02.07.2024
"Смерць прынялі моўчкі"
Яшчэ адзін адрас, яшчэ адна споведзь, яшчэ адзін лёс. Я завітала ў госці да жыхара вёскі Зарэчаны Сяргея Рабчука. Дзядулю ў лістападзе споўніцца 90 гадоў, але ён яшчэ жвавы дзядок, і сам упраўляецца і па дому, і ў агародзе. Я не магла стрымаць здзіўлення, гледзячы на яго чысцюткія грады, дзе ішлі ў рост цыбулька, бурачкі, часначок і сокам наліваліся вялізныя клубніцы. Думалася, што тут гаспадынька шчыруе, аж не, гэта сам дзед Сяргей усюды паспявае. Вось дзе прыклад для маладых! Але гэта між іншым. Сяргей Сцяпанавіч падзяліўся са мной успамінамі, якія вось ужо семдзесят сем гадоў балюча драпаюць душу і ўсё часцей прыходзяць у сны. Не дзіўна, яму было ўсяго шэсць гадкоў, калі сталася такая страшная падзея. Немцы ўчынілі расстрэл проста на іх агародзе, праз дарогу. Хлопчык праз акно бачыў, як падаюць на зямлю аднавяскоўцы, прашытыя кулямі нямецкіх аўтаматаў. Дзе такое забудзецца? І сёння, даволі яму паглядзець у той бок, як чуюцца стрэлы, жаночы енк і страх працінае навылет усю істоту.
– Галубка мая, – спрабуе ўсміхнуцца да мяне Сяргей Сцяпанавіч. – Ты хочаш пачуць, як гэта было? А навошта? Я так многа гадоў спрабую забыць і не магу. Не дай Божа такое бачыць, ды яшчэ дзіцяці. Па сёння ў вачах стаіць.
Гэта было ў сорак першым, немцы да нас хутка прыйшлі. У чатыры гадзіны раніцы вайна пачалася, а яны, гады, недзе ў абед ужо тут былі. Проста імгненна. Салдаты нашы адступалі, а дваіх салдацікаў адна жанчына ў сябе ў гумне схавала. Дык каб яны сядзелі там ціха і не высоўваліся, то і ўцалелі б. Але ж, як толькі немцы ў вёску прыехалі, хлопцы тыя выбеглі з таго гумна і – у жыта. А адтуль страляць пачалі. Ну немцы і расправіліся з імі хутка. Аднаго адразу ў жыце забілі, а другі дабегчы да лесу паспеў і там куля дагнала.
Раз’юшыліся фашысты і солтысу загадалі сказаць, якія ў сяле ёсць актывісты. Той назваў. І вось немцы з усяго сяла сагналі мужыкоў, а жанчынам з дзецьмі загадалі дома сядзець, а то пастраляюць. Вось і мы з мамай сядзелі ў пакоі на падлозе. А каля вакна на вуліцы стаяў немец. Яны каля кожнай хаты стаялі, наогул усю вёску ацапілі. Людзі думалі, што ўсю вёску спаліць хочуць. Дык вось, сядзімо мы з мамай, а мне на двор захацелася, я хацеў выбегчы, а тут бачу, немец праз вакно на кухню да нас залез і яйкі выбірае, што на паліцы стаялі. Убачыў мяне, зарагатаў і далей яйкі бярэ. Я спалохаўся, пабег зноў да мамы. “Немец, – кажу, – на кухні”. Мама сказала, каб я нікуды не хадзіў, сядзеў каля яе. Вось мы бачым, як на вуліцы прама перад нашым акном сабралі ўсіх мужыкоў і па аднаму на дапрос выводзяць пад грушу. А другія немцы на лаўцы нашай сядзяць. Яна такая шырокая была. Сядзяць і чакаюць, калі дапрос начальнік іхні скончыць. Вось усіх дапрасілі, а чатырох актывістаў нашых асобна паставілі. Гэта былі Іван Лаўрашук, хлапчак-камсамолец 17 гадовы Міша Цалюк, ляснічы Лявон Свейка і Міхаіл Леанард, старшынёю сельсавета нашага быў. Хацелі яшчэ дачку Лаўрашука забіць, але пашкадавалі потым. Яна таксама была камсамолкай, але немцы пра гэта не ведалі, а солтыс не выдаў. Вось павялі тых чатырох на наш агарод праз дарогу, паставілі ў радок і расстралялі з кулямётаў. Не крычалі яны, не прасіліся, моўчкі смерць прынялі. Хлапчука таго спачатку толькі паранілі, і ён спрабаваў падняцца, а немец падышоў і выстраліў у яго яшчэ раз. Мы з мамай анямелі, гледзячы на ўсё гэта. Стаялі, як аслупянелыя ля вакна і гаварыць нічога не маглі. А ўжо ж як мне было страшна! Вы сабе ўявіць не можаце. Я ж дзіця зусім, а тут на маіх вачах такое робіцца.
