Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
Свіслацкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
28.06.2023

Ханявіцкія бліночкі

Здаецца, нідзе так не любяць бліны, як у Ханявічах. Нават цэлае свята ладзяць у іх гонар. Аказваецца, тут бліны не такія, як усюды. У мясцовы клуб на свята квашаных бліноў “Ханявіцкія бліночкі” з усіх куточкаў аграгарадка і навакольных вёсак сышоўся народ: дарослыя, дзеці. Людзей прыйшло столькі, што, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці (а ў нашым выпадку бліну). Бо любяць збірацца разам вяскоўцы, а на “Ханявіцкія бліночкі” тым больш. Мясцовыя гаспадынькі ведаюць у блінах толк і гатуюць іх з вялікай любоўю і па старадаўніх рэцэптах, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэта вам не тое, што наблытаў цеста і пячы, а цэлая навука. І бліны гэтыя не простыя, а квашаныя. А пякуць іх у Ханявічах з далёкай даўніны. Настолькі далёкай, што тут згубілася ўжо тая гістарычная нітачка, калі ўсё пачыналася. Раней, калі гаспадыні самі пяклі хлеб, невялікую колькасць рошчыны пакідалі для квашаных бліноў. Бо, калі сям’я была вялікая, то хлеба хапала ненадоўга, вось тады замест яго ўжываліся бліны. А называюць у ханявіцкім краі такія бліны па-рознаму: квашаныя – бо на заквасцы, кіслыя – бо з кіслінкай, чорныя – бо ў цеста дабаўляецца цёртая бульба, а яна ў такім стане чарнее. Пяклі іх у печы, на полымі. Гаспадыня ставіла чыгун перад агнём, на яго патэльню з блінамі, ад полымя яны падрасталі, румянелі. З’ясі такі блін са шкварачкай, каўбаскай, смятанкай, на ўвесь дзень сіл набярэшся. Што праўда, то праўда. На выстаўцы-дэгустацыі можна было ў гэтым упэўніцца. Ханявіцкія гаспадынькі прынеслі пасмакаваць свае бліночкі. Рознай таўшчыні ды велічыні, круглыя, румяныя, з розным начыннем – як тут пройдзеш міма! А на сцене тым часам загучаў гімн свята “Ой, бліны, бліны, бліны”, і да яго выканання падключыліся ўсе гледачы. Са словамі прывітання да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка: –  У нашым раёне стала добрай традыцыяй адзначаць у кожным аграгарадку, у кожным сельсавеце такія культурныя мерапрыемствы, якія адрозніваюць дадзеную тэрыторыю. Свіслацкі край багаты на культурныя падзеі, на традыцыі. І задача стаіць перад мясцовай уладай, каб гэтая пераемнасць перадавалася з пакалення ў пакаленне. Вельмі прыемна, што і на гэты раз на свяце прысутнічае шмат моладзі. Менавіта ёй пераймаць ад бабуль і маці гэтыя кулінарныя традыцыі і перадаваць у наступныя пакаленні. Як адзначыў Віктар Аляксеевіч, папасці на бліны – гэта падзея, а на квашаныя – гэта сенсацыя. Вядома ж, на свяце не абыйшлося без спаборніцтва на самыя лепшыя квашаныя бліны. Паўдзельнічаць у конкурсе «З пылу, з жару» і здзівіць журы сваім кулінарным майстэрствам вызваліся пяць канкурсантак: Тамара Стаўская, юныя Ульяна Канюк і Вікторыя Кудлаш з Ханявічаў, Зінаіда Анісеня з Сабалькоў, Наталля Лагута з Кабыльнікаў. Кожнай з іх было што сказаць на прэзентацыі. Самыя юныя ўдзельніцы – Ульяна і Вікторыя – перанялі рэцэпт бліноў ад сваіх бабуль. Такая пераемнасць пакаленняў, бадай, самае галоўнае. Значыць, не знікне сувязь паміж былым, сучасным і будучым, і кулінарнай традыцыі працягвацца. Канкурсанткі паказалі майстар-клас па прыгатаванні бліноў, кожная па сваім рэцэпце. Цяжэй усяго прыйшлося журы, якому трэба было ацэньваць кулінарныя смакоцці. Як і чакалася, прайграўшых на гэтым свяце смакаты не было. Пераможцамі прызнаны ўсе пяць канкурсантак. Дасталіся падарункі таксама ўсім, хто прыйшоў на свята са сваімі блінамі, смачнымі, духмянымі. