Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Свислочский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
30.08.2024

Не сумуе бацькоўская хата

Не ведаю, ці ёсць у раёне яшчэ такая ж маленькая вёсачка, як Гурчыны? Яна схаваная ад людскіх вачэй сярод кустоў альшыны і дрэў, якія памятаюць падзеі даўніх дзён. Яе называлі нават не вёскай, а “выселкам”.  Я была ў Гурчынах неяк. Гадоў 10 таму перад  новым годам. Тады менавіта ў сям’і Аўсейкаў было найлепшае навагодняе афармленне. Каля самой хаты і вакол яе гарэлі, зіхацелі,  пераліваліся рознакаляровымі агеньчыкамі больш за 10 тысяч лямпачак усякіх памераў. Дух захоплівала ад гэтай пышнасці і прыгажосці. А вось цяпер летні варыянт! Хатка чакала У канцы ХІХ стагоддзя былі ў Гурчынах усяго два двары і дванаццаць жыхароў. А яшчэ маёнтак пана Яўстафія Высоцкага. Акрамя сям’і пана ў тым маёнтку налічвалася амаль 40 жыхароў. Нічога сабе прыслуга ў пана была, праўда? Як там што складвалася, зараз ужо даведацца немагчыма. Але прагналі таго пана, а людзі засталіся жыць у яго маёнтку. Шмат сем’яў там пражывала, і ў кожнай па пяць, шэсць, сем дзяцей… Для ўсіх месца хапала ў прасторнай панскай сядзібе. Нават і для крамы памяшканне знайшлося. Потым у панскім двары, на тэрыторыі якога размяшчаліся стайні, кароўнікі і іншыя пабудовы для жывёлаў, была адкрыта кантора па нарыхтоўцы жывёлы. З усяго раёна прывозілі сюды людзі коней, кароў, свіней, авечак, гусей. Кантора таксама знаходзілася ў будынку маёнтка.  З часам тую нарыхтоўчую кантору перавялі у Рудаўку. Вёску далучылі да саўгаса “Поразаўскі”. Усе пабудовы былі разабраны, людзі перасяліліся ў другія месцы, а ў маёнтку некалькі гадоў запар пасля жніва сушылі саўгаснае зерне. Мужыкі жыта касілі косамі, жанчыны вязалі снапы, а ноччу прыязджаў камбайн і малаціў. Вымалачанае зерне пералапачвалі, каб хутчэй сохла. Пакуль аднойчы не “высушыў” яго канчаткова пажар, які знішчыў амаль усё, што засталося ад маёнтка пана Высоцкага. Не пашкодзіў агонь толькі некалькі хатаў, якія жыхары пабудавалі самі. Стаялі яны паводдаль, і агонь іх не крануў. Потым яшчэ некалькі сем’яў тут пабудаваліся, але няшмат. Аднымі з тых навасёлаў была сям’я Ганны і Пятра Аўсейкаў. Невялічкая хатка атрымалася, але палацаў у той час ніхто не будаваў. Гадаваліся ў хаце чацвёра дзетак: тры сыны – Віктар, Іван, Пётр і дачушка Ганначка. Добрымі раслі, паслухмянымі і працавітымі. Бацька быў да ўсяго здольны. У саўгасе “Поразаўскі” працаваў конюхам. А дома прывучаў да работы сыноў. Бадай з малых гадоў умелі і касіць, і майстраваць нешта нескладанае, і па гаспадарцы ўходжвацца. Маці працавала ў саўгасе свінаркай. Бульбу свінням варылі ў вялікіх катлах, таўклі самі і так кармілі. Галоў па 200-300 трэба было штодзень па тры разы накарміць. Дачушка старалася дапамагаць матулі, і каля яе вучылася ўсяму, што ў жыцці спатрэбіцца. Павырасталі дзеці, параз­ляталіся з хаты, пабялелі скроні ў бацькоў, і прыйшоў час, калі пакінулі яны гэты свет, а хатка асірацела. На той час сыны і дачка ўжо і сваіх дзяцей выгадавалі, дачакаліся ўнукаў. А хатка стаяла і бясконца ўглядалася запацелымі вокнамі ў пустую дарогу… Унучка прыняла  рашэнне І аднойчы дачакалася такі. Пры­ехаў адзін з сыноў Аўсейкаў – Іван, ды не адзін, а з маленькай унучачкай. Аглядзеўся вакол, і Іванава сэрца наскрозь працяла пачуццё віны за родны свой куток, за тое, што даўно не быў тут, не бачыў, што робіцца ў двары, як зарос падворак, якой пакрыўджанай выглядае бацькоўская хата. І ўзяўся за работу. Перш наперш скасіў высокую траву з бур’яном, якія былі чуць не вышэй галавы. Потым узяўся вырубаць дрэвы-самасеі. Іх таксама было шмат. Цалюткі дзень працаваў Іван каля роднай хаты.   – Унучка Настачка, якой на той час было два з паловай гадкі, так заўзята дапамагала мне, што я аж здзіўляўся, – дзеліцца ўспамінамі Іван Пятровіч. – Часам зачаплялася, падала, але паднімалася і далей насіла ручкамі траву, вырубаныя галінкі, каб паскладваць у адно месца, збірала ўпалыя ў траву спелыя яблыкі і падбадзёрвала мяне сваім дзелавым выглядам. А потым кажа: “Дзядуля, бачыш, якая вясёлая хатка стала. Трэба сюды назаўсёды прыехаць, каб яна больш не сумавала і не крыўдзілася”. А я і сам такую думку “злавіў”, пакуль займаўся навядзеннем парадку.  