31.08.2026
Свята з водарам свежага хлеба. У КСУП “Ханчыцы-Неман” прайшлі “Дажынкі”
Сёння ў КСУП “Ханчыцы-Нёман” адбылося свята “Дажынкі”. Палі, якія яшчэ ўчора калыхаліся залатым морам, сёння апусцелі, заціхлі гулы камбайнаў і машын, а яскравым фіналам жніва стала гэтае цудоўнае свята.
Па добрай традыцыі ўрачыстасць пачалася з самага кранальнага моманту. Пад бурныя апладысменты кіраўніку гаспадаркі Віктару Жуку ўручылі галоўны сімвал уборачнай кампаніі – пышны, румяны каравай з новага ўраджаю. Ён стаў адчувальным вынікам агульных бяссонных начэй, трывог за надвор’е і бясконцай адданасці сваёй зямлі.
Прынімаючы гэты бясцэнны дар, Віктар Генадзьевіч шчыра падзякаваў ўсім, хто меў дачыненне да жніва, хто ад зары да зары шчыраваў у полі, хто прысвяціў сябе найважнейшай справе на свеце – вырошчванню хлеба.
У кожным каласку, у кожнай жмені і кожнай тоне сабранага зерня схаваны цеплыня чалавечых рук і сонечнае святло. Калі ўдыхаеш водар свежаспечанага хлеба, адчуваеш небачную повязь ад продкаў, якія аддавалі нізкі паклон зямлі да сённяшняга дня, поўнага павагі да простай і сумленнай чалавечай працы.
Адзін за другім падымаліся на імпразаваную сцэну галоўныя героі самай значнай падзеі ў жыцці гаспадаркі. Ганаровымі граматамі за добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю ўзнагароджаны камбайнёры Павел Дзянісік, Павел Лукойка, Яўген Радзікевіч, Аляксандр Дзешка, Ігар Махноў, памочнікі камбайнёраў Яўген Лукашук, Ігар Якімец і Анатоль Столік.
Раўнапраўнымі служыцелямі новага ўраджаю з’яўляюцца і вадзіцелі, якія вывозілі залатое зерне з палёў. А гэта Віктар Карэнка, Аляксандр Нехайчук, Андрэй Куцко, Павел Клімчук.
Сярод перадавікоў жніва механізатары Сяргей Акудовіч, Віктар Мамроўскі, Казімір Лапошка, Яўген Карэнка, Дзмітрый Бабовік, Віктар Яскевіч, Віталь Лапошка, Міхаіл Тараненка.
Ганаровыя граматы атрымалі аператары сушыльных устаноўкаў Валерый Шмыга, Юрый Якавенка, Яўген Клімуць, Ігар Пракопік, Мікалай Шэлест, Віктар Федарчук.
У народзе кажуць, “За добры ўраджай – агранома паважай”. Ён, аграном, нясе вялікую адказнасць за тое, каб урадзіла ніва, каб своечасова было кінута зерне ў зямлю і своечасова быў зжаты першы сноп новага ўраджаю.Ганаровай граматы быў удастоены аграном Кірыл Адашчык.
Немалаважную ролю іграе і інжынерная служба, ад якой залежыць спраўнасць тэхнікі. За добрую работу былі ўшанаваны галоўны інжынер гаспадаркі Ілья Вярбіцкі і загадчык машынным дваром Сяргей Талканіца.
Падзякі за добрасумленную працу атрымалі кладаўшчыкі склада Людміла Пацэнка, Таццяна Даніловіч і Алена Мамроўская. Цёплыя словы прагучалі і ў адрас адміністрацыі. Лічыць намалочаныя тоны, налічваць і выдаваць зарплату – таксама немалаважная праца.
Усе героі жніва акрамя ганаровых грамат і падзяк, атрымалі ў падарунак каравай.
А якое ж свята без песні? Святочны настрой дарылі артысты народнага ансамбля песні і музыкі “Пушчанскія напевы” сектара культуры і вольнага часу аграгарадка Пацуі і салісткі Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Лявіцкая і Паліна Андрушка.
Свята ўдалося на славу, і надвор’е вельмі спрыяла. У сінем небе не было ні воблачка. Сама прырода радавалася разам з хлебаробамі, і сонейка шчодра пасылала свае гарачыя промні.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота Лізаветы ЛАЗАРАВАЙ