02.09.2026
Дзень беларускага пiсьменства: чым здзiвiць свята?
У першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Свята праводзіцца з 1994 года і кожны раз у розных беларускіх гарадах, якія маюць багатую гістарычную спадчыну і з'яўляюцца даўнімі цэнтрамі культуры і кнігадрукавання. У 2026 годзе галоўнай пляцоўкай Дня беларускага пісьменства стануць Касцюковічы, што на Магілёўшчыне. Урачыстасці пройдуць 5-6 верасня. За больш як 30-гадовую гісторыю існавання свята адзначалася ў 31 населеным пункце рэспублікі. Штогод урачыстасць суправаджаецца фестывалямі, канцэртамі, конкурсамі, канферэнцыямі, выставамі музеяў і бібліятэк, сустрэчамі з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, рэканструкцыямі гістарычных падзей і прэзентацыямі кніг. Касцюковічы – гэта жывапісны край, які падарыў нашай культуры выдатных аўтараў. Менавіта тут нарадзіліся Аркадзь Куляшоў, Васіль Хомчанка, Алесь Пісьмянкоў, Іван Чыгрынаў і Аляксей Русецкі. Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, якая аб'яднае адразу некалькі важных тэм: Год беларускай жанчыны, 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, пяцігодку якасці і юбілеі класікаў айчыннай літаратуры. Свята адкрыецца ўрачыстым мітынгам, уручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Адным з кранальных момантаў стане адкрыццё новай скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся», створанай па матывах пранізлівага верша Аркадзя Куляшова «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая». Аматараў кніжнага мастацтва чакае нямала сюрпрызаў. Упершыню на свяце адкрыецца павільён рэдкай кнігі, дзе можна будзе ўбачыць старадрукі, факсіміле і мініяцюрныя выданні. Асаблівую цікавасць выкліча інтэрактыўная экспазіцыя «Кабінет пісьменніка» з асабістымі рэчамі, архівамі і чарнавікамі аўтараў. Сумесная экспазіцыя з праваслаўнай царквой пазнаёміць гасцей з унікальнымі ўзорамі беларускага духоўнага кнігадрукавання. На свяце пройдуць дзелавыя мерапрыемствы, сустрэчы з пісьменнікамі і культурныя падзеі. Свае дасягненні прадэманструюць усе вобласці Беларусі і Мінск. Абноўленыя экспазіцыі Касцюковіцкага краязнаўчага музея прапануюць рэдкія фондавыя матэрыялы, многія з якіх будуць выстаўлены ўпершыню. Самым каштоўным экспанатам стане машынапіс Івана Чыгрынава з аўтарскімі праўкамі для выступлення на Асамблеі ААН. Трэба адзначыць, что ў свяце Дня беларускага пісьменства прымуць удзел і свіслачане. Свае вырабы на выстаўцы-кірмашы "Горад майстроў" шырокай публіцы прэзентуюць майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Традыцыйна шырокая праграма разгорнецца і на адкрытых пляцоўках. Гасцей чакаюць праект "Жывая спадчына Беларусі", пляцоўкі фестывалю паэзіі і аўтарскай песні "Пісьмянкоў луг".Завершыцца свята яркім гала-канцэртам юных чытальнікаў «Жывая класіка», урачыстай цырымоніяй перадачы вымпела будучай сталіцы Дня пісьменства. Падрыхтавала Лізавета ЛАЗАРАВА