Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
28.06.2023

У кожнай вёсцы – пах асобы

У сярэдзіне чэрвеня – яркага, сонечнага, квяцістага і цёплага – на свята, нібыта ў бацькоўскі дом, з'язджаліся шматлікія госці і ўдзельнікі першага фестывалю вясковай ежы "У кожнай вёсцы – пах асобы!". І хоць надвор’е трошкі падвяло культработнікаў – прыйшлося туліцца ў клубнай ўстанове, а не на прыгожа прыбранай у свежыя цюкі сена і букеты сініх валошкаў прыклубнай пляцоўцы – месца хапіла ўсім. А вясковых прысмакаў было столькі, што можна было тут абжыцца бадай што на месяц. Забягаючы далёка наперад, хачу зазначыць, апіраючыся на шматлікія водгукі гасцей, – свята ўдалося на славу. І здаецца, што яшчэ адным "смачным" фестывалем стане болей ў скарбонцы грынкаўскіх культработнікаў. А атрымалася яно дзякуючы намаганням усіх тых людзей, якія падтрымалі і аказалі матэрыяльную і маральную дапамогу арганізатарам. Вялікі дзякуй Нязбодзіцкаму сельвыканкаму і старшыні Марыі Фёдараўне Качко за спонсарскую дапамогу і актыўны ўдзел у складзе журы асноўнага конкурсу-дэгустацыі "Вясковы пах". Вельмі ўдзячны кіраўніцтву УП "ВМК-Агро" за фінансавыя сродкі для набыцця падарункаў вясковым юбілярам, за арганізацыю падвозу ўдзельнікаў свята. Прыемна, што ў госці да нас з'ехаліся актывісты ветэранскіх арганізацый на чале са старшынёй раённага савета ветэранаў Аленай Уладзіміраўнай Пракопік. Яны з цікавасцю і добрым настроем падтрымлівалі канкурсантаў, адорвалі шчырымі апладысментамі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Цудоўным афармленнем свята, яго пралогам, стала выстаўка "Ад зерня да хлеба" , падрыхтаваная супрацоўнікам раённага гісторыка-краязнаўчага музея Вольгай Трахімік. Гэта цэлая гісторыя вясковай кабеты, якая збіраецца пячы хлеб. Тут і народны касцюм, і прыгожы стары посуд, і прылады працы. Выстаўка яшчэ і сёння працуе ў нашай клубнай установе. Запрашаем. Якім жы прыгожым і вірлівым быў фестываль! Было месца і вершам мясцовага паэта Івана Ламашкевіча, якога зусім нядаўна не стала сярод нас. Вершы пра беларускія народныя святы, пра стравы, што рыхтавалі нашы матулі, пра традыцыі, якім навучылі нас нашы бацькі. І сапраўды, як не пакланіцца ў пояс нашым родным і блізкім за гарбузянку, вантрабянку, пышкі, мёд, дранікі, ды за тое "што навучылі проста жыць". Мясцовыя гаспадынькі і тыя, што прыхалі з другіх аграгарадкоў, падрыхтавалі на конкурс-дэгустацыю шматлікія вясковыя стравы. Вядучая Святлана Гінч расказвала пра народныя святы – Каляды, Вялікдзень, Спас – і пра стравы, якія рыхтавалі нашы продкі. Удзельнікі конкурсу ўпляталі ў гэты расказ свае сямейныя гісторыі, дзяліліся ўспамінамі, выконвалі частушкі, песні, сцэнкі. Журы конкурсу трошачкі прыйшлося разгубіцца – так многа было смакаты. Але пераможцы былі абраны, узнагароды раздадзены, і паліліся вясёлыя песні і добры гумар, падрыхтаваныя свіслацкімі артыстамі. Удзячная публіка засыпала артыстаў і апладысментамі, і кветкамі. Пакідаць залу ніхто не спяшаўся. Было шмат гутарак, добрых сустрэч, песень, слоў ўдзячнасці, добрага настрою і пазітыву. І сапраўды, што і казаць, няма нічога смачнейшага, чым пах нашай вясковай ежы, на якой вырасла ні адно пакаленне. А велікодная сырная "Пасха", шматок сала з цыбуляю, чарніцы з малаком ды таўканіца, каўбаса "пальцам піханая" з бульбаю, смажаны шчупак і свежая зеляніна, грыбны суп і клёцкі – яшчэ доўга будуць ва ўспамінах ўсіх, хто паспяшаўся ў гэты дзень на фестываль. Марыя Самалевіч, загадчык Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы