15.05.2020
Присоединиться к акции «Ночь музеев» в этом году можно даже из дома
Традыцыйна да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая, у многіх краінах, у тым ліку нашай, прымяркоўваюць акцыю «Ноч музеяў». Захавальнікі гісторыі падаўжаюць час працы і арганізоўваюць незвычайныя выставы, музычныя імпрэзы і іншыя праекты. Як правіла, колькасць наведвальнікаў у такія дні павялічваецца ў музеях у некалькі разоў. На жаль, сітуацыя з каронавірусам уносіць карэктывы нават у шматгадовыя традыцыі. Большасць музеяў у краіне сёлета адмовілася ад акцыі. Аднак некаторыя вырашылі правесці «Ноч музеяў» у незвычайным фармаце.
Так, спецыяльна для гэтай падзеі Нацыянальны гістарычны музей, відэасэрвіс VOKA і каманда рок-фолк оперы «Чарадзей» адаптавалі музычны спектакль для паказу ў прамым эфіры. Прэм'ера оперы пра легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея адбылася ў 2016 годзе ў Белдзяржфілармоніі, затым спектакль быў паказаны каля дзесяці разоў на іншых сцэнічных пляцоўках і ў розных версіях. Для першай анлайн-праграмы «Ночы музеяў» у Нацыянальным гістарычным музеі падабраны асобныя нумары з рок-фолк оперы «Чарадзей», якія прагучаць у акустычным выкананні. Пасля анлайн-паказу спектакля трансляцыя працягнецца ўжо з дворыка музея, дзе адбудзецца начны канцэрт. Бясплатная трансляцыя «Ночы музеяў» пачнецца 16 мая ў 21.00 і будзе даступна ў мабільным дадатку VOKA, а таксама на сайце voka.tv. Далучыцца да праекта можна будзе з любога пункта свету. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць стаць удзельнікам першай у Беларусі «Ночы музеяў» у анлайн-фармаце і ўбачыць усё, што адбываецца ў выставачных залах з розных ракурсаў, знаходзячыся ў сябе дома.
www.sb.by