то да сыноў, то да мужыка, валасы на сабе рвала... Неба чула той крык. Людзі думалі, што яна не перажыве такое гора. Але ў хаце яшчэ двое сірот заставалася. А ў мужавага брата, якога таксама расстралялі, васьмёра дзяцей асірацелі. Дзякаваць Богу, усе выжылі, выраслі.  “Маё сэрца памятае” Жонка Андрэя Качко прыбегла да кар’ера з маленькай Зіначкай на руках. Кінулася да мужа, трасла яго, плакала... У яго на правай руцэ пальцы былі перабітыя. Ён далоняй сэрца прыкрываў. Не прыкрыў...   Тая Зіначка даўно вырасла, сама нарадзіла дзяцей, мае ўнукаў, праўнукаў. Даўно галава пабялела, а ў душы ўсё ніяк не зацягнецца рана. І баліць, не сціхае памяць.     – Я ж зусім маленькая была,  – успамінае Зінаіда Андрэеўна. –  Але ж мама мне столькі разоў расказвала пра тую трагедыю, што яна ў мяне перад вачамі стаіць. Маміны ўспаміны ўраслі ў мяне, укараніліся, і зараз, калі мамы ўжо няма на свеце, маё сэрца памятае ўсё, што было. Я прасіла: “Мама, не трэба, не расказвай”, а яна не магла не расказваць. Часта хадзіла да таго кар’ера і плакала, а потым зноў і зноў расказвала. Свята Пятра было. Мы былі вывезены з Качкоў і жылі ў Федарчукоў у Нязбодзічах. Мама падаіла карову і пайшла ў хлеў будзіць старэйшага брата, што на адрыне спаў, каб гнаў на пашу. У гэты час у хату ўварваліся немцы, выгналі тату, гаспадара і яго сына. Пагналі спачатку ў бок Дрэчанаў, а потым назад. Мужчыны ішлі і на вокны свае паглядалі, дзеці праз шыбы глядзелі і плакалі. Адчувалі, што больш не вернуцца бацькі дадому.   Казалі людзі, што тата наш прасіўся, казаў, што пяцёра дзяцей. Ды і іншыя прасіліся, але хто іх слухаў?   Усе гады ён быў побач   Да месца расстрэлу мы ідзём з жыхаркай Нязбодзічаў Раісай Нармантовіч. Яна не была сведкай таго, як расправіліся фашысты з яе бацькам. Яе наогул яшчэ не было на свеце. І бацька, Васіль Трахімік, прымаючы смерць ад нямецкіх катаў, нават не ведаў яшчэ аб тым, што маладая жонка Вольга носіць пад сэрцам дзіцятка. Яны пражылі разам усяго некалькі месяцаў, яшчэ не паспелі нацешыцца адно адным на гэтым свеце. Вольга і сама не здагадвалася, што ўжо зацяжарала…    Васіль Трахімік працаваў намеснікам начальніка чыгуначнай станцыі. А немцы, даведзяныя да шаленства, частымі выбухамі на чыгунцы вырашылі пакараць усіх, каго хоць трохі западозрылі ў сувязі з партызанамі. Тымі падазронымі сталі 44 чалавекі, у тым ліку і Васіль.     Праз восем месяцаў Вольга нарадзіла дачушку, назвала Раечкай і з малаком сваім перадала дзіцяці памяць… Раіса Васільеўна вядзе мяне да таго кар’ера. Пасля вайны на тым месцы быў устаноўлены памятны знак. Там заўсёды стаяць кветкі. Вось і Раіса нясе вялізны букет.   Ідзём моўчкі, і мне задаецца, што я чую, як б’ецца яе сэрца. Яна кладзе кветкі да падножжа вялікага каменя, потым стаіць нерухома, і вочы скіраваны некуды далёка-далёка. Яна зноў і зноў уяўляе сабе тую далёкую страшную падзею. Ніколі не бачыўшы бацьку, не зведаўшы цеплыні яго рук, не пачуўшы голасу, вось ужо 82 гады дачка адчувае непарыўную сувязь з родным чалавекам.    Сёння няма ўжо і маці. Вольга Сцяпанаўна пранесла праз гады вернасць мужу, была адданая яму аднаму да апошніх хвілін. Яны ўжо разам: малады Васіль і старэнькая Вольга. Але там, у вечнасці, напэўна, пазналі адзін аднаго. Не маглі не пазнаць!  Бо ўсе гэтыя гады ён нябачна быў побач з жонкаю, дачушкай, цешыўся нараджэннем унукаў, потым праўнукаў, прапраўнукаў. А яны ўсе таксама памятаюць аб ім, бо памяць не мае тэрмінаў.   З тых дзяцей, бацькоў якіх расстралялі ліпеньскай раніцай 1942-га, толькі двое і засталіся –   Зінаіда Раецкая (Качко) і Раіса Нармантовіч (Трахімік). Самыя маленькія з асірацелых. Яны берагуць у сэрцах памяць аб родных, пакуль тыя сэрцы б’юцца. Ядвіга КОБРЫНЕЦ Фото автора