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства па традыцыі атрымалі кубкі з лагатыпам свята – ханявіцкім квашаным бліном. Арганізатары мерапрыемства – сельскі філіял-клуб – удзячны Ханявіцкаму сельвыканкаму і асабіста яго старшыні Браніславу Дзічкоўскаму, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Ханявічы”, якія выступілі ў ролі спонсараў мерапрыемства. Прыгожым, вясёлым, з забавамі і гульнямі выдалася гэтае свята. Настрой стваралі, весялілі народ свіслацкія, вердаміцкія і грынкаўскія артысты. Весела было і маленькім удзельнікам свята. Амаль кожны паскакаў на батуце, з’ехаў з горкі, пасмакаваў попкорн і салодкай ваты, прыняў удзел у беспройгрышнай латарэі, якую праводзілі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, а таксама Грынкаўскі сектар клубнай і бібліятэчнай работы. Каларыт святу дабавіла і выстаўка карцін мясцовага мастака Алега Грыца, які некалькі сваіх работ прысвяціў квашанаму бліну. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць на стваральную працу і шчаслівае жыццё. Менавіта так, бо мы жывём у мірнай, прыгожай краіне, дзе цэняць яе гісторыю, традыцыі, культуру. – Захаванню традыцый прыгатавання страў у нас у Беларусі, у тым ліку і ў нашым раёне, удзяляецца вялікая ўвага,  – гаворыць загадчык сектара культуры Свіслацкага райвыканкама Таццяна Пачэбут. –  Гэта робіцца з мэтай распаўсюджвання нашай беларускай культуры, традыцый, якія ў нас захаваны. Прыемна, што свята квашаных бліноў атрымала распаўсюджванне на гэтай тэрыторыі. Дзякуй усім удзельнікам і арганізатарам. Марына ТАЛАЙ: – Гэта свята традыцыйнае і кожны раз збірае вялікую колькасць людзей. І мне здаецца, што на гэты раз больш чым калі. З усіх бакоў ішлі дарослыя, дзеці. Я ведаю, што людзі рыхтаваліся вельмі адказна да гэтага свята, усе гаспадыні імкнуліся свае асаблівыя рэцэнты паказаць. Мая мама таксама ўдзельнічае ў гэтым свяце. І не першы ужо год. Рэцэпт квашаных бліноў ёй перадала свякроў. І мама іх рыхтавала амаль кожную раніцу. Я, на жаль, не валодаю мастацтвам прыгатавання гэтых бліноў, і сёння мне крыху стала сорамна за гэта. Трэба абавязкова навучыцца. Смачнае свята. Можна было шмат чаго пакаштаваць. Цікава тое, што інгрэдыенты і сутнасць прыгатавання квашаных бліноў аднолькавыя, але ў кожнай гаспадыні яны атрымліваюцца розныя на смак. Дзякуй артыстам, што парадавалі добрымі нумарамі. А самае галоўнае, на мой погляд, – такія святы даюць магчымасць аднавяскоўцам сустрэцца разам. Людзі ўсміхаюцца, задаволеныя, шчаслівыя. Свята ўсёй вёскі. Ніна КАРАНЧУК: – Свята атрымалася. Прыйшло шмат народа. Усе вясёлыя і шчаслівыя. Рэцэпт квашаных бліноў перадаецца ад бабуль мамам, ад мам дзецям, ад дзяцей унукам. Усё гэта правільна і павінна так быць. Хто, калі не мы захаваем нашую нацыянальную культуру?! Я таксама заўсёды ўдзельнічаю ў гэтым свяце і кожны раз чакаю яго з нецярпеннем. Марына ЯНЮК Фота аўтара