Потым усе немцы сабраліся і паехалі. Тата наш дадому прыйшоў. А немцы на лаўцы нашай пакінулі дзве гранаты. Мужыкі ўбачылі і рашылі, што тыя паганцы знарок іх пакінулі, каб праверыць, як адрэагуюць у сяле. І неўзабаве едуць на матацыкле. А ім насустрач мужыкі нашы з тымі гранатамі: “Вось вы забыліся, аддаем вам”. Тыя пасмяяліся, забралі і паехалі.
Як толькі яны з віду скрыліся, жанчыны прыбеглі на месца расстрэлу. Ах як жа яны галасілі, які енк тут стаяў, хіба ў небе чуваць было. Маці таго хлапчука абдымала яго, цалавала твар, крычала: “Сыночак, сыночак, устань…” а як ён ўстане, калі сэрца кулі прабілі.
Пахавалі тых забітых там жа, на нашым агародзе. У прасціны завярнулі і пахавалі. А ўжо потым, пасля вайны перахавалі ў Ялоўцы. Там наш прыход быў, але ў вайну царква згарэла, і ўсе дакументы нашы пагарэлі.
А ў Цалюкоў быў яшчэ адзін сын, Іван, ён і мой старэйшы брат, таксама Іван, яшчэ перад вайною ў 1940 годзе ў армію пайшлі. І яны былі камсамольцамі. Пэўна, каб не армія, то і іх расстралялі. Служылі ў Расіі, там іх і вайна напаткала. Абодва Іваны не вярнуліся дахаты. Бацька потым запыты пасылаў у архіў, прыслалі паперу, што без вестак прапалі.
Цалюкі два сына страцілі. І яны, і мае бацькі так ніколі і не даведаліся, дзе старэйшыя сыны галовы склалі. Можа, дзе ў канцлагеры замучылі ці ў печы спалілі. Мама доўга плакала, чакала, але не дачакалася.
Солтыс той прадаваў людзей разам са сваім сынам. Дык пасля расстрэлу таго сына людзі злавілі і ў кагось трымалі, але ён уцёк. Потым дзесь згінуў. Ніхто яго не бачыў. А яго бацьку пасля вайны нашы арыштавалі і расстралялі. А родныя іх уцяклі ў Польшчу.
Сяргей Сцяпанавіч расказвае мне аб тым, што вось ужо 8 гадоў, як аўдавеў. Пра тое, якой працавітай і шчырай была яго жонка, якіх добрых сыноў яму нарадзіла. І Аляксандр, і Сяргей не забываюць пра бацьку, наведваюць, тэлефануюць. І чатыры ўнука таксама цікавяцца здароўем дзеда, па магчымасці наведваюць, прывозяць сваіх дзетак, ужо дзедавых праўнукаў. А дзед і сам не сумуе. Кожны дзень знаходзіць для сябе занятак, бо яго рукі без работы ну ніяк не могуць. Так быў навучаны з дзяцінства, і сваіх сыноў заўсёды вучыў не баяцца ніякай работы і жыць сумленна. Бацькоўскі наказ сыны нясуць па жыцці дастойна, і сорамна за іх не было ніколі.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара