Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
14.06.2024

Так зязюля накукавала

Цёплы летні дзянёк. Сонейка сваімі гарачымі промнямі сагравае кожную сцяблінку, а паляны ў лесе шчодрай чэрвеньскай рукой усыпаны спелымі суніцамі. Увесь лес прапах водарам гэтых сакавітых ягад. Самая пара іх збіраць. І вясковыя дзяўчаткі, пабраўшы збаночкі, бягуць у лес. Смяюцца, жартуюць, спяшаюцца… Сярод іх і красуня  Марыйка. Невысокая, тоненькая, каса ніжэй пояса, вочы, як дзве вішанькі. Сямнаццатае лета спаткала дзяўчына. Ужо і да сватоў было нядоўга. Адна за другой сыплюцца са жменькі ягадкі ў збаночак. На душы радасна і ад сонейка, і ад сунічнага паху, і ад таго, што так хораша жыць на свеце. І раптам недзе над галавой пачулася звонкае “Ку-ку, ку-ку”. Марыйка падняла галаву, паглядзела на высокую бярозку, што расла побач, але птушкі не ўбачыла. А тая зноў: “Ку-ку, ку-ку…” Дзяўчына ўсміхнулася, гледзячы ўгору. І запытала: “Зязюлька, зязюлька, а колькі мне жыць? “Ку-ку, ку-ку… “Адзін, два… дзесяць… дваццаць… пяцьдзясят… восемдзясят… дзевяноста…”. Ой, нешта, падманваеш ты, зязюлька”, – засмяялася дзяўчына і перастала  лічыць. А птушка ўсё яшчэ кукавала. 18 споўнілася  ў Нямеччыне  22 чэрвеня. Нядзелька. Базарны дзень у Ваўкавыску. Бацька, як заўсёды, раненька запрог каня і паехаў, каб што-небудзь купіць. Там яго напаткала вайна. Самалёты з чорнымі крыжамі сыпалі на горад бомбы, і адна з іх трапіла проста ў воз. Вось так у першы дзень вайны абарвалася жыццё бацькі. Дома засталіся маці і пяцёра дзяцей. Старэйшай была Марыйка. Ёй дасталося больш за ўсіх, але не было каму скардзіцца, і маці, і дзеці, як маглі выжывалі. Немцы лютавалі. Па дварах хадзілі, забіралі курэй, свіней, патрабавалі малака, масла, яек. Страх наганялі такі, што нават сабакі брахаць баяліся, пеўні не спявалі раніцай. Гаспадарамі сябе адчувалі нелюдзі. А вясной 1942-га пачалі забіраць моладзь у Нямеччыну. У той чорны спіс трапіла і Марыйка. За шэсць дзён да яе 18-годдзя прыехалі немцы на хутар, дзе жылі Лявіцкія Хто там пытаў – хочаш ці не хочаш? Не бачыла свету ад слёз дзяўчына, галасіла маці, плакалі малодшыя браты і сястрычка, а немцы прыкладамі падганялі да машыны, у якой сядзелі ўжо іншыя хлопцы і дзяўчаты. Усіх чакала няволя, рабская праца ў варожым логаве. Спачатку прывезлі ў Ваўкавыск. Адтуль – у Беласток, а потым цягніком – у Прусію. Прыехаў гаспадар па прозвішчу Зінубер выбіраць сабе работнікаў. Хадзіў туды-сюды, прыглядаўся. Выбраў Марыйку і яшчэ адну дзяўчыну з Оршы. Доўга ехалі і апынуліся ў вёсцы Льюсенбург. Там і сустрэла дзяўчына свае 18 гадоў. Толькі ніхто не віншаваў яе, не дарыў падарункаў.  Меў той нямецкі пан вялікую гаспадарку: 6 коней, шмат кароў і свіней. Працавалі ад зары да зары, елі, як папала. Жылі там да лістапада 1944-га. Тады ўжо наша армія ўсё часцей давала немцу “прыкурыць”, і той гаспадар уцёк кудысьці ўглыб нямеччыны, пакінуўшы ўсю гаспадарку. Рабонікаў сваіх здаў у канцлагер. Там было яшчэ горш і страшней, чым у гаспадара. Прымушалі палонных разграбаць руіны, ачышчаць горад ад развалінаў. Калі немцам здавалася, што хто кепска працуе, таго гумай білі. Маглі да смерці забіць. Кармілі раз у дзень брушкаю альбо буракамі, людзі ад голаду пухлі, часта паміралі. У лагеры жылі некалькі месяцаў, пакуль аж савецкія войскі не вызвалілі ўсіх вязняў. І тады ўжо была магчымасць вярнуцца дадому. Але шлях той быў далёкім і цяжкім. Дарогі замініраваны, на кожным куце пільнавала небяспека. Проста на вачах у Марыі ўзарваліся некалькі падводаў, узляцелі ў паветра і коні, і людзі, толькі глыбокія варонкі засталіся на месцы выбуху.  Вяртанне дадому Неяк прыпыніліся падводы каля лесу, людзі селі на ўскрайку, каб трохі адпачыць, і зноў рушыць у дарогу. А тут адкуль ні вазьміся зязюлька прыляцела. Недзе высока-высока на хвойцы ўселася і пачала сваё “Ку-ку, ку-ку…”. Марыйка ўспомніла тое апошняе перадваеннае лета, сама да сябе ўсміхнулася і ціхенька запытала: “Зязюлька, зязюлька, а колькі мне жыць? “Ку-ку, ку-ку…” Больш за дзевяноста гэтых “ку-ку”налічыла Марыйка і зноў збілася з ліку. “Ой, зязюля, зязюля, любіш ты падманваць, – падумалася дзяўчыне, – не буду больш пытаць. Кукуй сабе, колькі хочаш…” Толькі восенню 1945-га пераступіла Марыйка родны парог. Дзякуй Богу ўсе былі жывыя, маці адна як давала рады, так падымала дзяцей. Марыйка таксама ўпраглася ў працу. Але ўжо ў мірную. Было цяжка, голадна, але ўжо не было таго страху, які наганялі немцы, калі тут гаспадарылі.  Мірнае жыццё Праз год пасватаўся да Марыйкі хлопец з Крывуліч – Сяргей Харко. Ён вярнуўся з вайны, быў паранены ў грудзі, меў узнагароды, але не яны ўсхвалявалі дзявочае сэрца, а цеплыня ў вачах ды шчырыя словы, якія пачула ад хлопца, калі прапанаваў ёй сэрца і руку. Пажаніліся яны, і паехала Марыйка ў Крывулічы. Жылі ў свякроўкі, а потым свой дом пабудавалі. Нарадзіўся ў іх сынок Васіль, а праз дзевяць гадоў дачушка Святлана. Жылі дружна, не горш за іншых. Муж спачатку працаваў конюхам, потым на цагельні, а пазней у Ваўкавыску на міжрайбазе грузчыкам. Марыя Антонаўна ўвесь час працавала ў паляводстве саўгаса “Гарнастаевічы”. Таксама нялёгка было, па 40 сотак адных буракоў штогод трэба было апалоць, ды па тры разы за сезон. І бульбу капалі, і сена нарыхтоўвалі, і зерне сушылі. Рукі да любой працы прызвычаеныя былі з маленства. Дзеці таксама не лянаваліся. Дапамагалі бацькам, бо гаспадарка была вялікая і гультаяваць не даводзілася. Яшчэ маленькімі гусей пасвілі, потым кароў, да іншай працы прывучаліся. І не трэба было іх прымушаць ці напамінаць, якую справу зрабіць трэба. Самі ведалі – і рабілі. Маці з бацькам дабрынёю іх выхоўвалі ды прыкладам уласным.  Акрамя асноўнай працы ў саўгасе, Марыя Антонаўна прала, ткала, шыла, вязала пруткамі. Да сёння захаваліся яе прыгожыя дываны, посцілкі, дарожкі. А якія пірагі выпякала! Водар ад іх стаяў на паўсяла. На Божае Нараджэнне і Вялікдзень з’язджаліся дзеці, унукі. А шчаслівая маці накрывала белым абрусам круглы вялікі стол, і лілася гутарка да позняга вечару, бо родным людзям заўсёды ж ёсць аб чым пагутарыць, што расказаць адзін аднаму, таму што яны – родныя. Так было заведзена ў сям’і, каб жыць у згодзе, падтрымліваць і разумець адно аднаго, каб трымацца заўсёды разам, як пальцы ў кулаку. Тады нічога не страшна, тады любая праблема лёгка рашаецца.   А зязюлька  не падманула Даўно выраслі дзеці. Васіль, скончыўшы восем класаў Карэвіцкай школы, паступіў у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Прыехаў у родны саўгас “Гарнастаевічы” працаваць механікам і да самай пенсіі не мяняў месца работы. Святлана вывучылася на бухгалтара ў Ашмянскім сельгастэхнікуме. Вярнулася дадому і ўладкавался ў саўгас “Поразаўскі”. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Сын ажаніўся, дачка выйшла замуж. Выгадавалі сваіх дзяцей, маюць ўнукаў. Марыя Антонаўна з мужам пражылі ў згодзе 63 гады. І ўжо 15 мінула, як жанчына аўдавела. Усе гэтыя гады яна жыве ў дачкі Святланы. Атулена бабуля цеплынёю і клопатам. Аднаго матулінага погляду дастаткова, каб дачушка яе зразумела. Не забываецца пра старэнькую маму і сын Васіль. Часта прыязджае, тэлефануе, падтрымлівае добрым словам.  Нядаўна бабуля Марыя адзначыла свой векавы юбілей. З такой важнай нагоды прыязджалі яе віншаваць супрацоўнікі райвыканкама, сельскага савета, прафсаюзнай арганізацыі і мясцовага сектара культуры і адпачынку. У гонар юбіляршы гучалі самыя шчырыя словы віншавання, самыя цёплыя пажаданні, песні. А ўжо праз два дні, у нядзельку, да бабулі з’ехаліся ўсе самыя родныя людзі: сын Васіль, пяць унукаў і дванаццаць праўнукаў. Як весела было ў хаце, як звінела яна дзіцячымі галасочкамі, як цешылася бабуліна сэрца, гледзячы на іх! Ці ўспаміналася ў гэтыя хвіліны бабулі тое далёкае перадваеннае лета і зязюлькіна “ку-ку”, якое юная Марыйка так і не здолела далічыць? Значыць, не падманула птушачка, значыць, праўду казала. І калі яны праляцелі, тыя гады? Здаецца, учора ўсё жыццё было наперадзе, а сёння вунь і ў дзяцей сівыя скроні. Але ёсць чым пахваліцца ў свае сто гадоў, ёсць чым пацешыцца. Бабуля дзякуе за ўсё Богу і просіць, каб ахоўваў родных ад бедаў і напасцяў, каб былі яны здаровымі і жылі доўга-доўга. Ядвіга КОБРЫНЕЦ Фота з архіва М. Харко