Прыехаўшы дадому, унучка без перапынку расказвала бабулі, як добра яны папрацавалі з дзедам у вёсцы, як ёй там спадабалася, і як было б хораша там жыць.  Бабуля слухала, глядзела на мужа і па яго вачах бачыла, што ён хоча параіць ёй тое ж самае. Яна не была супраць. Да таго ж на пенсію хутка збіраліся. Дачушкі Наталля і Люда ўжо мелі свае сем’і, дзетак, жылі асобна. Але часта прыязджалі, прывозілі ўнучат. Праз пару дзён на сямейным сходзе было прынята канчатковае рашэнне: прывесці ў дасканалы выгляд дом у Гурчынах і пераехаць туды жыць. Гэты “сход” адбыўся дваццаць гадоў таму, а сёння…   “І нашы позіркі сустрэліся” Але давайце зноў вернемся ў тыя дні, калі Іван Пятровіч быў проста Ванем, прыгожым вясёлым хлопцам, які перад службай у арміі працаваў у меліарацыі, асушаў балоты ў Мастоўскім раёне.  – Вам цікава, як мы пазнаёміліся? – з усмешкай пытаецца Іван. – Вярнуўся я з арміі і паехаў на былое месца работы. Папрацаваў да новага года і хацеў ужо завербавацца ў горад Керч. Засталося толькі атрымаць поўны разлік за адпрацаваны перыяд. Было гэта  31 снежня. Мы з сябрамі вырашылі забегчы ў мясцовы магазін, каб купіць чаго і адзначыць Новы год. А там якраз тавар прывезлі і трэба было трошкі пачакаць.  – З хаты праз дарогу яго ў акно ўбачыла, – падхоплівае размову Вера Паўлаўна. – Гля­джу, такі высокі, прыгожы, светлавалосы, а калі размаўляе, то зуб залаты паблісквае. Зачапіў той хлопец мяне нечым. Але не залатым зубам, не. Там, каля магазіна, стаялі вясковыя жанчыны. Сярод іх была і мая мама. Я хуценька апранулася і пайшла, нібы за мамай. І тут нашы позіркі сустрэліся… назаўсёды.  Горад Керч адпаў з думак Івана, як сухое лісце з дрэва. Ён сустрэў самую лепшую дзяўчыну ў свеце, сваё каханне, адно на ўсё жыццё. Справілі вяселле. Тры дні гулялі госці, як было заведзена ў тыя часы. Гучалі шчырыя пажаданні, звінелі песні, музыка, смех, і не было ва ўсім свеце нікога шчаслівейшага за Веру з Іванам. Жылі спачатку ў Верыных бацькоў, там нарадзілася Наталля. З цягам часу пераехала маладая сям’я ў Ваўкавыск. Нарадзілася другая дачка – Людміла. Тут жылі і працавалі да самай пенсіі.  Іван – на мясакамбінаце, а Вера – на чыгуначнай станцыі касірам. Выгадавалі і аддалі замуж дачушак, дачакаліся ўнучанят. Наталля падарыла ўнука Рамана і ўнучку Настачку (тую, што дзеда ў вёску перавабіла). Раман ужо працуе, Наста вучыцца на доктара. У малодшай Людмілы дачушка Кацярынка. Яна таксама ўжо дарослая. Словам, жыццё склалася ў Веры з Іванам. Ніколі яны не пашкадавалі аб той далёкай сустрэчы каля вясковага магазіна. Яны акурат тыя дзве палавінкі, якія злучыў Бог адзін раз і назаўсёды.  Не двор, а казка А зараз давайце зноў вернемся ў Гурчыны на дваццаць гадоў таму, калі на сямейным сходзе вырашана было папрасіць прабачэння ў бацькоўскай хаты і вярнуцца да сваіх каранёў. Іван закатаў рукавы і прыняўся за прыдамавую тэрыторыю. А гаспадынька за хатку ўзялася. Усё вычысціла, выбеліла, вымалевала. І стала хатка сапраўдным церамам для дваіх. За два дзесяцігоддзі тут адбыліся сапраўдныя цуды. Што робіцца ў двары! Вось уявіце сабе, што адкрываеце веснічкі і трапляеце… у казку. У кожным куточку штосьці несамавітае, неверагодна прыгожае і захапляльнае. У маленькім вадаёме, выкапаным рукамі Івана, нават рыбкі плаваюць, а з самай сярэдзіны фантан б’е. Колькі тут розных звяркоў, колькі птушак, кветак! Сапраўднае кветкавае каралеўства!   Адной думкай аб’яднаныя З гаспадаром і гаспадынькай вельмі прыемна размаўляць. Яны такія шчырыя, такія добразычлівыя, што не хочацца пакідаць гэты гасцінны дом. Для Івана і Веры не важна, што ў вёсцы, якая знаходзіцца ў самай глыбінцы, усяго два дамы. Яны аб’яднаны адной думкай – ствараць вакол сябе прыгажосць. Таму, што гэтай прыгажосці патрабуюць іх душы.  Ім добра разам, яны глядзяць адзін на аднаго, як калісьці ў юнацтве. Абое валодаюць пачуццём гумару і ўсё робяць разам. А яшчэ дапамагаюць суседцы Леакадыі Рудомінай. Вера Паўлаўна даглядае бабульку, корміць яе смачнымі абедамі, сняданкамі і вячэрамі. А тое, што рукі гаспадынькі ўмеюць ствараць цуды і каля пліты, я ўпэўнілася сама. Словам, ва ўсім тут адчуваецца гармонія і асалода. І застаецца толькі падзякаваць гэтым цудоўным людзям за іх адкрытыя душы, за неверагодную любоў да прыгажосці, за іх неабыякавасць да жыцця і родных мясцін. Ядвіга Кобрынец