13.07.2026
Сакрэт даўгалецця – любоў да жыцця
Адразу дзве прыемныя падзеі адбыліся ў Нязбодзіцкім сельсавеце. Дзевяноста гадоў з дня нараджэння святкавалі ардэнаносец Людміла Гарошчык з вёскі Каліноўская і былы дырэктар Грынкаўскага Дома культуры Людміла Лукша. З гэтай нагоды для юбіляршаў былі наладжаны сапраўдныя святы. Самыя шчырыя віншаванні ад імя кіраўніцтва раёна прагучалі ад першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алесі Глінковай у адрас Людмілы Іванаўны Гарошчык. У гэтай жанчыны за спіною вельмі шмат гадоў самаадданай працы. Яе заслугі былі высока адзначаны дзяржавай. Людмiла Гарошчык была ўдастоена ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, срэбнага медаля ВДНГ, медаля “Ветэран працы”. Была ў свой час дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Добрыя словы падзякі і пашаны выказалі імянінніцы старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Ніна Трахімік, старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнiкаў АПК Таццяна Барэль, намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “ВМК-АГРА” Дзмітрый Малецкі і старшыня пярвiчнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Аляксандра Забалоцкая. У Грынках такія ж цёплыя віншаванні і шчырыя пажаданні гучалі ў адрас Людмілы Лукшы. Яна шмат гадоў адпрацавала ў галіне культуры. У свой час Грынкаўскі Дом культуры быў вядомы далёка за межамі раёна і вобласці. Дзякуючы Людміле Рыгораўне быў створаны фальклорны калектыў “Спадчына”, якім зараз кіруе дачка Святлана. Свае шчырыя пажаданні выказалі імянінніцы Ніна Трахімік і старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры Надзея Карпюк. У гэты дзень юбіляршы таксама атрымалі вельмі шмат добрых пажаданняў ад родных і блізкіх: дзяцей, унукаў, праўнукаў. Было ўручана шмат падарункаў і кветак, імянінніцы проста на вачах маладзелі і шчыра дзякавалі за такую ўвагу і чуласць. Загадчык філіяла “Грынкаўскі клуб-бібліятэка” Марыя Самалевіч падрыхтавала ў гонар юбіляршаў цікавую святочную праграму, а народны фальклорны калектыў “Спадчына” падарыў свае цудоўныя песні. Ядвіга КОБРЫНЕЦ Фота аўтара